галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
На вежы адноўленай Ратушы будзе бiць гадзiннiк
Генадзь Галоўчык — дазорац гарадскiх гадзiннiкаў у Магiлёве. Гэту грамадскую пасаду майстар атрымаў яшчэ ў 1991 годзе ад кiраўнiцтва абласнога цэнтра: пасля таго, як адрамантаваў гадзiннiк на Тэатральнай плошчы, якi да гэтага стаяў гадоў 25.

На вежы адноўленай Ратушы будзе бiць гадзiннiк — А цяпер надышоў час Ратушы, — паведамiў Генадзь. — Яе вырашылi аднавiць яшчэ ў 1992 годзе, але няўдала. А зараз на новым падмурку так хутка расце будынiна з чырвонай цэглы, што магiлёўцы здзiўляюцца. Гэта проста цудоўна: iдэю аднаўлення гарадскога сiмвала я вiтаю ўсёй душой. І на Ратушы будзе гадзiннiк, якi я цяпер вырабляю.

Дазорац гарадскiх гадзiннiкаў — гэта, лiчы, хобi майстра. Галоўчыка, iнжынера па адукацыi i галоўнага канструктара аднаго з гарадскiх прадпрыемстваў, з Магiлёвам, якi стаў яго другой радзiмай, звязалi менавiта гадзiннiкi. Новы гадзiннiк на гарадской Ратушы, якая аднаўляецца, гарадское кiраўнiцтва сiмвалiчна даручыла свайму, мясцоваму майстру.

Гадзiннiк, якi ўпрыгожыць вежу, будзе складаным. Бой задуманы звонавым: праз некаторы прамежак часу ён будзе гучаць кожныя 15 хвiлiн альбо раз на 12 гадзiн — яшчэ не вырашана. Верагодна (каб не перашкаджаць людзям адпачываць, бо побач месцяцца жылыя дамы), бой будзе адключацца ўначы.

Лiчбы будуць рымскiмi, як на маскоўскiх курантах; залатога колеру, але не з сапраўднага золата.

Хвiлiнная стрэлка — больш за метр. Дыяметр цыферблата — паўтара метра. Як гаворыць Генадзь, у прынцыпе, гадзiннiк невялiкi, каб не падаўляць будынак i задумку архiтэктара.

Генадзь пачаў рабiць гадзiннiк яшчэ напрыканцы мiнулага года, а завяршыць працу плануе да сярэдзiны мая. На яго працоўным стале на прадпрыемстве "Чырвоны металiст", дзе для натхнення вiсяць выявы старой Ратушы, можна пабачыць яшчэ толькi асобныя дэталi будучага гадзiннiка. Але каб не сурочыць, шасцернi абсалютна нiкому не паказваюць — пакуль не будзе гатовы ўвесь гадзiннiк.

— Я працую штодня, i ў працэс зацягнуты поўнасцю, мне гэта падабаецца, — прызнаецца майстар. — Хочацца зрабiць арыгiнальны гадзiннiк. Вядома ж, ёсць шмат праблем i пытанняў. Але прадпрыемствы аказваюць спонсарскую дапамогу, за што iм вялiкi дзякуй. Так што ўсiм горадам робiм гадзiннiк!

Мяркуецца, што галоўны гарадскi гадзiннiк будзе каштаваць прыблiзна паўсотнi тысяч долараў: добры механiчны гадзiннiк цэнiцца i каштуе прыстойных грошай. I працаваць ён можа стагоддзямi.

Гадзiннiк на гарадской Ратушы давядзецца, як любы механiчны, заводзiць. Хутчэй за ўсё, раз на 10 дзён. Гэта будзе рабiць Генадзь, як дазорац гарадскiх гадзiннiкаў.

Ён абяцае, што ў галоўным магiлёўскiм гадзiннiку будзе свая адметнасць, якая ўмоўна называецца "мелодыя металу". Але што гэта такое — сакрэт, i даведацца пра яго можна будзе пасля мантажу.

