У горадзе над Нёманам робяць кіно пра абарону ў 1941 годзе гораду над Дняпром.На гарадзкіх вуліцах паявіліся машыны з лягатыпам "Беларусьфільму", затым ўзбраеньні, салдаты са стрэльбамі, нават пачаткі драўляных дэкарацый. Каторы ўжо раз, пра што пісалі неаднойчы "Народныя навіны", у Горадні здымаюць ня сам горад, а нейкі іншы, прычым які дагэтуль існуе: яго не разбурылі, у ім па-ранейшаму жывуць людзі. Падкрэсьлім, у нашым выпадку горад з будучага кінафільму знаходзіцца не за мяжой, што магло б, зразумела, ускладніць здымкі, а ў межах нашай краіны.
Стала вядома: стваральнікі фільму патрабуюць ад журналістаў акрэдытацыі на здымках! Інакш, маўляў, інфармацыі ніхто не атрымае. Праўда, вядома таксама, што называцца стужка будзе "Дняпроўскі рубеж", у ёй адлюструюць фарсіраваньне, напэўна ж, немцамі ракі Дняпро і абарону Чырвонай арміяй Магілёва. Сцэнар напісаў драматург Аляксей Дудараў.
Фота unutranyholasКіназдымкі – не шараговая падзея для гораду і жыхароў. Калі на вуліцах зьяўляецца то гармата, то бронемашына, чырвонаармейцы, а пазьней, напэўна ж і фрыцы, прычым у самым гістарычным цэнтры, на вуліцах перапоўненых пешаходамі: чыноўнікамі, міліцыянтамі, студэнтамі і гэтак далей, то назіраюць за здымкамі так ці інакш сотні людзей. Да таго ж: удзельнічаць у масавых сцэнах будуць таксама сотні гарадзенцаў, салдат з мясцовых часьцей.
Пасьля гэтага, безумоўна, многія пачнуць чакаць паказу гатовага фільма, каб убачыць, як будуць выглядаць гарадзенскія вуліцы ў кінакадрах. Паабяцана, дарэчы, што каля управы КДБ збудуюць дэкарацыі, дзе зробяць немалы кавалак кінастужкі. Але ці ня стануць кіношнікі замінаць "людзям у цывільным", пагатоў што побач зь імі райаддзел міліцыі і стаянка "варанкоў", ці дазволяць ім атабарыцца ў гэтым месцы? Час пакажа, здымкі працягнуцца прыблізна два тыдні.
www.bulletinonline.org
Гл. таксама:“Там мы знайшлі Магілёў, бо ў самім Магілёве яго ўжо няма”