галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
Магілёўская ратуша: учора і сёння (фота)
“Ратуша – гэта як бы гістарычная даведка на тое, што горад быў самавіты і слынны, што ён быў асяродкам грамадскага, палітычнага і культурнага жыцця свае акругі і варты цяпер павагі нашчадкаў… Словам, ратуша надае гораду свой адмысловы, непаўторны сілуэт”.
Ян Скрыган


Магілёўская ратуша: учора і сёння (фота)Сёння Магілёў далучаецца да ліку тых гарадоў, дзе захаваліся ратушы. Цікава, што гэтыя гарады – Віцебск, Шклоў, Чачэрск, Мінск, Нясвіж, Слонім – размешчаны пераважна ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі. Згадаем старонкі гісторыі аднаго з сімвалаў горада на Дняпры.

Мураваная гарадская ратуша, што знаходзілася на Гандлёвай (цяпер Савецкая) плошчы Магілёва, была адным з лепшых помнікаў грамадзянскай архітэктуры Беларусі. Яе пабудавалі ў 1679—1698 гг. мясцовыя майстры Феська і Апанас з удзелам дойлідаў Ігнація, Недасека, Ваські, Андрэя і Грышкі.

У 1698 годзе ўзвялі новы будынак ратушы з васьміграннай вежай. Ратуша, якая мела простыя і строгія формы, стала вертыкальнай дамінантай горада. Яе вышыня разам са шпілем складала 46 м. Вежа завяршалася гранёным купалам са шпілем, мела балкон з металічнымі кратамі, вялікі гадзіннік. Аконныя праёмы з невялікімі круглаватымі шыбамі мелі прыгожыя алавяныя рамы-аканіцы. Галоўны і дваровы ўваходы вылучаліся ганкамі, а сам будынак, накрыты плоскай чырвонай дахоўкай, быў аздоблены пазалочанымі флюгерамі-ветранікамі на франтоне, на дахах ганкаў і на вежавым шпілі. У 1773 г. ратушу капітальна перабудавалі, дах накрылі бляхай. Архітэктура фасадаў стала адпавядаць архітэктуры дамоў губернатара і віцэ-губернатара, узведзеных побач у стылі класіцызму.

Нягледзячы на тое, што ў час вайны ратуша была моцна пашкоджанай, у 1952 годзе было прынята рашэнне аднавіць яе. Рашэннем гарвыканкама ад 11 верасня 1953 года яна была аб’яўлена помнікам архітэктуры, быў вызначаны канчатковы тэрмін рэканструкцыі будынка. Але нечакана для магілёўцаў у адзін ліпеньскі дзень ратушу ўзарвалі, а яе вежу разбурылі з дапамогай тросаў і двух трактароў.

23 траўня 1992 года адбылася сімвалічная закладка 1-га камня на месцы будучай ратушы і яго асвячэнне на ўрачыстым малебне. Аднак рэальна ўзнаўленне ратушы пачалося толькі ў лістападзе 2007 года. Трэба спадзявацца, што адбудова ратушы стане першай у шэрагу крокаў па вяртанні Магілёву яго гістарычнай памяці, яго страчанай спадчыны.

Юрась Каласоўскі

Магілёўская ратуша: учора і сёння (фота)


Гл. таксама:

Ратуша: талака а 17-ай гадзіне
Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)
Ратушу адчыняць 3 ліпеня (фота)
На шпілі Ратушы ўсталяваны флюгер (фота)
Вежа Ратушы цяпер з купалам і шпілем (фота)
Аднаўленьне Ратушы. Красавік (фота)
Ратуша: будаўнікі атынкоўваюць сьцены, узводзяць дах (фота)
Адбудова Ратушы: пачатак сакавіка (фота)
На вежы адноўленай Ратушы будзе бiць гадзiннiк
Нямецкая дахоўка для Магілёўскай ратушы
Аднаўленьне Ратушы: стан на 1 лютага (фота)
Фатаздымкі Ратушы: звонку й унутры
Працы па адбудове Ратушы ідуць да позьняга вечару (фота)

22:59 26.06.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы