З 19 па 23 чэрвеня паміж Бялынічамі і Магілёвам, непадалёку ад вёскі Гута, адбыўся штогадовы Купальскі фэст, які зладзілі ТБМаўцы з Бялынічаў: Алег і Мікола Мяцеліцы, Сяргей Рашчукоў. Геаграфія ўдзельнікаў, колькасць якіх сягала 80-ці чалавек, досыць шырокая: Бялынічы, Магілёў, Горкі і Дрыбін, Барысаў і Мінск.
На свяце было ўсё, але перадусім - агромністае вогнішча, вакол якога вадзілі карагод і спявалі купальскія песні; гайдаліся на арэлях, якія зладзілі на вялічэзным дубе. Ахвотныя нават мелі магчымасць пабываць на экскурсіі ў індзейскім ціпі і праплыць па Друці на каноэ.
Безумоўна, найбольш запамінальнай стала купальская ноч. Гэта і святочны стол з старадаўнім беларускім напоем - крупнікам, які аматары прыгатавалі на вогнішчы. Гэта скокі і гульні, што ладзіліся пад беларускую дуду, на якой па-майстэрску граў Віталь Чавусаў з магілёўскага гурта “landers”. Дадало ўражанняў і вогненнае шоў, зладжанае Зміцерам Труханенкам. І, канешне ж, якое Купалле абыходзіцца без варажбы і дзявочых вянкоў з палявых рамонкаў?
Бясспрэчна, свята пакіне ва ўсіх ўдзельнікаў чароўны ўспамін, бо кожны прысутны надаў Купаллю нешта сваё - цікавае і таямнічае. На некалькі дзён фэст на Друці аб’яднаў у адзіную грамаду зусім розных людзей, як здавалася на першы погляд. Але насамрэч усіх яднала простае ўсведамленне таго, што Беларусь і Беларушчына – гэта не проста прыгожыя словы, а сэнс жыцця.
Алег Дзьячкоў, Магілёў 11:02 28.06.2008 |