У нядзелю 26 кастрычніка у Палацы мастацтва адбыўся Х З’езд ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”, на якім 105 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны прадстаўлялі 5393 сябра таварыства. Дзейсны ўдзел у рабоце з’езда прынялі і сябры Магілёўскага ТБМ.
Пасля абрання рабочых структур з’езду А. Трусаў зачытаў словы прывітання, дасланыя ўдзельнікам форуму (сярод іх было, напрыклад, і пасланне ад Згуртавання беларусаў Канады), і прадаставіў слова ганаровым сябрам Рады таварыства.
Ксёндз касцёлу св. Сымоны і Алены
Уладзіслаў Завальнюк, які выступаў першым, падкрэсліў, што мова – гэта душа народа, яго ўвасабленне, а таму тое, што робіць ТБМ – святая справа, бо яна робіцца для ўсіх нас. “Калі не мы, то хто?” – гэтае рытарычнае пытанне кс. У. Завальнюка выклікала хвалю апладысментаў залі.
Старшыня ПБНФ
Лявон Баршчэўскі, пажадаўшы поспехаў і плённай працы і зазначыўшы, што ГА БНФ – “верны паплечнік ТБМ”, заклікаў уісх далучыцца да святкавання Дзядоў.
Кіраўнік Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Алена Макоўская звярнула ўвагу на тое, што пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы – адно з актуальнейшых пытаннняў для беларускага грамадства, якое жыве быццам у дзвюх асобных краінах, мяжой паміж якімі з’яўляецца беларуская мова. Таксама сп. Макоўская заклікала прысутных самым актыўным чынам удзельнічаць у кампаніі “Будзьма”, якая павінна аб’яднаць беларусаў на глебе павагі да сябе.
Амбасадар Швецыі
Стэфан Эрыксан (як і ўсе тут, ён гаварыў па-беларуску) выказаў спадзеў на неўміручасць беларускай мовы, якая, як і любая іншая, мае права на існаванне, бо багацце еўрапейскай культуры – у шматлікасці нацыянальных культур і моў. Яшчэ сп. Эрыксан адзначыў, што нядаўна ў перакладзе на шведскую выйшаў “Афганец” В. Быкава, а хутка па-шведску можна будзе пачытаць і “Фрэскі” Барыса Пятровіча.
Мечыслаў Грыб, які прадстаўляў БСДП “Грамада” падкрэсліў, што змаганне за родную мову ёсць штодзённай барацьбой за незалежнасць нашай краіны.

Старшыня ТБМ
Алег Трусаў у сваёй справаздачы распавёў пра цяжкія варункі існавання таварыства, якое, тым не менш, працягвае актыўную працу па вяртанні беларускай мовы ва ўсё сферы ўжытку сучаснага грамадства. Так, ТБМ ініцыявала перагляд праекту Закону аб правапісе, абнавіла ўласны сайт, працягвае выдаваць газеты “Наша слова” і “Новы час”, адзначыла юбілеі Льва Сапегі, Янкі Брыля, Алеся Гаруна, Напалеона Орды, Якуба Коласа і Янкі Купалы, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча… Балючым пытаннем застаецца падпіска на газету “Наша слова”, выданне якой пакуль нерэнтабельнае, і аплата за арэнду памяшкання. Таксама А. Трусаў прапанаваў напісаць ІІ Агульнанацыянальную дыктоўку ў Дзень роднай мовы, 21 лютага.
“Жыве беларуская мова і жыве наша незалежная Беларусь!” - гэтымі ўзнёслымі словамі скончыў сваю прамову старшыня ТБМ.
Далей перад прысутнымі выступілі намеснікі А. Трусава.
Алена Анісім, у прыватнасці, прапанавала арганізаваць моладзевы рух у ТБМ, курсы беларускай мовы як асяродак беларусазнаўства, выданне беларускамоўных размоўнікаў для замежнікаў.
Пасля слова атрымалі прадстаўнікі абласных арганізацый ТБМ. Старшыня Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ
Алег Дзьячкоў адзначыў, што, нягледзячы на складаныя варункі існавання таварыства, найпершай перашкодай для плённай дзейнасці з’яўляюцца ўласныя лянота і неарганізаванасць. Як прыклад сапраўдных рупліўцаў беларушчыны ён прывёў Аду Райчонак з Віцебшчыны, Алеся Белакоза з Гарадзеншчыны і Валянціна Ермаловіча з Магілёва.
Таксама перад прысутнымі выступілі вядомыя палітыкі Пятро Краўчанка і Вінцук Вячорка. Калі сп. Краўчанка заклікаў проста прыстойна і плённа працаваць, бо “наш галоўны вораг – зайздрасць і абыякавасць”, то сп. Вячорка, між іншым, прапанаваў ТБМ выступіць з ініцыятывай стварэння асобнага закону пра абарону беларускай мовы.
Рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік, сказаўшы пра стомленасць ад шматгадовай працы ў складаных умовах, усё ж пагадзіўся і далей “цягнуць гэты воз”.
Заключнай часткай з’езду сталі выбары старшыні таварыства, якім быў пераабраны Алег Трусаў, яго намеснікаў (імі сталі Людміла Дзіцэвіч, Алена Анісім, Дзяніс Тушынскі і Ірына Марачкіна) і Рады ТБМ (складаецца з 54 чалавек). У склад апошняй ад Магілёўшчыны былі абраныя Алег Дзьячкоў, Алена Асмакоўская, Сяргей Дымкоў і Юрась Каласоўскі. У гэты ж дзень новаабраная Рада правяла сваё першае пасяджэнне.
Такім чынам, на Х з’ездзе ТБМ былі прыняты некалькі рэзалюцыяў:
- зварот да ўраду аб неабходнасьці ўдасканаленьня Закону аб мовах;
- зварот да грамадзян Беларусі ў сувязі з перапісам насельніцтва-2009 - памятаць, што яны беларусы, і называць пад час перапісу роднай мовай беларускую;
- зварот пра святкаванне 600-годдзя Грунвальдскай бітвы;
- заява аб вяртанні беларускай мовы на беларускае тэлебачанне.
Шчыра зычым усім сябрам і прыхільнікам ТБМ поспехаў і далейшай плённай працы на ніве беларушчыны!
Юрась Каласоўскі
Гл. таксама:Адбыўся Х зьезд ТБМ (фота)А. Трусаў: “І прэзідэнт зменіцца, і яго Міколка загаворыць па-беларуску”Адбылася канферэнцыя Магілёўскай суполкі ТБМ (фота)