“pARTisan” у Магілёве. Разам з Акудовічам (фота, відэа)
У першы дзень апошняга месяца зімы Магілёўская гарадская суполка ТБМ зладзіла сустрэчу са знакамітым беларускім мысьляром Валянцінам Акудовічам і рэдактарамі часопіса “pARTisan” Максімам Жбанковым і Артурам Клінавым.
Вечарына распачалася выступам Артура Клінава, які прэзентаваў альманах беларускае культуры “pARTisan”, акрэсліўшы яго канцэпцыю як “прадстаўляць сферы беларускай культуры, што знаходзяцца на вастрыі інтэлектуальнага пошуку”. Па яго словах, “pARTisan” – своеасаблівая інтэлектуальная лабараторыя, спроба першапачатковага акрэслення новай беларускай мастацкай культуры.
Максім Жбанкоў падкрэсліў, што “pARTisan” з’яўляецца “формулай самадастатковага мастацкага пошуку ў межах нашай парадаксальнай нацыянальнай сітуацыі – канфліту розных сістэмаў каштоўнасцей”, што часопіс існуе, каб “пераканаць нас больш не быць партызанамі, захаваць наш нацыянальны гонар і годнасць”. У планах выдаўцоў – зрабіць часопіс квартальнікам, кожны нумар плануецца і надалей рабіць тэматычным, акрэсліваючы такім чынам своеасаблівае праблемнае поле.
Далей з актыўным удзелам прысутных, якіх было больш за 50, распачалася досыць цікавая дыскусія пра сучасную беларускую культуру, віды і формы яе існавання. Неабходна адзначыць, што часта ў ролі апошняй інстанцыі выступаў Валянцін Акудовіч, які здзіўляў прысутных трапнымі фармулёўкамі, лагічнасцю аргументацыі тэзісаў і проста эмацыйнасцю, непасрэднасцю і неперадузятасцю. Напрыканцы В. Акудовіч распавёў, што яго як мысляра найбольш цікавіць “метафізіка адсутнасці – што знаходзіцца там, дзе мяне няма.” Увогуле ж, па яго словах, “мысліць па-сапраўднаму – вельмі страшна, а мысленне – гэта нешта большае, чым уласна філасофія”.
Акрамя нумароў часопіса, ахвотныя маглі набыць кнігі В. Акудовіча “Дыялогі з Богам” і А. Клінава “Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца”, а таксама першы нумар “Газэты Магілёўскага ТБМ”. Напрыканцы сустрэчы старшыня Магілёўскага ТБМ ад імя ўсіх прысутных падзякаваў гасцям сустрэчы і прэзентаваў ім адмысловыя календары.
Юрась Каласоўскі
Максім Жбанкоў, Артур Клінаў, Валянцін Акудовіч
Артур Клінаў
Часопіс “pARTisan”
Відэа:
Максім Жбанкоў: “Мы самі ёсьць сучасная беларуская культура”