галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)
Магілёўская суполка ТБМ у нядзелю, 8 чэрвеня, зладзіла аднадзённую вандроўку-экспедыцыю па ваколіцах Магілёва і Быхава. У часе вандроўкі яе ўдзельнікі наведалі шэраг самых разнастайных помнікаў гісторыі і архітэктуры. Добрай стала традыцыяй тое, што кожны з удзельнікаў вандроўкі атрымаў адмысловы буклет з указаннем маршруту падарожжа і фотаздымкамі запланаваных да наведвання мясцін.

Першы прыпынак быў зроблены каля мемарыяльнай капліцы ў гонар перамогі расейскіх войскаў пад Салтанаўкай у 1812 г. – помніка архітэктуры неакласіцызму.

Дашкаўка. Тут захаваўся будынак палаца Жукоўскіх, парк. За сядзібай, на стромым беразе Дняпра, давялося пабачыць камень з надпісам па-польску “Czujnie”/пільна, чуйна/.

Баркалабава. Царква Казанскай Маці Божай – помнік архітэктуры псеўдарускага стылю пач. 20 ст. Нядаўна перададзена вернікам, дзейнічае, хаця ўсё яшчэ знаходзіцца ў занядбаным стане. Паблізу знаходзіўся славуты праваслаўны манастыр, у якім, магчыма, быў створаны “Баркулабаўскі летапіс”. Сёння на гэтым надзвычай прыгожым месцы на беразе Дняпра ўсталяваны крыж.

Прадмесце Быхава Сапяжынка. Буслы на дубах вакол занядбанага будынку пачатковай габрэйскай школы - хедара. У 1812 г. на гэтым месцы знаходзіўся штаб расейскай арміі пад кіраўніцтвам Багратыёна, пра што сведчыць памятны знак. А вось у час апошняй вайны тут было закатавана 70 габрэяў – распавядае помнік, усталяваны на сродкі брытанскага фонду Лазарусаў, які займаецца ўшанаваннем памяці ахвяр халакосту.

Вёска Мокрае. Адноўленая Успенская царква на месцы храма сяр. 19 ст., які ўжо двойчы згараў. Храм быў адноўлены ў спешцы, таму цяпер тут вядзецца грунтоўная перабудова.

Быхаў. Калісьці – горад-фартэцыя, вядомы сваім непрыступным замкам, абарончымі ўмацаваннямі. На ўскрайку горада – габрэйскія могілкі, за якімі адкрываецца надзвычай прыгожы краявід дняпроўскіх паплавоў. Троіцкая царква – помнік драўлянага дойлідства, дзе сёння захоўваецца цудадзейны абраз Маці Божай Баркалабаўскай. Сінагога – помнік архітэктуры позняга рэнесансу 17 ст. Уваходзіла ў сістэму абарончых умацаванняў. У занядбаным стане, гэтаксама як рэшткі замка.

Лудчыцы. Мемарыял вайсковай славы “Лудчыцкая вышыня”. Велічны Гусляр, які апавядае пра подзвіг савецкіх салдат.

Пераязджаем на левы бок Дняпра. Грудзінаўка. Палацава-паркаваы ансамбль графа Д. Талстога. Трохсотгадовы дуб. Палац - у занядбаным стане.

Будынак паштовай станцыі 19 ст. ля шашы Пецярбург – Адэса. І, нарэшце, рэшткі царквы ў вёсцы Сідаравічы (сяр. 19 ст.). Напэўна, мясцовыя жыхары вельмі здзівіліся, пабачыўшы тут экскурсію.

Нягледзячы на тое, што абсалютная большасць убачаных помнікаў знахаодзіцца, мякка кажучы, у занядбаным стане, напрыканцы падарожжа, відавочна, многа хто самастойна прыйшоў да высновы, выказанай арганізатарам і кіраўніком экспедыцыі, старшынём Магілёўскага ТБМ Алегам Дзьячковым: у нашых родных мясцінаў надзвычай багатая спадчына, і наш абавязак – ведаць і берагчы яе.

Улетку ж Магілёўская суполка ТБМ плануе вандроўкі па Заходняй Беларусі і Палессі. Далучайцеся!

Юрась Каласоўскі

Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)

Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)

Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)

Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)

Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)

Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)

02:01 10.06.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы