галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
Запрашаем на Дзень беларускага пісьменства
Паважаныя сябры! Магілёўская гарадская суполка Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 7 верасня запрашае вас наведаць Барысаў – сёлетнюю сталіцу Дня беларускага пісьменства. Аднадзённая вандроўка пройдзе па маршруце Магілёў – Талачын – Крупкі – Барысаў – Магілёў.

У Талачыне мы пабачым кляштар базыльян і Свята-Пакроўскую царкву 18 ст., у Крупках – сядзібны дом пач. 20 ст.. Таксама мы наведаем помнікі рускім і французскім садлатам вайны 1812 г. каля в. Брылі пад Барысавам.

Але асноўнай мэтай вандроўкі стане наведванне Барысава – горада-сталіцы Дня беларускага пісьменства-2008.

Запрашаем на Дзень беларускага пісьменстваНа плошчы перад Домам культуры разгорнецца Фестываль гарадоў - сталіц свята. Кожны горад будзе прадстаўлены на асобнай пляцоўцы, дзе пройдуць сустрэчы, прэзентацыі, выступяць творчыя калектывы. Цікавым дзеяннем будзе шэсце дэлегацый гарадоў-сталіц і гасцей свята да плошчы каля райвыканкама, дзе будуць размешчаны выставачныя кніжныя павільёны, тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя палаткі, гарадок друкаваных СМІ.

Цырымонія адкрыцця будзе тэатралізаваным дзеяннем з удзелам мастацкіх калектываў, ганаровых гасцей і афіцыйных асоб. Героямі яго будуць Мікалай Гусоўскі, Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі і іншыя гістарычныя асобы. Пасля адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", дзе будуць адзначаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага, песеннага жанру з уручэннем ганаровых знакаў-сімвалаў "Залаты Фаліянт" і "Залаты Купідон".

Таксама ў Дзень беларускага пісьменства адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі А.Калодзіеву - мецэнату, стваральніку першай бібліятэкі ў Барысаве.

У раённай бібліятэцы адкрыецца выстава мастака Валерыя Шкарубы - ураджэнца Барысава. На працягу дня пройдуць канцэрты, выступленні калектываў. На "Свяце дзяцінства" і форуме маладзёжнай прэсы будуць працаваць пляцоўкі дзіцячай і юнацкай кнігі, прэсы, фотавыстаўка, атракцыёны, пройдуць віктарыны, гульні.

Далучайцеся! Даведкі па тэлефонах (029) 388-35-61, (029) 245-64-52 (Алег)

Святкаванне Дня беларускага пісьменства

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 г. № 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь" Дзень беларускага пісьменства штогод адзначаецца ў нашай краіне ў першую нядзелю верасня.

Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах – цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў.

Дзень беларускага пісьменства праходзіў у наступных гарадах Беларусі:

1994 – Полацк
1995 – Тураў
1996 – Навагрудак
1997 – Нясвіж
1998 – Орша
1999 – Пінск
2000 – Заслау'е
2001 – Мсціслаў
2002 – Мір
2003 – Полацк
2004 – Тураў
2005 – Камянец
2006 – Паставы
2007 – Шклоў

У святочных мерапрыемствах прымаюць удзел вышэйшыя афіцыйныя асобы краіны, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, журналісты, прадстаўнікі пасольстваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, замежныя дэлегацыі.

Дзень беларускага пісьменства стаў нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы таксама і па ўсёй рэспубліке. Гэта – тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі.

У ліку важнейшых мерапрыемстваў – цырымонія ўзнагароды пераможцаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". З 2007 года праводзіцца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, заснавальнікамі якога з'яўляюцца ГА "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У рамках Дня беларускага пісьменства Міністэрствам інфармацыі праводзіцца Фестываль кнігі і прэсы, на якім работаюць кніжныя выставачныя павільоны, тэматычныя кніжныя пляцоўкі, экспазіцыі рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных СМІ, тарговыя павільоны і палаткі. У час правядзення Фестывалю госці свята сустракаюцца з беларускімі літаратарамі, супрацоўнікамі выдавецтваў і рэдакцый друкаваных СМІ, праводзяцца прэзентацыі кніг і выдавецтваў, перыядычных выданняў, арганізуюцца выступленні мастацкіх калектываў і беларускіх выканаўцаў.

Састаўной часткай свята з'яўляецца рэспубліканская навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да Святыняў" з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі творчай і навуковай інтэлігенцыі, духавенства. Па благаслаўленню Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарета экспедыцыя праходзіць па гарадах і вёсках некалькіх рэгіёнаў краіны і завяршае свой шлях у сталіцы правядзення свята.

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства штогод Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі праводзіцца навукова-практычная канферэнцыя, у якой прымаюць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Я.Коласа НАН Беларусі, Інстытута літаратуры імя Я.Купалы НАН Беларусі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы НАН Беларусі, Белдзяржуніверсітэта, іншых навуковых устаноў нашай краіны.

Сёлета свята адбудзецца 7 верасня ў Барысаве.

Гасцямі Дня беларускага пісьменства будуць літаратары з Расіі, Украіны, Сербіі.

Усяго прадстаўнікі амаль 30 дзяржаў будуць удзельнічаць у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства, ідэйнай дамінантай якога стане паказ літаратурных традыцый беларусаў, высокай духоўнасці беларускага друкаванага слова, духоўных каранёў народа.

Юбілейны, пятнаццаты Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў год грамадска-культурнай акцыі "Мы - беларусы!". Гэты факт умацоўвае нацыянальны аспект, і асноўная тэма свята - гісторыя Дня беларускага пісьменства, яго перамяшчэнне па гарадах Беларусі - будзе адметнай рысай, адным з асноўных прынцыпаў пры афармленні горада.

Традыцыйна за некалькі дзён да пачатку свята ў Мінску стартуе навукова-творчая экспедыцыя "Дарога да святынь". Шлях экспедыцыі пралягае праз манастыры і храмы Міншчыны і завершыцца ў сталіцы свята Барысаве.

Напярэдадні ў Мінску пройдзе круглы стол "Мастацкі пераклад як шлях адзін да аднаго. Славянскі вектар" з удзелам замежных пісьменнікаў. У Барысаве 6 верасня пройдзе навукова-практычная канферэнцыя "Барысаўскія чытанні", арганізаваная Нацыянальнай акадэміяй навук.

Але асноўныя падзеі адбудуцца 7 верасня. На плошчы перад Домам культуры разгорнецца Фестываль гарадоў - сталіц свята. Кожны горад будзе прадстаўлены на асобнай пляцоўцы, дзе пройдуць сустрэчы, прэзентацыі, выступяць творчыя калектывы. Цікавым дзеяннем будзе шэсце дэлегацый гарадоў-сталіц і гасцей свята да плошчы каля райвыканкама, дзе будуць размешчаны выставачныя кніжныя павільёны, тэматычныя пляцоўкі, гандлёвыя палаткі, гарадок друкаваных СМІ.

Цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства будзе тэатралізаваным дзеяннем з удзелам мастацкіх калектываў, ганаровых гасцей і афіцыйных асоб. Героямі яго будуць Мікалай Гусоўскі, Францыск Скарына, Кірыла Тураўскі і іншыя гістарычныя асобы. Пасля адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і ўжо другі раз будуць адзначаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага, песеннага жанру з уручэннем ганаровых знакаў-сімвалаў "Залаты Фаліянт" і "Залаты Купідон".

У Дзень беларускага пісьменства адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі А.Калодзіеву - мецэнату, стваральніку першай бібліятэкі ў Барысаве. У раённай бібліятэцы адкрыецца выстаўка мастака Валерыя Шкарубы - ураджэнца Барысава. На працягу дня пройдуць канцэрты, выступленні калектываў. На "Свяце дзяцінства" і форуме маладзёжнай прэсы будуць працаваць пляцоўкі дзіцячай і юнацкай кнігі, прэсы, фотавыстаўка, атракцыёны, пройдуць віктарыны, гульні.

Завершыць урачыстасці цырымонія перадачы эстафеты свята і гала-канцэрт зорак беларускай эстрады і оперы, вядомых мастацкіх калектываў Беларусі. Начное неба Барысава расквеціць святочны феерверк.


Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі

20:28 25.08.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы