Трагедыя на Дубравенцы. 1942 годПершапачаткова вал вады з ільдзінамі дасягаў 15 метраў. Ён змятаў усё на сваім шляху, а над горадам стаяў страшэнны вэрхал. Каламутны струмень запаланіў усю пойму Дубравенкі. Людзей, стрэхі хат, сцены, дрэвы і мэблю несла плыняй у Дняпро. Каля берагоў людзям кідалі вяроўкі, іншай мажлівасці ім дапамагчы не было. Праз 20 хвілін усё сціхла.
Успамінае Е.В.Кавалькоў, сведка тых падзей: “Тапельцаў збіралі па берагах Дняпра і на лузе, іх дастаўлялі ў гандлёвы павільён на Быхаўскім кірмашы. Тут былі мужчыны, жанчыны, немаўляты ў пялюшках. Даліна Дубравенкі змяніла свой выгляд: скразная пустэльня сярод высокіх берагоў і глыбы блакітнага лёду”.
Існуе нямала версій наконт узнікнення паводкі. Але архіўныя матэрыялы дазваляюць стварыць карціну драматычнага здарэння.
Пад чыгункай Быхаўскага напрамку рачулка Дубравенка была закаваная ў жалезабетонную трубу. Пры адыходзе з Магілёва яе падарвалі чырвонаармейцы. І як вынік з’явілася імправізаваная запруда і вялікая сажалка. Узнікла пагроза сур’ёзнага павадку. Але акупацыйныя ўлады зацягнулі перамовы наконт правядзення работ. Да вясны 42-га году сажалка ператварылася ўжо ў вялікае возера, якое пастаянна пагражала прарваць запруду.
Першым шквалам вады змыла падрыўнікоў, якія былі на насыпу чыгуначнага шляху. Цунамі зрэзала два каменныя масткі праз Дубравенку, разбурыла сетку выдаправоду, знесла жылыя памяшканні з усёй Дуравенскай вуліцы і затапіла лазню з людзьмі. Яна знішчыла увесь Быхаўскі кірмаш разам з гандлярамі, пакупнікамі й прылаўкамі. Горад застаўся без электрычнасці і вады, спыніўся чыгуначны рух у заходнім кірунку.
У.І Данілаў жыў за паўкіламетры ад Дубравенкі. Ён палічыў, што вада да іх не дойдзе, і памыліўся. Суседка Данілава апынулася зачыненай у хаце, бо напор вады моцна ўтрымліваў дзверы. Бедная кабета высадзіла шыбу са шклом і загаласіла: “Ратуйце!” Яе муж быў побач. Ён ўжо распрануўся, каб нырнуць у ваду і выцягнуць сваю жонку, але мужчыны яго не пусцілі: “Вада ледзяная. Ты нічога не зробіш і сам загінеш.” Усе бачылі, як небарака стаяла, высунуўшыся з вакна, але хутка не вытрымала і ўпала.
Калі вада сышла, улады нават не сталі падлічваць колькасць ахвяр. Але для ўліку матэрыяльных стратаў стварылі спецыяльную камісію. Таму на сёння дакладна вядома лічба парушаных будынкаў – 129. У тым ліку затапленнем была знішчаная старадаўняя сінагога на Віленскай вуліцы. А вось колькасць ахвяраў трагедыі мы ведаем толькі прыблізна: іх было дзесьці каля 2 000 чалавек
Паводле baciukou.livejournal.com