Выступілі ўсе тры намесьнікі старшыні. Між дэлегатамі ўзьнікла пэўная палеміка пра зьмест працы сяброў Таварыства.Так, некаторыя арганізацыі займаюцца зборам подпісаў за зьмены савецкіх назваў вуліцаў на старажытныя, наданьне ім імёнаў выбітных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры. Старшыня рады г. Полацку прапанавала адкласьці гэта і засяродзіцца на асьветніцка-культурніцкай працы. Яна сказала, што паслухаць Ніла Гілевіча ў шмат разоў важней, чым сабраць 100 подпісаў за перайменаваньне вуліцы. Шмат наракалі на перашкоды з боку ўладаў. На што вельмі цікавую рэпліку сказаў Алег Дзьячкоў, старшыня Магілёўскай гарадзкой арганізацыі ТБМ: "Нашай арганізацыі перашкаджае не дзяржава, а перад усім -- уласная лянота і неарганізаванасьць. Калі захочам -- у нас усё атрымаецца".
Разам з тым, варта адзначыць, што большую частку дэлегатаў зьезду прадстаўлялі людзі сталага ўзросту. Моладзі відавочна бракавала. Старшыня ТБМ Алег Трусаў на гэта адзначае, што моладзь абірала дэлегатамі зьезду людзей больш старэйшых і паважаных.
Трусаў і на гэты раз быў адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні. За ягоную кандыдатуру выступілі адзінагалосна. У намесьнікі чарговы раз абраныя
.
Галоўным рэдактарам «Новага часу» вырашана пакінуць Станіслава Судніка. Хаця сам сп.Суднік прызнаваўся, што гатовы перадаць гэтае месца каму‑небудзь іншаму. Жадаючых не знайшлося.
Алег Трусаў падзячыў дэлегатаў за тое, што яны падтрымалі ягоную кандыдатуру. «Часам мы не разумеем, што робім неверагодную працу. Галоўны наш вораг — гэта лянота, а ня нейкая ўлада», — сказаў А.Трусаў.
Па сканчэньні працы зьезду спадар Трусаў, у якога гэта ўжо пяты тэрмін на пасадзе старшыні ТБМ, падзяліўся сваімі ўражаньнямі з карэспандэнтам «НН».
«Першае, што нам зараз трэба зрабіць прыняць праграму сьвяткаваньня 20‑ых угодкаў ТБМ. Трэба давесьці да ладу ўсе дакумэнты, а пасьля даслаць іх адрасатам. Найперш гэта зварот да Лукашэнкі, каб былі ўнесеныя зьмены ў закон аб мовах. А таксама наш зварот да грамадзянаў краіны ў сувязі з перапісам, які пройдзе налета. Што да арэнды памяшканьні, то калі людзі будуць нам дасылаць ахвяраваньні, то пытаньне атрымаецца вырашыць», — кажа А.Трусаў.
«Перадусім тэлебачаньне, гэта нашае самае балючае пытаньне. Цяпер ім і будзем займацца. Будзем накіроўваць звароты, зьбіраць подпісы. У мяне адчуваньне, што і іх мы вось‑вось зломім. Чакаць нядоўга засталося».
«Яны адбываюцца штодня. Паглядзіце на рэкляму нашых гарадоў. Вось прыйшоў новы мэр майго роднага Мсьціславу загадаў усе канфэрэнцыі па‑беларуску праводзіць. Прыяжджаю дахаты, а там усе па‑беларуску гавораць. Гэта тураўскі хлопец. Ён пачаў рэстаўрацыю гораду, паставіў помнік Грунвальду. Зараз ідзе зьмена начальства ва ўсёй краіне. Прыходзяць да ўлады «хлопцы Адраджэньня». Ім 35‑40 гадоў, яны са сьцягамі хадзілі на мітынгі. Праз 5‑6 гадоў яны ўжо стануць прэзыдэнтамі. Я веру, што яны ўсё зьменяць. Верхняя ўлада таксама захісталася».
«Я ўжо маю. Дзяніса Тушынскага, ня проста так ён жа зьявіўся. Хлопец добра падрыхтаваны, гаворыць па‑ангельску. У шмат чым лепшы за мяне».
Зьезд прыняў некалькі рэзалюцыяў. У прыватнасьці, зварот да ўраду аб неабходнасьці ўдасканаленьня Закону аб мовах, зварот да грамадзян Беларусі ў сувязі з перапісам насельніцтва, які мае быць праз год - прамятаць, што яны беларусы, і называць пад час перапісу роднай мовай беларускую. А таксама Зварот з 600-годзьдзем Грунвальдзскай бітвы з заклікам да кіраўніцтва краіны пачынаць падрыхтоўку да сьвяткаваньня.
Наступны зьезд ТБМ пройдзе ў 2011 годзе.
Ураджэнец Мсьціслава, Алег Трусаў узначальвае ТБМ ад 17 красавіка 1999 году, ён быў абраны старшынём на VI зьездзе арганізацыі. Такім чынам гэта ўжо яго пяты тэрмін.
У наступным годзе ТБМ споўніцца 20 год.
Справаздача Старшыні ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны” Алега Трусава “Аб дзейнасці ТБМ за 2006-2008 гады”
Шаноўнае спадарства!
Мінулыя гады для нас былі надзвычай няпростыя. 2006-ы быў годам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, у ходзе якой дзесяткі сяброў ТБМ пацярпелі як актыўныя ўдзельнікі гэтага палітычнага працэсу. Шмат людзей адбылі суровае пакаранне, атрымалі штрафы, былі звольненыя з працы альбо мусілі пакінуць месца вучобы, паехаць за мяжу, каб там прадоўжыць сваё навучанне.
У жніўні 2006 года Міністэрства адукацыя перавяло выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі ў школах з рускай мовай навучання з беларускай мовы на рускую, а крыху пазней з Адукацыйных стандартаў ВНУ была выдалена беларуская мова як абавязковы прадмет навучання.
Аднак ТБМ не склала крылы і дабілася амаль немагчымага.
У ВНУ захаваны абавязковы курс “Беларуская мова. Прафесійная лексіка”, а гісторыю і геаграфію у рускамоўных школах са згоды бацькоў, вучняў і настаўнікаў зноў можна выкладаць па-беларуску.
Напрыканцы жніўня 2006 года ўлады абвясцілі аб будучых зменах у беларускім правапісе, для абмеркавання ў грамадстве па гэтым пытанні не прапанавалі. Дзякуючы намаганням ТБМ адбылося ў нашай сядзібе абмеркаванне гэтага закона. Прапанаваныя дадаткі і заўвагі былі накіраваныя ў Адукацыйную камісію Палаты прадстаўнікоў.
Некаторыя з іх заўваг былі ўлічаны, і апошняя версія Закона стала больш прыдатная для карыстання.
Былі ўнесены пэўныя
змены ў Статут ТБМ, у выніку якіх кожная арганізацыя ТБМ, што стаіць на ўліку ў мясцовых органах улады, можа зарэгістраваць сваю выдавецкую структуру. Гэта ўжо зрабілі Лідская і Менская гарадскія арганізацыі. Дзякуючы гэтаму існуе Выдавецкі дом у Лідзе і выходзіць газета “Новы час”, якая мае змястоўны штомесячны дадатак “Літаратурная Беларусь” Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Вельмі важныя для нас і новыя версіі пунктаў 3.8. і 3.9. нашага Статута.
3.8. Суполкі могуць аб’ядноўвацца ў раённыя (гарадскія) арганізацыі.
3.9. Раённыя (гарадскія) арганізацыі ТБМ ствараюцца пры наяўнасці не менш дзвюх суполак або 10 сяброў ТБМ. У гарадах з раённым дзяленнем гарадскія арганізацыі ТБМ ствараюцца пры наяўнасці не менш дзвюх раённых арганізацый або 50 сяброў ТБМ.
Паводле гэтага пункту дастаткова мець 10 сяброў на тэрыторыі раёна ці горада, а ў абласных цэнтрах і Бабруйску – 50 сяброў або дзве раённыя арганізацыі, каб стаць на ўлік у мясцовых органах улады.
Каб крочыць у нагу з часам мы стварылі новы сайт ТБМ, захаваўшы пры гэтым стары, на якім выстаўлены Статут у новай рэдакцыі і з ім можа пазнаёміцца кожны ахвочы.
Уся інфармаваная Беларусь чакала новага незалежнага тэлевізійнага спадарожнікавага беларускамоўнага канала
“Белсат”, які, нарэшце, пачаў сваё вяшчанне 10 снежня 2007 года. Гэты канал адбыўся з ініцыятывы ТБМ і канкрэтнай працы намесніка старшыні ТБМ Сяргея Кручкова. А пачыналася ўсе, як вы памятаеце, яшчэ напрыканцы 90-х, калі гэтая ідэя была закладзеная ў Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў XXI стагоддзі. І праз гады яна, дзякаваць Богу, была рэалізаваная.
Што да канкрэтных планаў нашай штодзённай працы, то не буду на іх спыняцца падрабязна. З газеты “Наша слова” вы ведаеце, як шмат увагі надаецца гістарычным датам, юбілеям нашых сяброў, у тым ліку і тым, якія не прнадугледжваліся ў штогадовых планах працы.
Дзякуючы нашым намаганням, у краіне даволі шырока, канкрэтнымі справамі
адзначылі 450-гадовы юбілей Льва Сапегі. Мясцовыя ўлады Ліды афіцыйна дазволілі гарадской арганізацыі ТБМ адзначаць юбілей выдатнага беларускага дзеяча XVI-XVII стст. У мястэчку Астроўна, што ў Бешанковіцкім раёне на Віцебшчыне, устаноўлены памятны знак у гонар Сапегі. Другі памятны знак мясцовая ўлада ўсталявала ў Ружанах на Берасцейшчыне, дзе Сапегі мелі свой замак і палац. Вядуцца перамовы аб паскарэнні вырабу помніка Сапегу ў Слоніме. Вуліцы ў гонар Сапегі з’явіліся ў Мінску і Ружанах.
У жніўні 2007 года споўнілася 90 год аднаму з заснавальнікаў ТБМ, народнаму пісьменніку Янку Брылю. Мы выпусцілі з гэтай нагоды, кішэнны каляндарык. Дзякуючы нашай ініцыятыве ў Менску з’явілася вуліца ў яго гонар, а на доме, дзе жыў знакаміты пісьменнік – адноўлена шыльда. Міністэрства сувязі па нашай просьбе выдала канверты з выявамі Янкі Брыля, Янкі Купалы, Якуба Коласа, а таксама з выявамі купалаўскага і коласаўскага музеяў.
Да 120-годдзя Алеся Гаруна выдадзены кішэнны каляндарык, у Менску з’явілася вуліца імя пісьменніка. Таксама падтрыманая ўладамі ініцыятыва ТБМ аб наданні адной з вуліц сталіцы імя Напалеона Орды да ягонага 200-годдзя, быў выдадзены канверт і адпаведная марка.
З нашай ініцыятывы сабраныя тысячы подпісаў грамадзян, дзякуючы якім з’явіўся прэзідэнцкі дэкрэт аб святкаванні 125-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Да 200-х угодкаў В. Дуніна-Марцінкевіча, якія адбыліся 4 лютага 2008 года, мы падрыхтавалі і выдалі кішэнны каляндар на 2008 год. Па нашай прапанове ўлады выдалі паштовую марку і адмысловы канверт з выявай класіка беларускай літаратуры. Да пачатку гэтага навучальнага года з нагоды 220-угодкаў Івана Насовіча пабачыў свет кішэнны каляндарык ТБМ, прысвечаны аўтару першага слоўніка беларускай мовы.
Быў
адноўлены выпуск адрыўнога беларускамоўнага календара “Родны край” на 2009 г. Ён паступіў у продаж у верасні месяцы.
Нам удалося разам з ЗБС “Бацькаўшчына” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў дабіцца таго, што
новы храм, які зараз будуецца ў Кобрыне, не будзе прысвечаны Аляксандру Сувораву, чалавеку, які меў непасрэднае дачыненне да акупацыі Беларусі Расійскай імперыяй ў 18 ст.
Можна сказаць, што мы працуем у адным звязку з пісьменнікамі. Літаратары, сябры ТБМ, па запрашэнні рэгіянальных структур Таварыства часта выступаюць у чытацкіх аўдыторыях краіны. У цяжкія для Саюза пісьменнікаў часіны Таварыства заўсёды падтрымлівае СПБ. Мы білі трывогу, калі навісла пагроза над пісьменніцкай бібліятэкай. Была прынятая заява Сакратарыяту “Унікальнаму кнігазбору пагражае небяспека”. А калі паўстала неабходнасць захаваць гэтую бібліятэку, намаганнямі Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ была дасягнутая дамоўленасць з мясцовай вертыкаллю, якая прапанавала транспарт для перавозкі літаратуры і месца яе захавання ў адной з бібліятэк Ліды. Пакуль кнігазбор знаходзіцца ў Мінойтах. Напрыканцы 2007 года нашае супрацоўніцтва набыло новую форму. Як вы, напэўна, заўважылі,
у “Нашым слове” з’явілася старонка “Беларусь літаратурная”, якую рыхтуе Саюз пісьменнікаў. Было зроблена 2 выпускі гэтай рубрыкі. Зараз гэты дадатак рэгулярна друкуе “Новы час”.
Дзякуючы нашым захадам, з’явіліся дзве цалкам беларускамоўныя радыёстанцыі
“Еўрапейскае радыё для Беларусі” і “Радыё Рацыя”, загаварылі па-беларуску “Нямецкая хваля” і “Радыё Швецыі”, пашырылася сфера выкарыстання беларускай мовы на транспарце, родная мова загучала ў трамваях, аўтобусах, тралейбусах і электрацягніках. Уся філатэлістычная прадукцыя суправаджаецца тэкстамі на беларускай мове.
Мы стараемся, наколькі гэта магчыма, заўважаць і падтрымліваць рупліўцаў беларускай мовы. Напрыклад, былі дасланыя падзячныя лісты прадпрыемствам, якія пачалі выкарыстоўваць роднае слова. Гэта розныя замежныя фірмы, беларускія прадпрыемствы: фабрыка “Камунарка”, Чавускі масласырзавод, ААА “ПрадАктыў”, ЗП “ІКАРТАЙМ” (за аздабленне кавы) і шмат каму яшчэ. Мы ўдзячныя Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, якое прыслухоўваецца і па магчымасці ўлічвае нашы прапановы па выпуску паштовай прадукцыі на беларускай мове. Шмат гадоў
нам спрыяе Федэрацыя беларускіх прафсаюзаў, дзякуючы фінансавай падтрымцы якой мы маем магчымасць падпісаць шэраг школьных бібліятэк на “Наша слова”, выпісаць іншыя беларускія выданні.
Жыццядзейнасць ТБМ, станоўчыя вынікі яго працы наўпрост звязаныя з пастаяннымі стасункамі ўнутры структуры – ад абласных арганізацый да кожнай суполкі і нават асобных сяброў – з іншымі грамадскімі арганізацыямі (ЗБС “Бацькаўшчына”, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Ветэраны Адраджэння, партыя БНФ “Адраджэньне”), а таксама з уладнымі структурамі рознага ўзроўню.
Зараз
у базе дадзеных сядзібы ТБМ налічваецца 5393 сябра. З іх 2210 чалавек у Мінску. Тут найлепей працуюць сябры ТБМ Ленінскага, Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў. Сярод шматлікіх актывістаў варта адзначыць Чэчата, Лавіцкага, Вячорку, Казлоўскую, Галаўнёва, Тушынскага, Арлова, Содаля, Панізніка, Марачкіну і, вядома, кіраўніка Мінскай гарадской арганізацыі Алену Анісім.
Сярод абласных структур
на першым месцы Гродзеншчына (854 сябры ТБМ), найперш нашы рэгіянальныя структуры ў Гродне і Лідзе. Вялікую справу робяць сп. Місцюкевіч, Пяткевіч, Крой, Суднік і Мельнік.
Вельмі добра працуюць Віцебскія рэгіянальныя структуры на чале з Іосіфам Навумчыкам. Тут трэба адзначыць сп. Бабіча, Валянціну Крук, Рымшу, Рагойшу, Рудзенка, Сом, Валянціна Арлова, работу Віцебскай гарадской, Полацкай, Наваполацкай, Верхнядзвінскай, Глыбоцкай, Падсвільскай, Шаркаўшчынскай структураў ТБМ. Зараз на Віцебшчыне 690 сяброў ТБМ.
У Мінскай вобласці налічваецца 593 сябра ТБМ. Тут, на жаль, назіраецца спад у дзейнасці. Вельмі слаба працуюць Маладзечанская гарадская і райнная структуры, распаліся Жодзінская і Стаўбцоўская арганізацыі. Але Салігорская, Слуцкая і Заслаўская арганізацыі і суполкі працуюць актыўна, таксама як і сябры ТБМ з Мядзельшчыны, Валожына, Мінскага раёна.
Брэсцкая вобласць мае 448 сяброў ТБМ. На жаль, тут не зарэгістравана абласная структура, амаль не працуюць Пінская і Брэсцкая гарадскія арганізацыі. Найлепей тут праяўляюць сябе сябры з Баранавіч (кіраўнік В. Сырыца), Пружанаў (сп. Жэгалава), Пінскага раёна (сп. Гук).
Гомельшчына мае 364 сябра ТБМ. Тут варта адзначыць працу асобных суполак Гомеля; Светлагорскую, Жыткавіцкую арганізацыі ТБМ; сп. Тэльмана Маслюкова, Анатоля Бароўскага, Людмілу Піскун і Анатоля Скрэчку. Неабходна як мага хутчэй аднавіць працу Гомельскай гарадской арганізацыі ТБМ і паставіць яе на дзяржаўны ўлік.
На Магілёўшчыне дзейнічае толькі 150 сяброў ТБМ. Але іх праца надзвычай плённая, асабліва ў г. Магілёве (кіраўнік Алег Дзьячкоў). Гарадская арганізацыя ТБМ выдала прыгожы насценны каляндар пад загалоўкам “Яны ўславілі наш край” з партрэтамі братоў Гарэцкіх, Аркадзя Смоліча, Спірыдона Собаля, Валянціна Ермаловіча, Міхася Ткачова і іншых славутых магілёўцаў. У гістарычнай частцы г. Магілёва над савецкім назвамі вуліц, напісанымі па-руску, з’явіліся беларускамоўныя з густам аформленыя былыя назвы вуліц, якія існавалі ў Магілёве ў ХІХ ст. У Магілёве, таксама як і ў Гародні, вядзецца актыўная праца з бацькамі і настаўнікамі па стварэнні беларускамоўных класаў у школах і групаў у дзіцячых садках.
Таксама трэба адзначыць працу сп. Клімуця, Шкірманкова, Барэль, Маліноўскага і Грудзіны. Добра працуюць тут Шклоўскія, Асіповіцкія і Бабруйскія суполкі ТБМ. Зараз наша задача – актывізаваць працу Горацкай суполкі ТБМ і аднавіць дзейнасць арганізацыі ў Бялынічах, Крычаве і Мсціславе.
У красавіку 2008 г.
улады Беларусі падвысілі арэндную плату за офісы ТБМ у 10 (!) разоў. Такім чынам, існаванне нашай арганізацыі стала праблематычным. Мы мусілі адмовіцца ад аплаты сядзібы ТБМ у Салігорску і звярнуліся праз СМІ да грамадзян Беларусі за фінансавай дапамогай. Мы вельмі ўдзячныя рэдакцыям газет “Наша Ніва, “Новы Час”, “Беларусы і рынак”, “Белгазета”, “Народная Воля” за друкаванне нашых зваротаў з нумарам нашага банкаўскага рахунка. І людзі адгукнуліся, неслі і дасылалі свае ахвяраванні і складкі. Дзякуючы ім мы існуем у сённяшніх умовах і змаглі правесці з’езд. Аднак нашу працу па зборы фінансавых сродкаў трэба змяніць і максімальна актывізаваць. Каб нармальна існаваць і выдаваць “Наша слова” нам неабходна штомесяц мець на рахунку 5 млн. рублёў. Гэта значыць, што кожны сябар ТБМ павінен ахвяраваць на нашу дзейнасць 1000 рублёў у месяц. Грошы невялікія, але іх трэба збіраць і пераводзіць на наш рахунак да 20 чысла кожнага месяца. Я спадзяюся, што першымі да гэтай справы далучацца дэлегаты з’езда, тым больш што неабходныя паперы для гэтага яны атрымалі.
Цешыць тое, што
ў ТБМ за апошнія гады ўступіла шмат моладзі. Гэта тыя, хто ў свае студэнцкія гады, нягледзячы на сітуацыю, што існуе ў краіне, зрабілі свой выбар на карысць Беларусі. У нашых шэрагах – усе навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, які працуе на выхаванне беларускай эліты ХХІ ст. Шмат сяброў ТБМ сярод студэнтаў ЕГУ ў Вільні, БДУ (гістфак і філфак), нямала сяброў у Лінгвістычным універсітэце, Педагагічным універсітэце, іншых ВНУ Беларусі.
Бадай самай складанай і найважнейшай задачай ТБМ з’яўляецца праца па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з выкладаннем усіх прадметаў па-беларуску. Пад ціскам ТБМ Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прыняла закон “Аб вышэйшай адукацыі”, у 21 артыкуле якога замацавана права ствараць у кожнай ВНУ беларускамоўныя студэнцкія групы або плыні. Дзякуючы сабраным намі тысячам подпісаў ва ўсіх ВНУ Беларусі застаецца вывучэнне беларускай мовы, а таксама застаюцца і кафедры беларускай мовы і літаратуры.
З 2003 года мы дамагаемся зменаў у Закон аб мовах, якія б “развязалі нам рукі” у працы па дасягненні рэальнай роўнасці дзвюх дзяржаўных моў. Але пакуль гэтыя два словы: “і (або)” – будуць прапісаныя ў Законе, імі будуць карыстацца ўсе незычліўцы і лянівыя беларусы, якім аб ціха, абы вайны не было. Радуе тое, што нягледзячы на вычварны пераслед носьбітаў беларускай мовы, ёсць людзі, якія не баяцца ўступіць у барацьбу за сваё законнае права. Так, у 2007 г. сп. Алег Лабовіч з Бярозы, карыстаючыся нашымі рэкамендацыямі, дамогся адкрыцця беларускамоўнага класа. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб у Закон аб мовах былі ўнесены адпаведныя змены.
Балючае пытанне жыцця Таварыства –
падпіска на “Наша слова”. На працягу апошніх гадоў яна то сягала за 1000, то змяншалася. Было б добра, каб кожны чытач ці падпісчык “Нашага слова” здолеў падпісаць сам ці знайсці спонсара на яшчэ адзін нумар нашай газеты, асабліва для свайго сябра, знаёмага, сваяка або бліжэйшай школы ці бібліятэкі. Шмат зрабіла ў плане падпіскі Людміла Піскун з Мазыра, Алесь Місьцюкевіч з Гародні і Алег Дзьячкоў з Магілёва. Зараз Магілёў па колькасці падпісчыкаў выйшаў на адно з першых месцаў у краіне.
За бескарыслівую валанцёрскую працу па распаўсюджванні “Нашага слова” мы выказваем шчырую ўдзячнасць Вользе Іпатавай, Наталлі Качаноўскай, Уладзіміру Содалю, Валерыю Грузнову, Міколе Галаўнёву, Міколе Лавіцкаму, Валянціне Крук, Віктару Сырыцу, удзельнікам нашага гістарычнага семінару, якія з задавальненнем дапамагалі нам у раздачы старых нумароў газеты, тым самым прапагандуючы яе сярод насельніцтва.
З нагоды 90-х угодкаў абвяшчэння БНР
ТБМ прыняла актыўны ўдзел у напісанні першай Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Мерапрыемства было праведзена ў сакавіку ў розных гарадах і вёсках Беларусі, а таксама ў замежжы. У дыктоўцы бралі ўдзел дыпламаты з розных краінаў, якім мы, карыстаючыся нагодай, выказваем шчырую падзяку. Мы запрасілі на наш з’езд усіх гэтых паважаных людзей і рады вітаць іх у гэтай залі.
Спадзяюся, што напісанне ў сакавіку беларускай дыктоўкі стане штогадовай традыцыяй і ў ёй будуць браць удзел усё болей людзей.
У 2009 годзе адбудзецца чарговы перапіс насельніцтва, і мы павінны нагадаць грамадзянам Беларусі аб іх роднай мове і мове штодзённага ўжытку. Таму мы і прымаем зараз
удзел у кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Ужо зараз трэба нагадваць нашым людзям пра 600-я ўгодкі перамогі нашых продкаў у 1410 годзе на Грунвальдскім полі. Мы павінны годна ўшанаваць гэтую дату.
Зараз на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць 110 рэгіянальных структур ТБМ, з іх 56 зарэгістраваныя. Разам нашы структуры налічваюць каля 6000 чалавек. Наша задача гэтую колькасць захаваць і павялічыць.
Пра фінансавую дзейнасць ТБМ раскажа сп. Мікола Лавіцкі, а я жадаю Вам усім плёну ў Вашай нялёгкай працы. Жыве беларуская мова і жыве наша незалежная Беларусь!