галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Вера Бурлак і Віктар Жыбуль у Магілёве (фота, відэа)
Гарадская суполка ТБМ 2 мая зладзіла творчую вечарыну, гасцямі якой сталі маладыя беларускія паэты Вера Бурлак і Віктар Жыбуль.

Ва ўступным слове магілёўскі паэт Дзьмітры Дзьмітрыеў зазначыўшы, што В. Бурлак і В. Жыбуль – “выбітнейшыя паэты маладой сучаснай літаратуры”, удзельнікі і пераможцы разнастайных конкурсаў і фэстаў, ласкава прадаставіў слова гасцям вечарыны.

Вера і Віктар, якія прыехалі ў Магілёў з 2,5-гадовым сынам Кастусём, выступілі з чытаннем вершаў з кніг “Калі ў хаце дыверсант”, “Прыкры крык”, “Дыяфрагма” і “Забі ў сабе Сакрата”. Апошнюю з іх кожны з прысутных мог набыць, гэтаксама як і дыск з вершамі аўтараў, пакладзенымі Дз. Дзьмітрыевым на музыку.

Паэты, якія акрэслілі ўласную літаратурную творчасць, як “улапішызм – гэта нешта сярэдняе паміж авангардам і мадэрнізмам”, надзвычай арыгінальна, эмацыйна і разам з тым нязмушана прачыталі шэраг сваіз вершаў, большасць з якіх выклікала шчырае захапленне ў прысутных і шматлікія апладысменты.

Ніжэй прыведзены некалькі з прачытаных вершаў:

У цяжкім змаганьні зь лянотай

перамагло сяброўства.

Здаваў ён кроў,

а я – мачу.

ён дзіка роў,

а я - маўчу.

У мяне растуць гады.

Хутка я сканаю.

Кім зраблюся я тады?

Белым папугаем.

Ёсьць людзі блізкія,

а ёсьць і проста недалёкія,

Але найгорш –

калі два ў адным.

Запусьцілі мы ракету.

Быў Сусьвет - няма

Сусьвету…


Няма сумневу, што кнігі сямейнай пары філёлягаў-улапішыстаў Віктара Жыбуля і Веры Бурлак - для тых, хто нітуе сваё жыццё з паэзіяй. Бо іх вершы можна чытаць, дэкламаваць пад музыку, мармытаць у душы, шаптаць, каб заснуць, і выгукаць, каб прачнуцца… Будзьма спадзявацца, што далейшая творчасць сённяшніх гасцей яшчэ больш узбагаціць ніву беларускай паэзіі!

Юрась Каласоўскі

Вера Бурлак і Віктар Жыбуль у Магілёве (фота, відэа)


Вера Бурлак і Віктар Жыбуль у Магілёве (фота, відэа)







00:25 4.05.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы