Якой паўстане ратуша 1 чэрвеня сёлета? Новыя падрабязнасьці.У Магілёве працягваецца адбудова гарадзкой ратушы. Па стане на сёньня вышыня яе вежы складае 33 мэтры з 47 заплянаваных. У будынку ратушы тынкуюць сьцены, праводзяць ацяпленьне.
Гадзіньнікі для вежы, аўтар і канструктар якіх – Генадзь Галоўчык, вырабляюць у Магілёве. Як чакаецца, гэта будуць два чорныя цыфэрбляты, кожны 1,5 мэтры ў дыямэтры й вагою 150 кіляграмаў. Адзін з гадзіньнікаў усталююць са звонам, які, магчыма, падорыць горад-пабрацім Тула.
Ратушу ўпрыгожыць сапраўдная чырвоная гліняная дахоўка, яе ўжо набылі ў Нямеччыне. У Беларусі гэткую дахоўку не вырабляюць.
Напрыканцы 18 стагодзьдзя, пасьля таго як Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, кардынальна зьмененая пляніроўка ратушы. Клясыцызм зьмяніў барока. Вежа была перабудаваная, а дах пакрылі бляхаю. Зараз плянуюць аднавіць першасныя рысы помніка архітэктуры.
Паводле праекту, інтэр’ер Магілёўскай ратушы павінен максымальна адпавядаць часам Вялікага Княства Літоўскага. Як распавёў у інтэрвію “2 каналу” старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў, за ўзор узятая ратуша ў Нясьвіжы. “Хочам аднавіць тую абстаноўку, якая была ў 16-17 стагодзьдзях”, – падкрэсьліў кіраўнік Магілёва.
Працягвае намесьнік старшыні гарвыканкаму Ўладзімер Ціток: “Мы не адступім ні на крок ад даўніны. Нават кафля: хацелі ўзяць сьветлы тон, аднак праекціроўшчыкі настойваюць на больш чырвоным колеры для падлогі.”
Адкрыцьцё Магілёўскай ратушы заплянаванае на 1 чэрвеня.
Паводле mycity.by, “2 канал”; ул. інф.“Вежа — атрыбут ратушы, які меў шэраг функцый. Па-першае, гэта назіральная вежа, каб назіраць за пажарамі. Гарады вельмі часта гарэлі, і ў вежы заўжды быў чалавек, які сачыў. Па-другое, ці не набліжаецца да гораду вораг. Па-трэцяе, менавіта ў XVІІ–XVІІІ стст. першы гадзіньнік, які купляў магістрат за вялікія грошы, чапляўся на вежу ратушы. Больш за тое, на ратушы заўжды быў балькон, зь якога паступалі адпаведныя сыгналы, як, прыкладам, на Магілёўскай ратушы ў XVІІІ ст. у пэўныя сьвяточныя дні трубілі ў трубы, білі ў бубны — зьбіралі людзей на народны фэст, які таксама быў на плошчы вакол ратушы”.
Гл. таксама:Аднаўленьне Ратушы: стан на 1 лютага (фота)Фатаздымкі Ратушы: звонку й унутры