У пошуках Беларушчыны на вуліцах роднага горада, або
Чаму мы так жывем? Піша Яўген БалбераўАднойчы, раніцай цёплага летняга дня, вырашыў я прайсціся па сваім родным Магілёве. Ды не проста так, а дзеля знаходжання адказу на шэраг пытанняў, якія без перапынку турбуюць мяне апошнім часам. Пытанне гэта пра нашае нацыянальнае адраджэнне. Ці адродзім мы нашу родную мову, калі ўжо сфармуецца наша нацыя? Пытанні складаныя. Але, як падаецца, пытанне мовы – найбольш лёгкае. Бо з яго і павінна пачынацца Адраджэнне ў самым шырокім сэнсе. Таму я, узяўшы фотаапарат, пайшоў па горадзе, каб дакладна высветліць, колькі ў нас розных надпісаў, шыльдачак, назваў крамаў, кавярняў на роднай мове. Я, канешне ж, ведаў, што колькі ўсяго гэтага ёсць, але ж хацелася дакладна даведацца пра стан гэтай справы.

І вось я выйшаў з дому. У руках – фотакамера, галава – поўная розных думак і пытанняў. Жыву я якраз на паўночнай ускраіне горада, таму вырашаў ісці пехатою на поўдзень па нашай галаоўнай вуліцы з савецкай назвай – Першамайская. Дарэчы, шыльды з назвай вуліцы – рускамоўныя. Дзе-нідзе былі беларускамоўныя, але іх паступова замянілі. Чаму? Іду далей. Тралейбусны прыпынак. Так-так. Вось “Гарэлектратранспарт” – малайцы. Шыльдачкі з маршрутамі – на роднай мове, прыпынкі аб’яўляюць па-беларуску. А апошнім часам з’явіліся яшчэ спецыяльныя налепкі на бартах тралейбусаў – “Маршрут высокай культуры абсугоўвання”. Вось гэта я разумею - культура! Таму і можна было б праехацца на такім тралейбусе. Але ж пасля адмены ільгот асабліва не наездзішся, да таго ж у мяне свой клопат тут, на вуліцы… Іду далей. Дарожныя знакі. Надпісы з іх адсоткаў на 80 – беларускія. Нават указальнікі рускамоўных вуліц – самі беларускамоўныя. Парадокс… А вось чыгуначны вакзал. Гасцей горада сустракае мілы надпіс на фасадзе - “Магілёў”, электроннае табло – таксама беларускамоўнае. Але ж самі маршруты напісаны па-руску. Яшчэ адзін парадокс, якіх, дарэчы, у нашай краіне зашмат.

Патрохі выбіраюся ў цэнтр горада. Аўтобусны прыпынак. Назва, расклады маршрутаў – рускамоўныя. Але ж вунь, на пасохлым дрэве ледзь трымаецца іржавая жасцянка “Палітяхнічны каледж”. І смех і грэх, як кажуць… Хоць і з вялікай колькасцю памылак, але ж быў раней гэты прыпынак беларускамоўным. А зараз – усім проста няма справы ні да гэтага прыпынку, ні да гэтай мовы, ні да тых людзей, якім Богам наканавана жыць на гэтай зямлі і размаўляць на гэтай мове.
Вось так я і прабадзяўся па горадзе да самага вечару, аблазіўшы амаль усё Падняпроўе. І вынік гэтага майго бадзяння вельмі сумны: некалькі крам, кавярняў, аптэк, пара банкаў… Ёсць, канешне ж, кіёскi “Белсаюздрука”, шыльды на розных афіцыйных установах, некалькі кнігарняў. А яшчэ – цэнтральная бібліятэка, дзве цырульні. Але гэтага вельмі мала. Нават розных замежнамоўных назваў у нашым горадзе больш. Сумна і крыўдна…
Чаму так атрымалася, што наш горад амаль нічым не адрозніваецца ад тых жа рускіх гарадоў? Няма, ну проста няма ў Магілёве тых нацыянальных беларускіх адметнасцяў, па якіх адразу было б відаць, што наш горад – беларускі, а мы, магілёўцы, – беларусы. Тое, што зараз захавалася – проста танныя дэкарацыі, якіх у хуткім часе таксама можа не стаць. Бо беларускую мову ўжо амаль цалкам выкінулі з навучальнага працэсу, а родная гісторыя сёння ўжо нікому не патрэбная… Нам проста забараняюць быць беларусамі. Няма ўмоў для нармальнага развіцця нацыі. Відаць, некаму там, наверсе, патрэбна, каб мы ніколі не ўсвядомiлі сябе моцнай сілай – НАЦЫЯЙ. З багатай гісторыяй і перспектыўнай будучыняй. А так – у нас няма мовы, няма гісторыі. Няма самасвядомасці. Намі проста зручна кіраваць, распараджацца нашай працай, нашымі грашыма.І такое становішча, відаць, ніколі не зменіцца.
Шыльда крамы на бульвары Леніна