Паважаныя беларусы! 21 лютага ва ўсім свеце на розных узроўнях адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны па рашэнні ЮНЕСКА. Нягледзячы на паважны ўзрост і значныя высокамастацкія творы, наша родная беларуская мова сёння знаходзіцца ў складаных умовах. Таму ініцыятыва міжнароднай грамадскасці адзначаць гэты дзень для нас надзвычай актуальная і запатрабаваная. Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаецца да ўсіх грамадзян Беларусі: смялей і ахвотней карыстайцеся беларускай мовай у розных жыццёвых сітуацыях! Мы цвёрда перакананы: штодзённае ўжыванне спрадвечнай мовы беларускага народу ўзбагаціць нас духоўна, напоўніць творчым натхненнем і надасць сілы для стварэння выдатных умоў жыцця ў нашай краіне. Разам з беларускай мовай у міжнародную супольнасць! Прынята на пасяджэнні Сакратарыята ТБМ 12 лютага 2008 г.Імпрэза ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы
21 лютага ТБМ ладзіць святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы, заснаванага па ініцыятыве ЮНЕСКА. Мерапрыемства мае адбыцца ў сталічным Палацы мастацтва па вул. Казлова, 3. Падчас імпрэзы плануецца прэзентацыя "Беларуска-ўкраінскага слоўніка", выдадзенага напрыканцы мінулага года ва Украіне, а таксама выступы беларускіх мовазнаўцаў, вядомых пісьменнікаў, перакладчыкаў, спевакоў.
Пачатак імпрэзы прызначаны на 15-ю гадзіну.
Уваход вольны. 11:59 16.02.2008 |