Карэспандэнт сайту “Свабодны Магілёў” сустрэўся з загадчыкам катэдры археалёгіі МДУ імя А. Куляшова, доктарам гістарычных навук Ігарам Марзалюком, каб даведацца зь першых вуснаў аб сытуацыі на Замчышчы. Вось што распавёў спадар Ігар: – Мы вельмі задаволеныя тым, што высілкамі мясцовых археолягаў, маіх студэнтаў, прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці тое месца на Замчышчы, дзе распачалося будаўніцтва праваслаўнага храму-помніку, удалося ўратаваць. Мы ад самага пачатку сумленна папярэджвалі тых, хто не ўзгадніў, як таго патрабуе заканадаўства, будаўнічую працу з археолягамі, аб тым, што за гэтым можа наступіць крымінальная адказнасьць. І вось днямі мы і Гарвыканкам праінфармаваны зь Менску, што Генэральная пракуратура на падставе вывучэньня пэўных дакумэнтаў з Міністэрства культуры (сярод іх ёсьць і складзены намі Акт аб парушэньнях заканадаўства), што па факце падзей на Замчышчы распачатая крымінальная справа.

Але ж галоўнае для нас – не пакараньне, якое напаткае парушальнікаў. Галоўнае – гэта той факт, што барбарскія адносіны да гістарычнага месца – Магілёўскага Замчышча –спыненыя. Цяпер мы будзем мець магчымасьць працягваць дасьледаваньні на гэтым месцы. Хаця ўжо нават зараз мы можам адкрыць ва ўнівэрсытэце адмысловую выставу знаходак з тых рэчаў, якія мы пасьпелі ўратаваць, як на Замчышчы, так і на сьметніку, куды будаўнікі вывезьлі частку культурнага слою. Гэта, акрамя мэталічных рэчаў і керамікі ХІІ-ХVII стагодзьдзяў, таксама й сэнсацыйная знаходка, знойдзеная на Замчышчы, літаральна ў некалькіх мэтрах ад парушанага будаўніцтвам культурнага слоя. Я маю на ўвазе невялікую іконку, якая датуецца, на нашую думку, ХІ стагодзьдзем. Яе больш падрабязнае вывучэньне дазволіць адказаць на шмат пытаньняў беларускай і, у прыватнасьці, зразумела, магілёўскай гісторыі.
Дарэчы, як гэта не падасца дзіўным, насамрэч мушу падкрэсьліць, што Магілёўшчына на сёньня – магчыма, адзін з самых абароненых у археалягічным сэнсе беларускіх рэгіёнаў. Карыстаючыся разуменьнем і падтрымкай з боку ўладаў, мы маем намер працягваць працу па папаўненьні рэгіянальнага рэестру помнікаў гісторыі й культуры. Можа мы таксама даб’емся арганізацыі ў краіне асобнага органа па археалягічным наглядзе, накшталт існуючага ўжо архітэктурнага нагляду. У нашым гарвыканкаме ўведзеная службовая адзінка з адпаведнымі паўнамоцтвамі. Але аднаго чалавека мала, бо працы многа і ў пэўным сэнсе мы ўсё яшчэ знаходзімся ў пачатку яе. Адмысловая кантрольна-наглядальная структура, я упэўнены, ня дасьць ніводнаму будаўніку ступіць ані кроку без узгадненьня зь ёю. І гэта будзе правільна!
Зараз мы працягнем назіраць за падзеямі на Замчышчы. Разам з тым, у гэтыя дні мы распачынаем працы на ўсходзе Магілёўскага раёну – там, дзе захаваліся старажытныя могілкі-курганы. Пакуль рана казаць, якія адкрыцьці нас чакаюць, але ўжо па першасных знаходках відавочна, што раскопкі могільнікаў-курганоў значна ўзбагацяць нашыя веды аб гісторыі й культуры продкаў. Некаторыя зь іх, як нам здаецца, ужо пашкоджаныя так званымі “чорнымі капацелямі”. Вось, дарэчы, яшчэ адна вельмі сур’ёзная праблема. І яна таксама патрабуе як грамадзкага, так і пракурорскага кантролю.
Паводле “Свабодны Магілёў”
Гл. таксама:Алег Трусаў сустрэўся з магілёўцамі (фота)Штодня новыя археалягічныя знаходкі (фота)Раскопкі працягнуцца й у нядзелюДзень чацьвёрты: прыход захоплівае новыя тэрыторыі (фота) Ігар Марзалюк: “З раніцы да вечара мы там сядзім”Дзень трэці: замест культурнага слою – катлаван (фота)Другі дзень руйнуецца культурны слой Замчышча (фота)Магілёўская гісторыя вывозіцца на сьметнішча