галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
Працягваецца набор у беларускамоўную групу дзіцячага садка
Са словаў Зьмітра Салаўёва, аднаго з ініцыятараў стварэньня беларускамоўнай групы на базе дзіцячага садка №81, група разьлічана на дзяцей узростам ад 3 да 5 год і зараз у групе знаходзіцца ўжо чатыры чалавекі.

Садок месьціцца па адрасе: Дняпроўскі бульвар, 58А (за абутковай крамай “Бадэн”, па маршруце аўтобуса №11).

“Для таго каб аддаць сваіх дзяцей у гэтую групу, – распавядае Зьміцер, – неабходна падаць заяўку ў Ленінскі РАНА. Аплата за дзіцячы садок стандартная – 29 000 рублёў на месяц”.

“У Магілёве зараз назіраецца бэбі-бум, – гаворыць рэдактар газэты “НАШ Магілёў” Андрэй Воўкаў, – У мінулым годзе ў Магілёве нарадзіўся 370-тысячны жыхар і горад упершыню за апошнія гады выйшаў на перавышэньне нараджальнасьці над сьмяротнасьцю. У сувязі з гэтым ў горадзе не хапае дзіцячых садкоў. Як толькі нараджаецца дзіця, бацькі на працягу тыдня становяцца ў чаргу на атрыманьне месца ў садку. Утвораная беларускамоўная група – гэта шанец без перашкодаў атрымаць месца ў групе. Тым больш, што дзеці будуць надзелены большай увагай выхавацеляў, у сувязі з тым, што група пакуль нешматлікая”.

Нагадаем, што беларускамоўная група пачала дзейнічаць зь 1 верасьня 2007 года па ініцыятыве бацькоў, якія пажадалі каб іхныя дзеці выхоўваліся ў атачэньні беларушчыны й беларускай мовы. Да гэтага моманту ў горадзе не было ніводнага беларускамоўнага садка.

Больш падрабязную інфармацыю аб беларускамоўнай групе можна атрымаць па тэлефоне:

+37529 691 59 63 (Зьміцер Салаўёў)

"Наш Магілёў"


Гл. таксама:

У дзіцячым садку зьявілася беларускамоўная група (фота)

23:25 29.01.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы