З нядаўна падрыхтаванага адукацыйнага Стандарту па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах выключаны курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка". У інтэрв'ю газеце "Звязда" за 12 снежня 2007 г. загадчык кафедры праектавання адукацыйных сістэм Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Анатоль Макараў патлумачыў, што гэта робіцца ў сувязі з пераходам вышэйшай школы на дыферэнцыраваныя тэрміны навучання і гэта патрабуе змяншэння аб'ёму вучэбнага плана. "Неперспектыўнай" дысцыплінай у чыноўнікаў аказалася беларуская мова.
У сучаснай сярэдняй (пераважна рускамоўнай) школе валоданне вучнямі дзяржаўнай беларускай мовай, як правіла, знаходзіцца на невысокім узроўні. Выпускнікі, а таксама студэнты малодшых курсаў ВНУ маюць значныя праблемы, калі ім даводзіцца выказвацца па-беларуску на тэмы сваёй прафесіі. Дзеля частковага выпраўлення гэтай сітуацыі да гэтай пары ў ВНУ Беларусі выкладаецца спецыяльны курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка". Рада ТБМ заяўляе пра сваю рашучую нязгоду са спробай зноў выключыць курс "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" з адукацыйнага Стандарту па сацыяльна-гуманітарных дысцыплінах. Вольнае валоданне беларускай мовай неабходна спецыялістам любой галіны.
З гэтай нагоды ўзгадваюцца словы народнага паэта Якуба Коласа з яго перадсмяротнага ліста ў ЦК КПБ: "Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменні, а з другога – нашы ворагі..." Цалкам падзяляем меркаванне нашага нацыянальнага генія і спадзяёмся, што яно будзе ўлічана і пры зацвярджэнні адукацыйнага Стандарту.
Аднагалосна прынята на пасяджэнні Рады ТБМ 16.12.2007 г. г. Мінск 19:12 31.12.2007 |