Да канца 2009 году мяркуецца завяршыць будаўніцтва новага касьцёлу ў Магілёве. Пра гэта паведаміў БелаПАН сьвятар Магілёўскай гарадзкой рыма-каталіцкай суполкі сьвятога Антонія ксёндз Ежы Яжхоўскі.Паводле ягоных словаў, праект храму, які зможа зьмясьціць да 400 чалавек, распрацаваў галоўны архітэктар Магілёўскай вобласьці Сяргей Варанец. Будучы касьцёл сучаснай архітэктуры з рысамі нэаготыкі ўзводзіцца з цэглы і мае ў пляне від крыжа памерам 62 на 45 мэтраў. На перакрыжаваньні будынку будзе знаходзіцца 45-мэтровая вежа, у якой на вышыні 26 мэтраў плянуецца разьмесьціць званіцу.  У двухпавярховых крылах храму будуць разьмешчаныя традыцыйныя памяшканьні касьцёлу, а таксама нядзельная школа й кухня для прыхаджанаў. Да канца гэтага году заплянаванае ўзьвядзеньне фундамэнтаў і сьценаў. Як адзначыў ксёндз Ежы, асьвячэньне пляцоўкі пад храм адбылося 13 чэрвеня – удзень нябеснага заступніка Магілёва сьвятога Антонія, які стаў духоўным апекуном гораду напрыканцы XVI стагодзьдзя. Ягоную цудатворную ікону, што зьнікла ў часы Другой сусьветнай вайны, прынесьлі ў Магілёў манахі-бэрнардынцы ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя. Суполка сьвятога Антонія налічвае каля 120 прыхаджанаў, разьмяшчаецца ў магілёўскім мікрараёне Задняпроўе й зарэгістраваная ў 2000 годзе. Афармленьне дакумэнтаў для будаўніцтва касьцёлу заняло чатыры гады. Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзелу ў справах рэлігіяў Апарату ўпаўнаважанага ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Калінаў, Беларуская рыма-каталіцкая царква мае 450 касьцёлаў і 37 храмаў узводзіць альбо вядзе падрыхтоўчыя працы дзеля іхняга будаўніцтва. Па абласьцях статыстыка існуючых і сьвятыняў, якія будуюцца зараз, выглядае наступным чынам: Берасьцейская – 51 і 1, Віцебская – 76 і 8, Гомельская – 14 і 2, Гарадзенская – 219 і 11, Магілёўская – 11 і 3, Менская – 73 і 9, Менск – 6 і 3. Паводле naviny.by Пачатак будаўніцтва новага касьцёлу на скрыжаваньні пр-ту Шміта й вул. Астроўскага 23:04 16.07.2008 |