галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Рост беларускамоўнай рэклямы ў Беларусі
Апошнім часам заўважаецца зьяўленьне ўсё большай колькасьці рэклямы па-беларуску як візуальнай, так і тэлевізыйнай. Усё новыя вытворцы пачынаюць рэклямаваць сябе й свае тавары на беларускай мове.

Варта ўзгадаць хаця бы такія фірмы як Pepsi, Sniezka, ці канешне Samsung, які быў піянэрам у гэтай справе. З уласна беларускіх прадпрыемстваў беларускамоўнымі шыльдамі вызначаюцца такія фірмы як Крыніца, Velcom, ды іншыя. Хочацца верыць, што гэта толькі пачатак.

На рынку ідзе павялічэньне заказаў на рэкляму на беларускай мове. На думку спецыялістаў, гэта зьвязана з тым, что рэкламадаўцы зацікаўлены ў пошуку новых магчымасьцяў прыцягнуць да сябе ўвагу. Больш за тое, беларускамоўная рэкляма дапамагае вытворцам знаходзіць інвэстыці, а ў спажыўцоў выклікае пачуцьцё гонару.

На гэтую тэму размаўляем з Алесем Чобутам, ініцыятарам і кіраўніком беларускага ПР парталу «Красавік» (www.april.by)

Як вы ацэньваеце беларускамоўны рэклямны рынак? Калі ён пачаў так хутка разьвівацца? Нагадайма, на пачатку 90-х таксама была рэкляма па-беларуску, але яна была зусім іншага кшталту, чым сёньняшняя беларускамоўная рэкляма, і не выклікала такога інтарэсу.

Алесь Чобут: "На пачатку дзевяностых гадоў былі кампаніі, якія давалі рэкляму на беларускай мове. У прыватнасьці, была такая кампанія Дайнова, яна давала на беларускім тэлебачаньні рэклямныя ролікі, яны былі агучаны на тарашкевіцы нават. Не на наркамаўскай беларускай мове, якая выкарыстоўвалася й выкарыстоўваецца зараз. Асноўны сэнс гэтых ролікаў, калі параўноўваць зь сёньняшняй рэклямай і ПР-прасоўваньнем, быў больш іміджавы. Там паказвалі гістарычныя мясьціны, быў тэкст на беларускай мове, а напрыканцы была назва кампаніі Дайнова. Тыя, хто рабіў гэтую рэкляму казалі, што мы і наша культура непарыўнае цэлае. Апошнім часам усё ізноў пачалося ў 2003 годзе. Першая кампанія, якая пачала даваць рэкляму на шыльдах, на білбордах уздоўж дарогаў, была кампанія Samsung. Яна давала рэкляму мабільных тэлефонаў на беларускай мове. Потым да яе далучылася кампанія Renault, і далей пайшло-паехала. Зараз па нашых падліках 15 замежных кампаній даюць рэкляму па-беларуску. У тым ліку, гэта такія кампаніі як Galina Blanka, Adidas, Indesit, Panasonic. Таксама каля дзесяці буйных рэгіянальных, я хачу гэта падкрэсьліць, беларускія мясцовыя кампаніі даюць рэкляму па-беларуску, у прыватнасьці гэта Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў."

На сёньняшні дзень з чым вы гэта зьвязваеце, як вы тлумачыце такі інтарэс да беларускай мовы ў рэкламадаўцаў? Гэта жаданьне прыцягнуць беларускамоўных спажыўцоў, разуменьне іх як істотнай групы, ці гэта проста, каб выдзяляцца на рынку?

Алесь Чобут: "Канешне, у першую чаргу гэта было зьвязана з тым, каб сябе абазначыць. Неяк сябе выдзяліць на рынку. Напрыклад, Алена Ранцэвіч, каардынатар кампаніі Samsung, вось як казала пра пачатак кампаніі у 2003-2004 годзе: "Беларуская мова вельмі элітарная», -- гэта я вам цытую. “Ёй валодаюць ня ўсе, і тыя хто валодаюць, лічаць гэта за вялікі гонар размаўляць на роднай матчынай мове. Другая прычына, мы хацелі вылучыцца на рынку вонкавай рэклямы, хацелі, каб нас адразу заўважылі, каб павысіўся прэстыж гандлёвай маркі”. Гэта быў такі пачатак. Калі мы праводзілі гэты сэмінар, асноўная яго мэта была вызначыць наколькі беларуская мова з’яўляецца добрым камунікацыйным інструмэнам."

