Рада грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» падтрымала ідэю правядзення ва ўсім свеце агульнанацыянальнай дыктоўкі у гонар 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі і заклікала ўзяць удзел у гэтай акцыі ўсіх, каму дарагія ідэалы вольнай Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў адозве кіраўніцтва ТБМ з нагоды 90-х угодкаў БНР, паведамляе БелаПАН.Удзел у дыктоўцы «паспрыяе замацаванню у грамадскай свядомасці і даты 25 сакавіка, і значэння роднай мовы», зазначаецца ў адозве. «Незалежнасць нашай краіны ўпершыню была агалошаная на ўвесь свет 25 сакавіка 1918 года. Дзевяноста гадоў таму беларусы зрабілі свой палітычны выбар. Беларуская мова стала мовай суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі. На ёй былі напісаныя дзяржаўныя акты, яна стала рабочай мовай урада БНР», — паведамляецца ў дакуменце. Яго аўтары з жалем канстатуюць, што «сёння родная мова — адзін з галоўных чыннікаў дзяржаўнасці — пачувае сябе няўтульна на роднай зямлі незалежнай Беларусі»: «Абмежаваныя ўмовы для яе развіцця і шырокага ўжытку. Беларускую мову ігнаруе цяперашні ўрад, чыноўнікі рознага рангу. Мае месца нават праследаванне яе носьбітаў. Наша родная мова амаль цалкам выцеснена з тэлевізійнага вяшчання, што несумяшчальна з усімі пастулатамі нашага заканадаўства». «Таварыства беларускай мовы цягам свайго існавання адстойвае канстытуцыйнае права дзяржаўнай беларускай мовы быць роўнай сярод іншых моў, каб, урэшце, «заняць свой пачэсны пасад між народамі», — гаворыцца ў адозве. Яе аўтары заклікаюць зрабіць выбар на карысць незалежнасці Рэспублікі Беларусь, шанаваць слаўную айчынную гісторыю і нацыянальны духоўны скарб — родную мову, якая з'яўляецца «шляхам да сябе, да самавызначэння». naviny.byГл. таксама:
23 сакавіка: у Магілёве напішуць агульнанацыянальную дыктоўкуАмбасадары Польшчы, Ізраіля, Балгарыі напісалі дыктоўкуДыпляматы замежных краінаў падтрымалі беларускую мовуВялікая беларуская дыктоўка на 90-годзьдзе БНР 21:09 20.03.2008 |