Напярэдадні 90-ых угодкаў абвяшчэньня БНР адбудзецца вялікая беларуская дыктоўка для ўсіх прыхільнікаў беларускай мовы. Узяць удзел у дыктоўцы змогуць усе жадаючыя, незалежна ад іх грамадзянства й месца знаходжаньня.Традыцыя правядзеньня агульнанацыянальных дыктовак існуе ў суседніх зь Беларусьсю краінах - Польшчы й Летуве цягам апошніх двадцацці гадоў. У Беларусі ініцыятарам правядзеньня агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі выступіў вядомы беларускі палітоляг Уладзімер Падгол. Ягоная ініцыятыва была падтрыманая шматлікімі беларускімі грамадзкімі арганізацыямі, якія стварылі арганізацыйны камітэт па правядзеньні беларускай дыктоўкі.

Ідэю дыктоўкі падтрымалі старшыня менскай гарадзкой аргнаізацыі БНФ Віктар Івашкевіч, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, старшыня Таварыства беларускай мовы Алесь Трусаў, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч, старшыня Пэн-цэнтру Ўладзімер Някляеў і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна. Больш падрабязна пра ініцыятыву беларускай дыктоўкі распавядае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
Алег Трусаў: Уладзімер Падгол зьвярнуўся да кіраўнікоў грамадзкіх арганізацыяў з гэтай ідэяй, быў створаны аргкамітэт і абвешчана 23-га сакавіка дыктоўка, для ўсіх жадаючых – грамадзянаў любых краінаў, якія любяць беларускую мову. Усе будуць мець магчымасьць напісаць дыктоўку. Саюз пісьменьнікаў і Пэн-цэнтар абвесьцілі нацыянальны конкурс на лепшы тэкст дыктоўкі. Потым журы выбярэ тэкст: ён павінен быць невялічкі, патрыятычнага зьместу. 23-га дыктары будуць яго агучваць усім жадаючым. Дзеля гэтага мы будзем далучаць усе незалежныя СМІ. Дыктоўка будзе праходзіць з 10 да 18-ай гадзіны. У Менску мы падамо заяўку ва ўсе буйнешыя бібліятэкі, каб нам далі памяшканьні. Калі будуць адмовы, то праводзіць будзем усё роўна – у сядзібе БНФ, ТБМ або іншых арганізацыяў. Апрача гэтага, маючы радыё ці інтэрнэт, кожны чалавек такую дыктоўку зможа напісаць дзе заўгодна. Дзеля праверкі дыктовак прадугледжаны 2 варыянты: першы – будзе група для праверкі дыктовак тых, хто хоча, каб яго афіцыйна праверылі. Сярод гэтых асобаў будзе праведзены конкурс. Той, хто лепш напіша, атрымае ад нас кніжкі, дыскі, падпіску на газэты. Той, хто ня хоча, ці ня можа, няхай сам сябе праверыць. 25-га будзе надрукаваны тэкст дыктоўкі й выстаўлены ў інтэрнэце, каб кожны змог сам сябе праверыць.
Дыктоўка прымеркаваная да 90-ых угодкаў БНР. Мы спадзяемся, што гэта стане штогадовай традыцыяй напярэдадні сьвята БНР.
Папярэднюю згоду ўзяць удзел у беларускай дыктоўцы далі замежныя дыпляматы, якія працуюць у Менску. Паводле мовазнаўцы й перакладчыка Лявона Баршчэўскага, гэта вельмі пазытыўная ініцыятыва, якая можа спрычыніцца да росту аўтарытэтнасьці беларускай мовы.
Лявон Баршчэўскі: Безумоўна, я падтрымліваю гэтую ініцыятыву. Думаю, што яна можа дадаць новыя грані да сьвяткаваньня ўгодкаў БНР. Калі ўдасца рэалізаваць гэтую дыктоўку ў той меры, як мы плянуем – тут маю на ўвазе, што замежныя дыпляматы, якія працуюць у Менску, далі папярэднюю згоду напісаць дыктоўку па-беларуску – то гэта, канешне, павінна павысіць аўтарытэт мовы.
Ініцыятар дыктоўкі Ўладзімер Падгол заклікае ўсіх, каму неабыякавы лёс беларускай мовы, далучыцца да пісаньня дыктоўкі. Таксама ён заклікае ўсіх удзельнікаў рабіць фатаздымкі й дасылаць арганізатарам, якія плянуюць зрабіць фотавыставу, прысьвечаную беларускай дыктоўцы.
Уладзімір Падгол: Я прашу ўсіх, хто будзе пісаць дыктоўку, абавязкова рабіце фотаздымкі. Папрасіце сваіх сяброў ці знаёмых. Мы плянуем зрабіць фотавыставу, прысьвечаную дыктоўцы. Потым гэтая выстава будзе паказвацца на ўроках грамадзкай беларускай школы, на сустрэчах зь пісьменьнікамі ў розных куточках Беларусі. Па-другое, мы плянуем гэтую выставу паказаць у замежжы, дзе ёсьць суполкі беларускай грамады, і ўрэшце паказаць яе ў Эўрапарляманце й ААН, якая вырашыла аб’явіць гэты год – Годам матчынай мовы. Вось такі мой заклік да ўсіх, хто хоча, каб беларуская мова была няўміручай, каб яе ведалі, шанавалі: прыходзьце, пішыце й рабіце фотаздымкі, дасылайце нам.
Беларуская рэдакцыя Польскага радыё далучаецца да гэтага закліку: запрашаем усіх жадаючых браць удзел у беларускай дыктоўцы, якая, дарэчы, будзе гучаць 23-га сакавіка на хвалях нашага радыё.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч, www.radyjo.net