У Мсьціславе прадстаўнікі Фарнага касьцёлу не дапушчаныя да арганізацыі фэстывалю сярэднявечнай культуры, заплянаванага на сярэдзіну жніўня. Другі фэстываль сярэднявечнай культуры ў Мсьціславе не адбудзецца ў раней заяўленым фармаце. “Арганізатары мінулага года не дапушчаны да яго падрыхтоўкі, якая раней прадугледжвалася”, – пішуць у заяве, разьмешчанай на сайце www.mscislaw.org.pl, прадстаўнікі мясцовага Фарнага касьцёлу Юлія Галіноўская й ксёндз Караль Тамэцкі. Арганізатары “Мсьціслаўскага фэсту” не знайшлі сёлета паразуменьня з гарадзкімі ўладамі. “Роля нашага фэсту зьведзеная (…) да ўзроўню аднаго сярод шматлікіх гарадзкіх сьвятаў. Арганізацыя ж яшчэ аднаго гарадзкога сьвята несумненна не зьяўляецца выключнай мэтай дзеяньняў гарадзкога (фарнага) касьцёла (…). Таму ня лічым магчымым у гэтым годзе „непасрэдна падтрымліваць” арганізацыю фэсту, на які не ўплываем”. Аўтары заявы таксама зазначаюць, што ў гэтай сытуацыі яны ня могуць гарантаваць удзельнікам і гасьцям належнага ўзроўню фэсту. Разам з тым, заснавальнікі “Мсьціслаўскага фэсту” спадзяюцца ў будучыні вярнуцца ў склад Аргкамітэту фэстывалю сярэднявечнай культуры. Сёлетняе ж мерапрыемства ня можа называцца “Мсьціслаўскім фэстам”, лічаць яны.  Першы “Мсьціслаўскі фэст” адбыўся 17-19 жніўня 2007 году. У праграме былі: рыцарскі турнір, майстар-клясы старадаўняга танцу, выстава-кірмаш, агнявое шоў, ірляндзкая вечарына, тэатралізаваны штурм замку, выступы гуртоў “Джамбібум”, “Келіх кола”, а таксама экскурсіі па горадзе, Іезуіцкім і Кармэліцкім касьцёлах, Пустынскім манастыры. Гл. таксама:Мсціслаўскі фэст 2008 23:44 1.08.2008 |