І што атрымалася, якія вынікі вашага сэмінару? Нагадаем сэмінар, пра які ідзе гаворка, гэта практычны сэмінар "Беларускамоўнае прасоўваньне прадуктаў: тэхналёгіі, мэтады, інструмэнты", які адбыўся 24 лютага ў Менску і ладзіўся па ініцыятыве ПР парталу „Красавік”

Алесь Чобут: "На сэмінары ўдзельнічалі дзесяць чалавек і мы праводзілі тэарэтычны й практычны агляд. Група падзялілася на 2 часткі: тыя, хто за выкарыстаньне рускай мовы й тыя, хто за выкарыстаньне беларускай мовы. Падчас дыскусіі, прыхільнікі рускай мовы казалі, што рускамоўная аўдыторыя значна шырэйшая, гэта амаль уся постсавецкая прастора. Яны таксама казалі, што руская мова больш камфортная для ўспрыманьня. Прыводзілі прыклад, што ў Беларусі большасьць дзяржаўных устаноў карыстаюцца рускай мовай і дакумэнтацыя на рускай мове. Таксама казалі, што людзям, якія пастаянна карыстаюцца рускай мовай, некамфортна ўспрымаць беларускамоўную рэкляму.

Прыхільнікі выкарыстаньня беларускай мовы прыводзілі наступныя аргумэнты: кампанія, якая прасоўвае сябе на беларускай мове ўспрымаецца як свая родная. Яна прыцягвае ўвагу да сябе й сваёй прадукцыі меншымі ўкладаньнямі. Таксама па словах прыхільнікаў беларускай мовы, яе лаяльна ўспрымаюць інтэлегенты й інтэлектуалы, якія часта зьяўляюцца лідэрамі думкі. Акрамя таго, ПР і рэкляма на беларускай мове выконваюць сацыяльную функцыю. Апошнім часам у Беларусі даволі папулярныя ідэі сацыяльнай адказнасьці бізнэсу. Вось гэта сацыяльная функцыя добра перамяжоўваецца з сацыяльнай адказнасьцю бізнэса. Гэта ідэа ААН, якую яны ажжыцьцяўляюць у розных краінах сьвету. Тыя кампаніі, якія лічацца сацыяльнымі, яны маюць больш магчымасьцяў атрымаць замежныя інвэстыцыі."

Як Вы ацэнваеце пэрспэктывы далейшага разьвіцьця рынку беларускамоўнай рэклямы?

Алесь Чобут: "Я думаю, што гэта зьява будзе пашырацца й можа нават хуткімі тэмпамі. У першую чаргу таму што, беларуская мова, хучэй за ўсё, пачала прыносіць прыбытак кампаніям. Яшчэ, я думаю што, гэта зьява будзе пашырацца, бо тут ёсьць значны культурны ўплыў. Падчас існаваньня Савецкага Саюза была поўная адданасьць ідэалам, пасьля развалу на постсавецкай прасторы назіраўся пэўны эгацэнтрызм, так бы мовіць, мая хата з краю, а цяпер людзям цікава стратэгія разьвіцьця краіны, яны хочуць жыць і працаваць на будучыню, таму яны зьвяртаюцца да такой культурнай традыцыі."


Яшчэ беларуская мова прывабная тым, што на ёй вельмі лёгка дайсьці да спажыўца, паразумецца зь ім, бо ўзьдзейнічае на падсьвядомае, на ўзроўні гістарычнай памяці. Да таго ж сёньня, беларуская мова не асацыюецца з беднасьцю і ніжэйшым сацыяльным статусам вяскоўцаў, як гэта было ў савецкія часы, калі пасьля вайны яны былі вымушаны пераязджаць у гарады ў пошуках лепшага жыцьця й адмаўляліся пад грамадзкім ціскам ад роднай мовы на карысьць рускай. Гэтаксама беларушчына (прынамсі ў бізнэсоўцаў) ня мае больш негатыўнай палітычнай афарбоўкі, а ўспрымаецца пазытыўна – як элітарная мова. Спадзяваньні беларускай інтэлігенцыі на пачатку 1990-х гадоў, што беларускую мову можа выратаваць толькі дзяржава ня спраўдзіліся. Дзяржава ў Беларусі наадварот ўсе гэтыя гады адварочвалася ад беларускай мовы. Само грамадзтва захавала й разьвівала мову, а зараз да яе наварочваецца рынак. Напэўна ўтапічна было спадзявацца на роўнасьць беларускай мовы з расейскай у бліжэйшыя гады ў Беларусі, але можна сказаць, што беларуская – паволі заваёўвае свае сталае месца ў публічнай сфэры.

Польскае радыё

20:21 1.03.2007
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы