галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)
Падзеяй №1 у горадзе на Дняпры апошнім часам стала адбудова ратушы. Вакол гэтага ёсць шмат “за” і “супраць”, але ж галоўнае – відавочна: сімвал “града вольнага Магілёва” адноўлены. А гэта сапраўды значны крок на шляху захавання нашай гістарычнай спадчыны, зварот да старажытнай традыцыі гарадскога самакіравання па еўрапейскім узоры.

Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)І цяпер сярод грамадскіх колаў Магілёва паўстала наступнае пытанне: што мы будзем аднаўляць далей? Бо ратуша, як падаецца, павінна стаць першым крокам на шляху магілёўскага Адраджэння на сучасным этапе. А гэты працэс, безумоўна, уключае ў сябе і аднаўленне нашых старажытных помнікаў архітэктуры. З гэтага вынікае, што лепш нам аднавіць хаця б тыя помнікі, падмуркі якіх захаваліся, чым, напрыклад, чарговы раз перакладваць плітку на гарадскіх вуліцах ці будаваць чарговы “супер-гіпер-мега-маркет”. Бо, акрамя спажывецкіх, чыста эканамічных патрэбаў існуюць і духоўныя. Яны, канешне ж, павінны задавальняцца. Бо без звароту да духоўнасці, гісторыі немагчыма належным чынам пабудаваць нармальнае жыццё грамадства. Грамадства, якое будуецца цалкам на матэрыяльна-адміністрацыйных сродках, як і культура, якая штучна насаджваецца ў ім, як паказвае практыка, не вытрымлівае праверкі часам. Таму – толькі ў захаванні ды памнажэнні культурнай ды гістарычнай спадчыны ёсць дзейсны сродак пабудовы здаровага, цывілізаванага еўрапейскага грамадства.

Хочацца выказаць шчырую падзяку гарадскім уладам, якія здзейснілі гэты, безумоўна, подзвіг – аднавілі адзін з сімвалаў старажытнага горада – нашу Ратушу. Вялікі дзякуй таксама ўсім, хто збіраў подпісы ў падтрымку адбудовы, будаўнікам, якія за кароткі тэрмін нанова стварылі архітэктурны шэдэўр. Дзякуй!

Дык з гэтай вось нагоды і ёсць наступная прапанова: адбудаваць шэраг помнікаў архітэктуры, падмуркі якіх дагэтуль захоўваюцца ў Магілёве. З такой ідэяй ужо выступіла Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ. Да Міжнароднага дня музеяў (18 траўня) быў выдадзены святочны буклет “Магілёў можа стаць горадам-музеем”. У ім быў змешчаны план гістарычнага цэнтру Магілёва з фотаздымкамі тых помнікаў архітэктуры, якія былі зруйнаваны ў “гады ліхалецця”, па выразу афіцыйнай прэсы.

Падмуркі некаторых пабудоў захаваліся. Менавіта іх можна аднавіць: касцёл св.Антонія 17 ст., касцёл св.Ксаверыя 1699 – 1725 гг., Свята-Богаяўленскі (брацкі) мужчынскі манастыр 17 ст., Халодную сінагогу 17 ст. Відавочна, што ўсе гэтыя будынкі – культавыя. Але як добра аднавіць 1 касцёл, 1 праваслаўны манастыр і 1 сінагогу. Як доказ славутай беларускай талерантнасці.

Усё гэта рацыянальна і гістарычна правільна, бо зараз у нас будуюцца цэрквы, касцёлы, але ж усё гэта – на пустым месцы. А ёсць жа месцы гістарычныя, па-сапраўднаму намоленыя і правераныя часам. А як жа тады ўпрыгожыцца наш родны горад! Гэта стане самым лепшым помнікам гарадскім уладам, бо яны вернуць Магілёву яго гістарычнае аблічча. Безумоўна, не ўсё так проста, могуць узнікнуць розныя цяжкасці… Дык тады можна аднавіць хаця б нешта адно… Бо аднаўляць трэба!

Яўген Балбераў, Магілёў

Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)
Касцёл св. Антонія

Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)
Касцёл св. Ксаверыя

Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)
Свята-Богаяўленскі манастыр

Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)
Ратуша: гравюра 19 ст. і здымак 2008 г.


Гл. таксама:


Ратушу адчыняць 3 ліпеня (фота)
На шпілі Ратушы ўсталяваны флюгер (фота)
Вежа Ратушы цяпер з купалам і шпілем (фота)
Аднаўленьне Ратушы. Красавік (фота)
Ратуша: будаўнікі атынкоўваюць сьцены, узводзяць дах (фота)
Адбудова Ратушы: пачатак сакавіка (фота)
На вежы адноўленай Ратушы будзе бiць гадзiннiк
Нямецкая дахоўка для Магілёўскай ратушы
Аднаўленьне Ратушы: стан на 1 лютага (фота)
Фатаздымкі Ратушы: звонку й унутры
Працы па адбудове Ратушы ідуць да позьняга вечару (фота)

12:09 21.06.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы