Магілёўская суполка ТБМ імя Францішка Скарыны 16 жніўня ладзіць аднадзённую вандроўку па маршруце Магілёў – Сухары – Расна – Пустынкі – Мсціслаў – Магілёў. У межах падарожжа запланавана наведванне Успенскай царквы ў в. Сухары, руінаў касцёла св. Казіміра і сядзібы ў в. Расна, Успенскага манастыра ў Пустынках, рыцарскага турніру, канцэрту і вогненнага шоў у Мсціславе. 15-17 жніўня 2008 года Мсціслаў зноў гасцінна запрашае на фестываль сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст. Мсціслаў – 2008”. Мэта фестываля – праз стварэнне атмасферы сярэднявечнага свята спрыяць адраджэнню старадаўніх традыцый і духоўнасці на ўсходняй Беларусі, папулярызацыі зацікаўленасці да рыцарскай культуры, фольк-напрамку ў музыцы, старадаўняга танца, народных раместваў. Упершыню свята сярэднявечнай культуры “Мсціслаўскі фэст” адбылося летась у жніўні. У ім удзельнічалі 16 рыцарскіх клубаў з усёй Беларусі. Таксама ў праграме былі майстар-класы старадаўняга танцу, выстава-кірмаш, агнявое шоў, ірландская вечарына, тэатралізаваны штурм замку, выступы гуртоў “Джамбібум”, “Келіх кола”, а яшчэ экскурсіі па горадзе, Езуіцкім і Кармеліцкім касцёлах ды Пустынскім манастыры. Свята мае мульцікультурную накіраванасць – ахоплівае перыяд Сярэднявечча ва ўсёй разнастайнасці традыцый і культурных напрамкаў. У першы дзень «Мсціслаўскага фэста» адбудзецца навуковы семінар, прысвечаны гістарычнаму мінуламу Мсціслаўшчыны, і канцэрт з удзелам групы “Рада” і тэатра “Крэсіва”. Акрамя рыцарскай часткі, фестываль мае наступныя элементы рэканструкцыі сярэднявечнай культуры: музыка – ад розных апрацовак фольку да музыкі палацаў і замкаў; будуць таксама прадстаўлены старадаўнія танцы, вулічныя фарсы, батлейка, гістарычны тэатр, майстар-класы народных раместваў і выставы. У межах фэсту адбудзецца дзіцячая канцэртна-гульнявая праграма “Мсціслаўляндыя запрашае” і тэатралізаваная пастаноўка легенды “Сказ пра гару “Плачу”. Скончыцца свята 17 жніўня тэатралізаваным штурмам замка і бугуртамі – бойкамі рыцарскіх клубаў. Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі
Гл. таксама:“Мсьціслаўскі фэст” пад пытаньнемІніцыятары “Мсьціслаўскага фэсту” не паразумеліся з уладамі 20:09 6.08.2008 |