Расказвае сведка, Крупень (Марозава) Антаніна Філіпаўна. |
| "Наша сям’я займала адзін пакой гэтага камунальнага дому" |
Я нарадзілася 13 верасня 1934 г. у Магілёве. Спачатку мы жылі ў раёне ракі Струшня, на вуліцы Дзецкай, д.11. Наша сям’я займала адзін пакой гэтага камунальнага дому, у суседнім пакоі, праз калідорчык, жыла яўрэйская сям’я. У самым пачатку вайны, увосень 41-га, аднойчы ноччу немцы зладзілі аблаву на ўсіх яўрэяў – вялікімі ваеннымі грузавікамі яны перакрылі выхад з вуліцы з боку р. Дубравенка. Большасць яўрэйскіх сямей была пераведзеная ў гета, аднак муж з той яўрэйскай сям’і, што жыла побач з намі, здолеў схавацца на паддашшы. Пэўны час ён так і хаваўся там, але аднойчы дах не вытрымаў яго і абваліўся. Гэты абвал перакрыў уваход у наш пакойчык, па гэтаму наша сям’я вырашыла пераехаць у іншы дом. У той час вялікая частка дамоў уздоўж Дубравенкі, якія раней займалі яўрэі, была пустая. У адзін з такіх дамоў мы перасяліліся. Гэты дом стаяў на самым беразе Дубравенкі пры яе зліцці з Струшняй (зараз тут знаходзіцца дом №39 па вул. Правая Дубравенка).
 |
| Дом №39 па вул. Пр. Дубравенка |
Пасля таго, як яўрэйскія сем’і былі знішчаныя немцамі, хадзіла шмат чутак, што немцы рыхтуюцца прыбраць сляды свайго злачынства. Дарослыя расказвалі, што немцы збіраюцца разбурыць дамбу на Дубравенцы, каб вада змыла ўсю Карабанаўку. Лічылі, што ваду для гэтага яны спецыяльна збіралі за чыгуначным насыпам. Баючыся патопу, людзі, у тым ліку мае маці і цётка, якая жыла разам з намі, штоночы пільнавалі рэчку, бо чакалі, што немцы хутчэй за ўсё здзейсняць патоп ноччу.
 |
| "Калі ўзбеглі на поўгары, азірнуліся і пабачылі, як наш дом ужо плыве" |
Патоп здарыўся недзе ў канцы сакавіка ці ў пачатку красавіка, вясной. Пасля абеду мы, дзеці, калі гулялі на Дубравенцы, заўважылі, што вада ў рэчцы вельмі хутка прыбывае. Я пабегла дамоў, да мамкі, і закрычала ёй “Вада! Вада!”. Маці адразу стала закідваць мяшкі з мукой і крупамі на печку, каб не намоклі, а потым усе разам – з сятрой, з цёткай, мы сталі адкрываць дзверы, каб уцячы з дому. Вада так моцна падперла дзверы, што мы ледзьве іх адчынілі. Потым, ужо па вадзе, якая амаль дасягала калена, мы пабеглі на горку за нашым домам. Калі ўзбеглі на поўгары, азірнуліся і пабачылі, як наш дом ужо плыве, падхоплены плынню, у бок Струшні. Ён праплыў недзе метраў сто і рассыпаўся.
Патоп у гэты час быў ужо вельмі моцны. Па рацэ плылі дамы, дрэвы, людзі. Шмат людзей было голых, бо гэта быў час, калі многія прымалі лазню, і людзей з лазні павымывала. Хтосьці з людзей спрабаваў ратавацца на гэтых дрэвах, хтосьці – вылезці з дому праз вакно, залезці на дах. Часам дрэвы абганялі дамы і збівалі галлём людзей з даху ў ваду. Чамусьці было шмат ледзяных крыг, яны проста разбівалі дамы, забіваючы людзей. Усе крычалі, прасілі дапамогі, але дапамагчы ніхто нікому не мог.
 |
| Былая лазня на беразе Дубравенкі |
На Струшні жыла невялікая сям’я – свёкар, свякруха і іх нявестка. Іх пакой не меў вакон у бок рэчкі, па гэтаму яны прапусцілі пачатак патопу і не змаглі ўжо выбрацца з дому. Мы бачылі, як вада залівае іх дом, як нявестка спрабуе ратавацца праз вакно, крычыць аб дапамозе, але ніхто не мог ім дапамагчы, і яны загінулі ўсе ўтрох.
Вада спадала доўга, 2-3 гадзіны. Людзі адразу кінуліся да рэчкі, але падысці было немагчыма, бо патоп нанёс вельмі шмат глею, ці гліны. Я сама правалілася ў гліну па жывот. Гэты глей падсыхаў доўга, і ў ім яшчэ недзе з год час ад часу знаходзілі трупы. Мы дзецьмі, гуляючыся на рэчцы, таксама часам іх знаходзілі. Бачыш нейкую анучыну ці вяроўку, пацягнеш яе з зямлі, а там рука ці нага. Тады выклікалі паліцэйскіх і яны ўжо займаліся целамі.
Струшня
Антаніна Крупень: "Дапамагчы ніхто нікому не мог"
Сучасны выгляд вул. Левая Дубравенка
Даваенныя дамы ўздоўж Дубравенкі
Пойма Дубравенкі сёньня Гл. таксама:Трагедыя на Дубравенцы