27 сьнежня ў Магілёве адбылася сустрэча з беларускімі пісьменьнікамі Уладзімерам Арловым, Лявонам Баршчэўскім, Уладзімерам Коласам і бардам Зьміцерам Бартосікам.На сустрэчу павінен быў даехаць і Андрэй Хадановіч — ягоная адсутнасьць зьлёгку ўсіх расстроіла. Арганізатарам імпрэзы выступіла Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Памяшканьне для калядна-навагодняга спатканьня прадаставіла заўсёды гасьціннае „Кола сяброў”. У першай частцы сустрэчы выступалі Баршчэўскі, Арлоў і Колас. Арлоў зачытаў эсэ і вершы — ён прадэклямаваў і некалькі вершаў адсутнага Хадановіча. Колас шмат расказаў пра ліцэй: чым ён жыве, хто яму дапамагае, як туды паступіць. Колас таксама прэзэнтаваў кніжку пра ліцэй — датычыць яна ня сёньняшніх праблемаў, а пачаткаў, узьнікненьне самай элітнай беларускай сярэдняй навучальнай установы. Бартосік, як нехта адзначыў, шансонавым голасам, прасьпяваў колькі сваіх песьняў. Дзяўчыне, якая побач яго сядзела, асабліва запала ў душу песьня пра цягнік Масква — Парыж ды імгненнае каханьне да незнаёмкі, якую аўтар убачыў у вакне вагону. Дзьве з паловай гадзіны сустрэчы праляцелі хутка — магілёўцы і менскія госьці засталіся задаволеныя. Ян Маўзэр, Радыё Рацыя 19:27 28.12.2006 |