галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Леанід Маракоў у Магілёве (фота)
Леанід Маракоў у Магілёве (фота) У нядзелю, 16 сакавіка, у Магілёве адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам, гісторыкам і журналістам Леанідам Мараковым. Удзел у вечарыне прынялі каля 50 магілёўцаў.

У межах сустрэчы адбылася прэзентацыя кнігі “Ахвяры і карнікі”, унікальнага выдання пра генацыд беларускага народа ў 1937-39 гг. У першым раздзеле кнігі прыведзены біяграфіі дзеячаў беларускай культуры і грамадства, расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937г. У наступным разделе змешчаныя імёны каля 6 тысяч расстраляных у Мінскай унутранай турме НКВД у перыяд т. зв. крывавага тунэлю смерці (жнівень 1937 – лістапад 1938), калі адбылося сапраўднае вынішчэнне, генацыд інтэлектуальнага патэнцыялу беларускай нацыі. У трэцім раздзеле - “Яны вынішчалі нашых продкаў” – прадстаўлены звесткі пра тых, якія ўчынілі гэтае страшнае злачынства.

Сам Леанід Маракоў – пляменнік вядомага беларускага паэта Валерыя Маракова, расстралянага ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. Гэтая ноч сталася ці не самай жахлівай для беларускага народа: на працягу некалькіх гадзін былі знішчаныя каля ста дзеячаў беларускага грамадства і культуры. Загінулі лепшыя сыны беларускага народа, загінулі толькі таму, што яны былі лепшымі – найбольш адукаванымі, творцамі, мыслярамі… Мэтай жа сталінскага генацыду было ператварэнне нацыі ў статак рабоў, бясплатную рабочую сілу. Наступствы жахлівых падзей другой паловы 1930-х гадоў не пераадоленыя і цяпер. І сёння, па словах Л. Маракова, беларуская нацыя даволі разрозненая, няздатная пакуль перамагчы боязь, “ісці пад танкі”…І ўсё ж пісьменнік не губляе аптымізму: “Гістарычная памяць будзе вернутая, прагрэс гісторыі нельга спыніць.

Капіталізм для мяне – сінонім свабоды. Сапраўдная рэабілітацыя ахвяраў – стварэнне мемарыялаў, выплата грашовых кампенсацый – абавязкова адбудзецца, а генетычны страх – пераможаны. Рана ці позна мы будзем разам з усім цывілізаваным светам”.

“Дванаццаць гадоў працы састарылі мяне гадоў на 30, - зазначыў Л. Маракоў. – Гэта надзвычай цяжка – падымаць такі пласт гісторыі”.

Напрыканцы сустрэчы яе ўдзельнікі маглі набыць кнігі Л. Маракова з аўтографам аўтара. Акрамя таго, старшыня гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў ад імя ўсіх прысутных падзякаваў пісьменніку за сустрэчу і прэзентаваў Леаніду Маракову адмысловыя календары і першыя нумары “Газэты Магілёўскага ТБМ”.

Каласоўскі Юрась

Леанід Маракоў у Магілёве (фота)


Леанід Маракоў у Магілёве (фота)


Леанід Маракоў у Магілёве (фота)

07:35 18.03.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы