Дарагія сябры! З 24 красавіка 2008 года ўступае ў моц Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 533, у адпаведнасці з якім памер арэнднай платы для большасці грамадскіх недзяржаўных арганізацый, якія не займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, непамерна павышаецца. Гэты Указ закране і ТБМ. Так, напрыклад, толькі за памяшканне, якое займае ТБМ па вул. Румянцава, 13 у Мінску, трэба будзе плаціць 846,5 еўра у месяц. А яшчэ аплата камунальных паслуг, тэлефона, інтэрнэта і гэтак далей.
Што рабіць у гэтым выпадку? Самае простае – гэта сабраць датэрміновы з'езд, закрыць ТБМ і разбегчыся па хатах, дзе, седзячы на кухнях, можна колькі заўгодна лаяць дзеючую ўладу, якая адным указам знішчае болей за 1000 розных грамадскіх арганізацый. Але я прапаную іншы шлях.
Першае. Кожны месяц збіраць 5 млн. рублёў, каб утрымаць сядзібу ў Менску і іншых месцах. Зараз у нас налічваецца болей за 5000 актыўных сяброў. Трэба, каб кожны з іх плаціў у якасці складак ці ахвяраванняў 1000 рублёў у месяц. Галоўнае, каб кіраўнікі суполак збіралі грошы рэгулярна і своечасова пераводзілі іх на рахунак ТБМ: № 3015212330014 у Гардырэкцыі ААТ Белінвестбанка, код 764. Імёны асобаў, якія ахвяруюць адразу 5000 рублёў ці болей, будуць друкавацца ў нашай газеце.
Другое. Збіраць подпісы грамадзян Беларусі да адпаведных уладных структур з просьбаю захаваць для ТБМ былыя памеры арэнднай платы. Гэтыя структуры нам вядомыя, і адпаведныя бланкі зваротаў будуць надрукаваныя ў "Нашым слове" і змешчаныя на сайце ТБМ. Бланкі таксама можна атрымаць у сядзібе ТБМ па адрасе Румянцава, 13. Калі мы збяром 40 – 50 тысяч подпісаў, то вынік можа быць станоўчым, пагатоў што такія прэцэдэнты ўжо не раз былі. Галоўнае – пратрымацца да чарговага з'езда, які запланаваны на кастрычнік.
Дык давайце зноў аб'яднаем свае высілкі і пакажам здольнасць да стваральнай працы. Жыве неўміручая беларуская мова і жыве Беларусь!
З павагай і надзеяй на Вас, Старшыня ТБМ, Алег Трусаў 18:22 18.03.2008 |