У Магілёве бацькі выступілі з ініцыятывай стварэння ў дзіцячым садку беларускамоўнай групы. Неабходнай умовай для гэтага з’яўляецца наяўнасць не менш чым 10 заяў ад бацькоў з просьбай уключыць іх дзяцей у склад гэтай групы. Група прызначана для наведвання дзяцей ва ўзросце ад двух да чатырох гадоў.Ініцыятыва па стварэнні беларускамоўнай групы належыць Магілёўскай гарадской арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і гарадской арганізацыі Партыі БНФ. "З’явіліся заўзятыя бацькі, якія жадаюць, каб іх дзеці размаўлялі па‑беларуску, — зазначыў у інтэрв’ю БелаПАН член ініцыятыўнай групы бацькоў Зміцер Салаўёў. — На гэты момант у Магілёве не існуе ніводнага беларускамоўнага садка. Мы абышлі ўсе садкі, у тым ліку тыя, дзе раней былі беларускамоўныя групы, але, на жаль, ніводнай групы не засталося. З адным садком мы пайшлі на перамовы. Загадчыца пайшла насустрач і пагадзілася адкрыць на базе свайго садка беларускамоўную групу, бо раней у гэтым садку ўжо існавалі такія групы і ў іх захаваліся беларускія матэрыялы і выхавацелі, якія ведаюць беларускую мову". З.Салаўёў сказаў, што ўжо пачаўся набор у гэтую групу, і некаторыя бацькі ўжо падалі туды заявы. Мясцовае тэлебачанне падтрымала ініцыятыву бацькоў і прапанавала дапамагчы ім ў рэкламнай кампаніі па запрашэнні дзяцей у беларускамоўную групу. "Гарадскія ўлады, — зазначыў З.Салаўёў, — пазітыўна ставяцца да нашай ініцыятывы. Мы былі ўжо ў аблана, і там не выказалі нічога супраць нашага жадання". Калі набярэцца неабходны мінімум з 10 чалавек, група будзе ўкамплектаваная і пачне сваю працу 1 верасня. Акрамя гэтага, мясцовыя актывісты вядуць перамовы з мясцовымі школамі і абласным аддзелам адукацыі аб адкрыцці беларускамоўных класаў, якіх таксама няма ў Магілёве. БелаПАНГл. таксама:Стварэньне беларускамоўнай клясы: новыя падрабязнасьціБеларускамоўная кляса можа адкрыцца ў МагілёвеАдбылася сустрэча з кіраўніком абласной управы адукацыі 16:36 11.07.2007 |