У нядзелю, 2 лістапада, адбылося першае пасяджэнне рады ГА “Магілёўскае таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”. Новы склад рады, у якую гэтым разам увайшлі дзевяць чалавек, быў абраны на справаздачна-выбарчай канферэнцыі 19 кастрычніка. Напярэдадні пасяджэння сябры Магілёўскага ТБМ наведалі магілу грамадскай актывісткі Тамары Раманьковай.
На пасяджэнні, якое праводзіў Сяргей Дымкоў, былі абмеркаваныя надзённыя пытанні з жыцця арганізацыі, а таксама акрэслены планы на лістапад. Так, па-ранейшаму вельмі актуальным застаецца пытанне пра пошук памяшкання для нашага таварыства. У бліжэйшы час запланавана распачаць працу гуртка беларускай мовы, за што адказвае Алена Асмакоўская. Акрамя таго, з нагоды 90-годдзя БССР было вырашана арганізаваць працу (зварот да гарадской улады, збор подпісаў) па ўсталяванні помніка Цішку Гартнаму. Таксама сябры рады абмеркавалі працу бібліятэкі Магілёўскага ТБМ (адказныя Вольга Гаўрыленка і Зміцер Савіч) і арганізацыю падпіскі на газету “Наша слова”. На першым пасяджэнні гарадской рады быў прыняты наступны план працы на лістапад: * арганізаваць вечарыну, прысвечаную 60-годдзю Яўгеніі Янішчыц;
* прыняць удзел у вечарыне ў гонар 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, якую ладзіць 14 лістапада абласная бібліятэка;
* арганізаваць вечарыну, прысвечаную 20-годдзю стварэння Магілёўскага мартыралога;
* правесці 30 лістапада вандроўку на ўсход Магілёўшчыны (Клімавічы, Касцюковічы, Саматэвічы, Хоцімск);
* зладзіць творчыя сустрэчы з аўтарам шляхецкай гавэнды Віталём Еўмяньковым і гісторыкам Валянцінам Голубевым;
* на сайце Магілёўскага ТБМ стварыць раздзел, прысвечаны радзе таварыства. Наступнае пасяджэнне, якое будзе праводзіць Ю. Каласоўскі, запланавана правесці 16 лістапада. 23:27 2.11.2008 |