У 2007 годзе выдавецтва «Беларусь» адмовілася ад друку календара з эканамічных прычынаў. Тады галоўны рэдактар выдавецтва Якаў Аляксейчык паведаміў, што «Родны край» кепска прадаецца. У 2006 г. было надрукавана меней як у мінулыя гады — 7000 асобнікаў, зь якіх не прадалі 1500.Тэлефанаваньні ў кнігарні высьветлілі, што каляндар карыстаецца попытам ў пакупнікоў.
У Мінінфармацыі зьвярнуўся старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў. Там яму патлумачылі, што ўлічваючы пэўную патрэбу насельніцтва ў айчынных беларускамоўных календарах, пры фармаваньні плянаў выпуску сацыяльна значных выданьняў на наступны год выдавецтву «Беларусь» будзе даручана аднавіць выпуск адрыўнога календара «Родны край».
І вось у гэтым годзе ў кнігарнях Менску зьявіўся каляндар на 2009 год. Ягоны наклад складае 7000 асобнікаў. Выдадзены ён на замову Міністэрства інфармацыі, якое таксама дапамагло й грашыма.
Купіць яго можна ў любой кнігарні. Цана проста сьмешная - 2 300 руб.
nn.by

Неабходна адзначыць, што да аднаўлення календара спрычынілася Тавараства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якое на пасяджэнні сакратарыята 29 студзеня 2008 г прыняло зварот “Патрабуем нацыянальныя календары”, поўны тэкст якога прыведзены ніжэй.
Зварот: Патрабуем нацыянальныя календары!
Сярод рэчаў, без якіх не можа абысціся чалавек – каляндар. Яго значэнне фактычна такое ж, як гадзінніка. Таму невыпадкова яны ёсць у кожнай краіне. Маем і мы сваю адметную гісторыю календара.
Самы стары нацыянальны “Гаспадарчы каляндар” на 1819 год быў выдадзены ў Вільні. З таго часу ў дзяржаўных выдавецтвах нашай краіны пабачылі свет календары розныя па сваёй тэматыцы і прызначэнні: насценныя, настольныя, перакідныя, адрыўныя, кішэнныя, табель-календары, мастацкія, канфесійныя, штодзённікі ды іншыя. Бясспрэчна, каляндар – адно з самых запатрабаваных выданняў, якое мае літаральна кожная сям’я. Пад Новы год – гэта адзін з добрых памятных падарункаў, што дае ўяўленне пра краіну, пра яе адметнасці.
На Беларусі цягам апошняга дзесяцігоддзя адзіным календаром на беларускай мове, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў народзе, заставаўся адрыўны каляндар “Родны край”. На жаль, сёлета мы не маем ніводнага нацыянальнага календара!!!
Што гэта? Недасведчанасць дзяржаўных чыноўнікаў ці наўмыснае пазбаўленне грамадзян нашай дзяржавы сваіх нацыянальных каштоўнасцяў?
Таварыства беларускай мовы выказвае сваё абурэнне такой з'явай і заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян краіны падтрымаць наш зварот да Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем выдаць на 2009 год самыя разнастайныя календары на нацыянальнай мове беларусаў.
Сёння каляндар “Родны край”, у якім “вы знойдзеце шмат цікавага пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, прыроду, карысныя парады па вядзенню хатняй гаспадаркі, выхаванню дзяцей, парады садаводу і агародніку, рэцэпты народнай медыцыны і шмат чаго іншага, ёсць і ў кнігарнях Магілёва – спяшайцеся набыць!