галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
Фармат 3X1, альбо “P ART isan” ізноў у Магілёве (фота)
Да магілёўцаў ужо другі раз сёлета завітаў “P ART isan”. Перад прысутнымі (а іх было каля пяцідзесяці) выступілі Алесь Анціпенка, Максім Жбанкоў і Валянцін Акудовіч.

М. Жбанкоў, які быў вядоўцам (мадэратарам), адразу акрэсліў фармат сустрэчы: 3X1. Гэтая фармулёўка азначала, што трое гасцей выступяць перад прысутнымі па трох пытанннях – вынікі маніторынгу БАЖ па выбарах у парламент; прэзентацыя новага нумара “P ART isan”, прысвечанага лузерству; прэзентацыя студэнцкага літаратурна-філасофскага часопіса “Паміж” .

Фармат 3X1, альбо “P ART isan” ізноў у Магілёве (фота)
“pARTisan” у Магілёве. Фота mahilou.org


Алесь Анціпенка, які выступіў па першым пытанні, адзначыў, што ў выніку маніторынгу, праведзенага Беларускай асацыяцыяй журналістаў (БАЖ), можна ўпэўнена казаць пра маргіналізацыю сёлетняй выбарчай кампаніі. У якасці аргументаў сп. Анціпенка прывёў сціплае асвятленне выбарчай кампаніі ў дзяржаўных СМІ, якія ўжо працавалі ў фармаце здабытай уладай перамогі; выцясненне палітычных партый і кандыдатаў у дэпутаты на перыферыю інфармацыйнай прасторы, цэнтральнае месца якой занялі асоба прэзідэнта і ЦВК. Была выказана думка, што такім чынам улада не дапускае сваёй дэцэнтралізацыі, а сабраны матэрыял будзе выкарыстаны як доказ недэмакратычнасці беларускіх выбараў.

Фармат 3X1, альбо “P ART isan” ізноў у Магілёве (фота)
“pARTisan” у Магілёве. Фота mahilou.org


А вось часопіс “P ART isan” быў прадстаўлены М. Жбанковым як сродак “дэканструкцыі базавых мітаў беларускай свядомасці”, як своеасаблівая праблемная зона, тэрыторыя пытанняў, а не адказаў, як “пэўны правакатар мыслення”. Новы, сёмы нумар часопіса прысвечаны лузерству, альбо форме ілжывай ідэнтыфікацыі, заснаванай на мностве негатыўных ілюзій, якія людзі (народ) маюць у дачыненні да сябе.

“Што такое лузерства? Ці ёсць лузерства беларускім лёсам? Чалавек, у сэрцы якога гарыць агонь, таксама лузер?” - на гэтыя і падобныя ім пытанні аўтары часопіса і госці сустрэчы спрабавалі знайсці адказы ў зацікаўленай размове. Напрыканцы ж была зроблена выснова, што лузерства – гэта хутчэй не лёс, а стан свядомасці, а таму хопіць быць няшчаснымі, адчуваць сябе непаўнавартаснымі, быць па-за сістэмай агульначалавечых каардынат!

Фармат 3X1, альбо “P ART isan” ізноў у Магілёве (фота)
“pARTisan” у Магілёве. Фота mahilou.org


У заключнай частцы сустрэчы філосаф Валянцін Акудовіч прэзентаваў два апошнія нумары студэнцкага літаратурна-філасофскага часопіса “Паміж”, прысвечаных тэме… смяротнага пакарання. Паводле сп. Акудовіча, усё ў гэтым выданні – паэзія, проза, эсэістыка, інтэрв’ю – прысвечана смяротнаму пакаранню – сур’ёзнай анталагічнай праблеме. І сапраўды, наколькі чалавек як боскае стварэнне мае права сваімі рукамі забіваць сабе падобнага? Вось на такое далёка не простае пытанне імкнецца даць адказ чытачу часопіс “Паміж”.

Вялікая колькасць пытанняў і ажыўленая дыскусія паказалі, што прысутныя зацікавіліся прэзентаванымі выданнямі, якія можна было адразу ж набыць “па лаяльных коштах”, узяўшы таксама аўтаграф упадабанага аўтара.

Фармат 3X1, альбо “P ART isan” ізноў у Магілёве (фота)
“pARTisan” у Магілёве. Фота mahilou.org


“Лузер – гэта той, хто не мысліць, а значыць у нас ёсць неблагая рэчаіснасць і добрая перспектыва”, – гэтая калектыўна зробленая выснова, безумоўна, пацвердзіла выніковасць праведзенай прэзентацыі. Да новых сустрэч!

Юрась Каласоўскі


Гл. таксама:


“pARTisan” у Магілёве. Разам з Акудовічам (фота, відэа)

23:31 29.10.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы