“Літва! Мая Айчына!” – менавіта словамі Адама Міцкевіча, ураджэнца Наваградчыны – калыскі Вялікага княства Літоўскага, вырашыла назваць сваю вандроўку па Заходняй Беларусі Магілёўская арганізацыя ТБМ. У падарожжы, якое працягвалася з 3 па 6 ліпеня, прынялі ўдзел больш за 30 чалавек. На працягу чатырох дзён удзельнікі вандроўкі пераадолелі больш за паўтары тысячы кіламетраў, наведаўшы каля 40 населеных пунктаў у 13 раёнах Мінскай, Гродзенскай і Берасцейскай абласцей.
Безумоўна, такая вандроўка, пакінуўшы цэлы калейдаскоп уражанняў і ўспамінаў, стала вялікім крокам у далучэнні да беларушчыны, у спазнанні багацейшай спадчыны роднага краю для ўсіх падарожнікаў.
Ужо традыцыйнай стала падрыхтоўка ўдзельнікамі вандроўкі дакладаў па пэўных мясцінах падарожжа – так кожны атрымаў магчымасць пабываць у ролі экскурсавода. Таксама арганізатарамі паездкі былі распрацаваны адмысловыя буклеты з маршрутам падарожжа і кароткі апісаннем аб’ектаў наведвання.
Сярод мноства памятных мясцін, помнікаў архітэктуры, сустрэч з цікавымі людзьмі цяжка вылучыць штосьці адно. Тым не менш, падаецца магчымым апісаць найбольш адметныя моманты, так бы мовіць, характарыстычныя рысы падарожжа.
Гонар Беларусі
На працягу падарожжа давялося наведаць магілы патрыётаў Беларусі: паэткі-рэвалюцыянеркі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у Старым Двары, мастака і педагога Фердынанда Рушчыца ў Багданаве, паэткі Канстанцыі Буйло і перакладчыка Пятро Бітэля ў Вішнёве, паэткі Ларысы Геніюш у Зэльве. Таксама падарожнікі пабачылі помнікі кіраўнікам паўстання 1863 г. Рамуальду Траўгуту і Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы, паэту і фалькларысту Яну Чачоту ў Карэлічах і, канешне, Адаму Міцкевічу ў Наваградку. Акрамя таго, у старажытнай сталіцы Вялікага княства Літоўскага атрымалася наведаць дом-музей Адама Міцкевіча.
Шэдэўры архітэктуры На працягу вандроўкі магілёўцы пабачылі цэлы шэраг самых разнастайных помнікаў архітэктуры – касцёлаў, цэркваў, сінагог, палацаў, замкаў, сядзібаў… Пры гэтым пераважная большасць з убачанага – і на гэтым рабіўся акцэнт падарожжа – малавядомая. Такім чынам, замест вандроўкі – і гэта таксама было запланавана - атрымалася своеасаблівае падарожжа-экспедыцыя, знаёмства з унікальнымі помнікамі архітэктуры. З убачанага мне ўласна найбольш запомніліся замак у Любчы, палац Сцыпіёнаў у Шчучыне, Пакроўская царква ў вёсцы Турэц на Карэліччыне, мячэць у Іўі, цэрквы ў Сынковічах і Мураванцы… Зрэшты, кожная мясціна – па-свойму непаўторная – дадавала новых уражанняў у палітру агульнага ўяўлення пра старадаўнюю Літву. Адзначу таксама, што было вельмі цікава паслухаць расповеды святароў пра давераны ім культавы будынак. Так, запомніліся, напрыклад, словы ксяндза Людвіка з Гнезна, які на пытанне пра нацыянальнасць адказаў: “Я – беларус, пан сахі і касы…” Хаця з уісх святароў толькі ксёндз з Рэплі размаўляў на беларускай мове…
Падчас вандроўкі давялося сустрэць пілігрымаў, якія накіроўваліся пакланіцца Маці Божай Тракельскай. З гэтай нагоды адмыслова завіталі ў Тракелі, дзе пабачылі абраз Багародзіцы і прыгатаванні да сустрэчы пілігрымаў.
На ніве беларушчыны – Алесь БелакозМаршрутам вандроўкі было прадугледжана наведванне літаратурна-краязнаўчага музея ў Гудзевічах, стваральнікам якога стаў настаўнік беларускай мовы і літаратуры мясцовай школы Алесь Белакоз. Акрамя, безумоўна, цікавай экскурсіі па музеі, наведвання сапраўднай сялянскай хаты, усім запомніўся аповед самога Алеся Белакоза – пра сябе, пра жыццё, пра Беларусь…
Вось частачка пачутага: “Галоўнае ў жыцці – дабро, дабрыня, дабрачыннасць… Інтэлігент – гэта той, хто імкнецца да ведаў, хто імкнецца перадаваць гэтыя веды іншым… Сапраўдны патрыёт – той, хто паважае іншыя народы, імкнецца да ведаў, імкнецца весці здаровы лад жыцця, імкнецца быць матэрыяльна забяспечаным - бо наяўнасць грошай істотна павялічвае магчымасці… Шкада, што сёння дзяржава не цэніць патрыётаў… Увогуле, у жыцці трэба ісці на кампрамісы – часам трэба ахвяраваць малым, каб не згубіць большае…” Шмат Алесь Белакоз распавядаў і пра тое, як ён, хворы на рак чалавек, якога лекары дваццаць год таму прызналі безнадзейным, прыйшоў да здаровага ладу жыцця. У гэтым вясковаму настаўніку дапамагла крэмніевая вада, рэцэптам прыгатавання якой разам з каменьчыкамі крэмнію ён ласкава падзяліўся.
Падобныя сустрэчы, на маю думку, духоўна ўзбагачаюць чалавека, прасвятляюць яго, натхняюць на стваральную, шчырую працу…
Шмат чаго з чатырохдзённай вандроўкі засталося па-за ўвагай у гэтым артыкуле – начоўкі на Нёмане і Свіцязі; дождж, які так і не здолеў сапсаваць настрою; знаёмствы з цікавымі людзьмі; апісанне цэлага шэрагу помнікаў, гарадоў і мястэчак; прыгажосць мясцовых краявідаў… Але ж не гэта было мэтай артыкула – не сухая справаздача з вандроўкі, а эмацыйны нарыс пра надзвычай цікавае падарожжа… Пра вандроўку, якая наблізіла нас да спазнання Беларусі – такой роднай і такой невядомай…
Падарожжа скончылася, і стала неяк сумна, але разам з тым – радасна, бо хутка будуць новыя вандроўкі, а значыць – знаёмства з Беларуссю і далучэнне да беларушчыны працягнецца! У жніўні Магілёўская суполка ТБМ ладзіць трохдзённую вандроўку па Берасцейшчыне – далучайцеся!
Юрась Каласоўскі

На замчышчы ў Геранёнах

У музеі Адама Міцкевіча

Сустрэча з ксяндзом Францішкам у Гнезне

Сустрэча з пілігрымамі ў Тракелі

Царква ў Сынковічах
Гл. таксама:Фотарэпартаж з Купальскага фэстуКупальскі фэст на ДруціЗапрашаем у чарговую вандроўку!Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)Браслаў, Іказнь, Мёры. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 6)Міхалішкі, Відзы, Опса. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)“У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён” (фота)Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй БеларусіГальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2) Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)Вандроўка на паўночны захад Беларусі (маршрут, фота)Суполка на сайце "В контакте"