19 кастрычніка 2008 года адбылася справаздачна-выбарчая канферэнцыя Магілёўскага ТБМ імя Францішка Скарыны, на якой быў прааналізаваны перыяд дзейнасці таварыства за апошнія тры гады, вызначаны прыярытэтныя напрамкі далейшай дзейнасці, а таксама абраны новы кіруючы склад і дэлегаты на рэспубліканскую справаздачна-выбарчую канферэнцыю ТБМ.
Пасля арганізацыйных фармальнасцяў справаздачу перад прысутнымі трымаў старшыня гарадской арганізацыі Алег Дзьячкоў: “Дарагія сябры, паплечнікі, шаноўная грамада! У наступным годзе Таварыству беларускай мовы спаўняецца 20 год. Ужо тры гады прайшло з апошняй справаздачна-выбарчай канферэнцыі Магілёўскага ТБМ. Якімі былі гэтыя тры гады?..” Далей сп. Дзьячкоў адразу звярнуў увагу на тое, што сёння, як і тры гады таму, застаюцца нявырашанымі некаторыя справы, якія ставяць пад пагрозу само існаванне Таварыства. Сярод гэтых спраў найпершай быў названы пошук памяшкання пад сядзібу ТБМ у Магілёве. Таксама не вырашаныя пытанні з усталяваннем памятнага знака на месцы смерці выбітнага беларускага пісьменніка, першага старшыні беларускага ўраду Цішкі Гартнага, мемарыяльнай шыльды на доме, у якім жыў выдатны руплівец беларушчыны Валянцін Ермаловіч. “Дык як тады мы працуем, калі не можам дагэтуль вырашыць гэтыя праблемы?” – задаў пытанне старшыня Магілёўскага ТБМ.

Алег Дзьячкоў трымае справаздачуІ ўсё ж, па словах А. Дзьячкова, робіцца нямала: вялікай папулярнасцю карыстаюцца вандроўкі, амаль два гады працуе сайт таварыства, выдаецца “Газэта Магілёўскага ТБМ”, праводзяцца творчыя сустрэчы і вечарыны, разнастайныя акцыі… Усё гэта, безумоўна, сведчыць пра выкананне асноўнай задачы таварыства – пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, далучэнне грамадзян да нацыянальных вытокаў, да беларушчыны.
Напрыканцы справаздачы старшыня Магілёўскага ТБМ выказаў шчырую падзяку тым людзям, якія, складаючы ядро суполкі, штодня выконваюць вялікі аб’ём самай рознай працы ў межах дзейнасці Таварыства: Асмакоўскай Алене, Бацюкову Аляксею, Гаўрыленцы Вользе, Дымкову Сяргею, Кавалёвай Алене, Каласоўскаму Юрасю…
Наступнай часткай канферэнцыі сталі выступленні сяброў і прыхільнікаў ТБМ па пытаннях дзейнасці арганізацыі. Прысутныя заслухалі выступы старшыні абласнога ТБМ Яраслава Клімуця, рэдактара “Газэты Магілёўскага ТБМ” Аляксея Бацюкова, гісторыка Ігара Пушкіна, пісьменніка Віктара Арцем’ева, вядомых дзеячаў дэмакратычнага руху Магілёва Віталя Васількова і Рыгора Костусева. Усё выступоўцы адзначылі плённую дзейнасць ТБМ у Магілёве за справаздачны перыяд, падкрэсліўшы вялікую ролю ў гэтым яго старшыні сп. А. Дзьячкова.
Сярод недахопаў у дзейнасці ТБМ былі адзначаны недастатковая арганізаванасць уліку сябраў суполкі, а таксама ўліку ахвяраванняў на дзейнасць Таварыства. Ігар Пушкін прапанаваў зрабіць агляд-конкурс сярод беларускамоўных выкладчыкаў у Магілёве; пісаць лісты падзякі арганізацыям і ўстановам, якія выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці беларускую мову; звярнуць самую пільную ўвагу на выкарыстанне беларускай мовы ў гарадской рэкламе, афішах гарадскіх і абласных мерапрыемстваў.

ТБМ у 2008 годзе: з гумарам і здымкамі
У выніку прысутнымі была прынята прапанова Яраслава Клімуця ацаніць працу Магілёўскага ТБМ за справаздачны перыяд як станоўчую з адзнакай “добра”, а таксама наступныя тэзісы паводле заслуханых высупленняў:
- узмацніць арганізацыйную працу па пашырэнні шэрагаў ТБМ;
- распрацаваць шэраг мерапрыемстваў па адзначэнні 20-годдзя ТБМ;
- працягваць працу па ўкараненні беларускай мовы ў грамадскае жыццё;
- удасканаліць работу рэвізійнай камісіі.
У заключнай частцы канферэнцыі адбыліся выбары кіруючага складу гарадской арганізацыі Магілёўскага ТБМ. У іх выніку Алег Дзьячкоў на безальтэрнатыўнай аснове быў пераабраны на новы тэрмін, а ў склад Рады суполкі ўвайшлі дзевяць чалавек: Алег Дзьячкоў, Алена Кавалёва, Алена Асмакоўская, Аляксей Бацюкоў, Яраслаў Клімуць, Вольга Гаўрыленка, Юрась Каласоўскі, Сяргей Дымкоў (яшчэ адно месца зарэзервавана за прадстаўніком клубу “Чароўны ўспамін”). Таксама была выбрана рэвізійная камісія (старшыня Руслана Уласенка).
Дэлегатамі на рэспубліканскі з’езд ТБМ, які пройдзе ў Мінску 26 кастрычніка, былі выбраны Алег Дзьячкоў, Алена Асмакоўская і Руслана Уласенка. Акрамя таго, была прынята прапанова Ігара Пушкіна вылучыць А. Дзьячкова кандыдатам у склад Рэспубліканскай Рады ТБМ.
Канферэнцыя, якая сабрала каля 40 сябраў і прыхільнікаў ТБМ ва ўтульнай і багата аздобленай банерамі ТБМ залі, скончылася песняй “Мой родны кут” у выкананні Р. Уласенкі.
Зычым усім плённай дзейнасці на ніве беларушчыны ў шэрагах ТБМ!
Юрась Каласоўскі
Гл. таксама:Статут ТБМ