Але ўжо цяпер дакладна вядома, што на гадзiннiку будзе адзiн дыск, дзе будуць выгравiраваны прозвiшчы ўсiх людзей, якiя тым цi iншым чынам бралi ўдзел у яго вырабе. Iх будзе больш за 150: ад дырэктараў заводаў да шараговых токараў i зваршчыкаў. I можа, яшчэ якое добрае слова для нашчадкаў ад майстра на рубяжы ХХ i ХХI стагоддзяў.

— У любым еўрапейскiм горадзе, нават невялiкiм, ёсць галоўны гадзiннiк, — падводзiць рысу пад размовай на будоўлi Ратушы Генадзь Галоўчык. — Гэта традыцыя. Гавораць, што гадзiннiкi — гэта архiтэктурны лiшак, але прыгожы i патрэбны людзям. Не столькi для таго, каб даведацца колькi часу, а для ўпрыгажэння горада б’е гадзiннiк на вежы!

Мiж тым будоўля Ратушы iдзе паводле плана, паведамляюць у Магiлёўскiм гарвыканкаме.

— На гэтым тыднi альбо на наступным завершым кладку вежы, — сказаў намеснiк старшынi гарвыканкама Уладзiмiр Цiток. — На першым паверсе Ратушы завяршылi тынкоўку, наладжваем сiстэму ацяплення. Закрыем дахоўку да 10 сакавiка. А там стане цяплей, i будоўля пойдзе шпарчэй. У нас тут занятыя маладыя будаўнiкi, яны працуюць з iнтарэсам i задавальненнем, падганяць не трэба. Моладзi хочацца зрабiць свой уклад у гiсторыю i развiццё Магiлёва.

На будаўнiчым кране, якi працуе на пляцоўцы, вялiзны плакат: "Будаўнiцтва гарадской Ратушы. Пачатак — жнiвень 2007 года, заканчэнне — лiпень 2008 года". Нiхто i не сумняваецца, што Ратушу ўрачыста адкрыюць на летняе свята горада.

Хутка прыйдзе час веснавых суботнiкаў. Будаўнiкi шчыра прызнаюцца, што працоўных рук у iх хапае — на будоўлi працуюць у дзве змены 6 дзён на тыдзень, а вось грошы, заробленыя на суботнiку, не перашкодзiлi б.

Дарэчы, у Магiлёве быў адкрыты спецыяльны рахунак для збору дабрачынных узносаў i ахвяраванняў на будаўнiцтва Ратушы. Калi шчыра, магiлёўцы актыўнасцi тут не выявiлi.

Дырэктар музея гiсторыi Магiлёва Алег Яшмеццеў паведамiў, што калектыў музея сабраў каля 200 тысяч рублёў: iх пералiчаць на рахунак гэтымi днямi. Заробкi ў музейных супрацоўнiкаў не самыя вялiкiя ў горадзе, але яны вырашылi: "Калi не мы, работнiкi сферы культуры, то хто ж будзе наперадзе добрай справы?" Тым больш што частку адноўленай Ратушы зойме якраз экспазiцыя музея гiсторыi Магiлёва.

"Адродзiм Ратушу разам!" — заклiкаюць магiлёўцаў. Гэта сiмвал гарадскога самакiравання — першую драўляную ратушу ў Магiлёве пабудавалi пасля таго, як у 1577 годзе горад атрымаў магдэбургскае права. Узведзеная пазней каменная Магiлёўская ратуша была лепшым творам грамадзянскай архiтэктуры Беларусi XVII стагоддзя.

Ратуша трывала прастаяла амаль тры стагоддзi, каб на золку лiпеньскага дня 1957 года яе ўзарвалi, а вежу павалiлi з дапамогай тросаў i трактароў. Гэта было вялiкай нечаканасцю для магiлёўцаў, i прычыны такога рашэння i дасюль не вельмi зразумелыя...

Летась Магiлёўскi гарвыканкам вырашыў аднавiць страчанае. Цяпер Магiлёў адраджае свой сiмвал — гарадскую Ратушу, дзе на вежы будзе адмяраць гарадскi час галоўны гадзiннiк.

Iлона Iванова, "Звязда"


Гл. таксама:

Нямецкая дахоўка для Магілёўскай ратушы

Аднаўленьне Ратушы: стан на 1 лютага (фота)

Фатаздымкі Ратушы: звонку й унутры

00:34 23.02.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы