галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
75 гадоў таму была зьліквідаваная "Тарашкевіца”
Дата 26 жніўня ўпісался на старонку беларускай гісторыі чырвоным колерам. Але гэтая чэрвень не зусім азначае сьвята. 26 жніўня 1933 году Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову наконт моўнага пытаньня -«Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу».

Сёньня спаўняецца 75 гадоў з таго моманту. Пастанову падпісалі старшыня Савету Народных Камісараў Мікалай Галадзед і кіраўнік справаводзтва Савету Народных Камісараў БССР Сымон Кандыбовіч – пасьля вайны вядомы дзеяч на эміграцыі, супрацоўнік Інстытуту вывучэньня СССР у Мюнхэне.

Паводле меркаваньняў мовазнаўцы Вінцука Вячоркі аўтары рэформы ў першую чаргу імкнуліся змаргіналізаваць беларускую мову.

В. Вячорка: Тое рашэньне абсалютна не грунтавалася на мовазнаўчым дыскурсе, на дакумэнтах, на ідэях, якія вылучалі беларускія мовазнаўцы для далейшага ўдасканаленьня правапісу Браніслава Тарашкевіча. Трэба нагадаць, што да 1933 году бальшыня тых мовазнаўцаў была проста перастрэляная альбо сасланая ў лягеры, а беларуская мова гвалтам набліжаная да расейскай мовы. Такім чынам, яна мела ўсе шансы й падставы быць маргіналізаванай і трактаванай, як такі лякальны варыянт расейскай мовы. Трэба зазначыць, што вынішчаліся асаблівасьці мовы, адметныя ў параўнаньні з расейскай мовай. Таксама вынішчаліся прыкметы прыналежнасьці беларускай мовы да агульнаэўрапейскага моўнага абшару. Скажам, былі замененыя правілы засваеньня грэцызмаў, лацінізмаў, германізмаў, галіцызмаў, уласьцівыя беларускай мове на спосабы, ўласьцівыя мове расейскай.

Найбольш прыкметнай ахвярай рэфарматараў стаў мяккі знак. А пра больш істотныя адрозьненьні паміж „Тарашкевіцай” і „Наркамаўкай” распавядае мовазнаўца Зьміцер Саўка.

З. Саўка: Асноўных адрозьненняў ёсьць некалькі. Па- першае, Тарашкевіч заклаў пэўную рознасьць паміж словамі ўласнабеларускімі, якія перадаюцца максымальна блізка да іх гучаньня ў жывой мове. Зь іншага боку ёсьць словы іншамоўныя, якія афармляюцца прынцыпова інакш. Гэта было вельмі мудрае й узважанае рашэньне, паколькі, з аднаго боку, дазваляла беларускай мове захаваць сваю адметнасьць. Зь іншага боку, іншамоўная лексіка падавалася максымальна блізка да таго, як яна гучыць ў мове крыніцы. Што да рэформы 1933 году, то яна адназначна наблізіла напісаньне ўсіх словаў, як уласнабеларускіх, так і іншмоўных да расейскай мовы. Апроч таго, хоць фармальна гэта не прадугледжвалася, наблізіла да расейскай мовы ня толькі правапіс, але й вымаўленьне праз правапіс. Забараніла шэраг граматычных формаў, напрыклад:- у гарадох-, - у палёх-, і навязала формы, уласьцівыя да мовы расейскай.

Падавалася, што на пачатку 90-х гадоў, калі для беларускай мовы надышла „Эпоха Рэнэсансу” і мова пачала адраджацца, беларускі клясычны правапіс вернецца ў кніжкі і падручнікі. Нажаль, адраджэньне адбывалася нядоўга.

Як зазназцае Вінцук Вячорка, школьнікі нават ня ведаюць пра існаваньне клясычнага правапісу, але студэнты-філялёгіі павінны такія веды атрымліваць.

В. Вячорка: Я, як аўтар тэрмінаў „ Наркамаўка” і „Тарашкевіца” на пачатку 90-х гадоў быў перакананы, што знаёмства з абедзьвюма правапіснымі завядзёнкамі будзе абавязковы, прынамсі дла студэнтаў-гуманітарыяў. Скажу, што сьветлай памяці Леў Шакун, адзін зь вядучых прафэсараў мовазнаўства ўжываў гэтыя тэрміны й знаёміў студэнтаў з абедзьвюма правапіснымі традыцыямі. Але цяпер, калі пайшла чарговая хваля палітызацыі правапіснай і шырэй моўнай праблемы з боку ўладаў, то я не спадзяюся, што студэнты будуць атрымліваць адэкватныя веды пра існаваньне, суіснаваньне, гісторыю і пэрспэктывы двух варыянтаў правапісу й літаратурнае мовы.

Для навукоўцаў моўныя нюансы зьяўляюцца паняцьцем паўсядзённым. А для звычайнага чалавека, які карыстаецца беларускай мовай, які варыкянт прасцейшы? Зьміцер Саўка.

З. Саўка: Мы павінны адрозьніваць графіку ад вымовы. Калі найперш будзем гаварыць пра ўласнабеларускія словы, то калі чалавек хоча вымаўляць паводле артаэпічных нормаў, якія падцьверджаныя й савецкімі выданьнямі, то яму, несумненна, прыпадзе больш да густу клясычны правапіс. Зь іншга боку, афіцыйны правапіс гэтыя рысы адлюстроўвае ў меншай ступені. Такім чынам, для таго, каб правільна вымаўляць напісанае афіцыйным правапісам, усё роўна трэба трымаць у галаве правілы беларускай артаэпіі, якія для „Наркамаўкі” і для „ Тарашкевіцы” абсалютна тоесныя. Несумненна, для чалавека, які хацеў бы правільна вымаўляць беларускяй словы, клясычны правапіс будзе бліжэйшы, а нават прасьцейшы, бо няма разрыву паміж пісьмом і вымаўленьнем.

Калі хтосьці зацікавіўся прынцыпамі беларускага клясычнага правапісу, суразмоўцы раяць наступную літаратуру.

У 1991 годзе выдавецтва „Народная Асьвета” перавыдало „Граматыку” Браніслава Тарашкевіча, дзе можна знайсьці адказы на асноўныя пытаньні. Кніга ёсьць у большасьці бібліятэкаў.

У 2005 годзе выйшла новая, прыстасаваная да сучасных умоваў бытаваньня кніга пад назвай „Беларускі клясычны правапіс”. Яна даступная ў менскай кнігарні „Акадэмічная кніга”.

www.radyjo.net


Гл. таксама:


Да 2010 году можна пісаць на дзьвюх мовах
“Звязда” апублікавала новыя правілы беларускай мовы
Лукашэнка абнавіў правапіс
Мове засталося два гады

22:22 26.08.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы