У суботу, 15 лістапада, у Магілёве ў межах кампаніі “Будзьма” адбылася творчая сустрэча з сябрамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком. На сустрэчы былі прэзэнтаваныя кніга “З Богам да Беларусі” ксяндза Адама Станкевіча, аднаго з заснавальнікаў Хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці.
Творцы па-сапраўднаму ўразілі магілёўцаў сваімі творамі: і калі Леанід Дранько-Майсюк выдатна дэклямаваў уласныя вершы, то Эдуард Акулін, акрамя вершаў, проста віртуозна выканаў некалькі песень. Канешне, пасля такога не магло не адбыцца зацікаўленай размовы: пра паэзію, пра жыцьцё, пра Беларусь, пра хрысьціянства…

Паэт Леанід Дранько-Майсюк. Фота mahilou.org
Дарэчы, Аргкамітэт па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя”, які стаў арганізатарам сустрэчы, акрамя кнігі Адама Станкевіча, прэзэнтаваў кнігу Ўладзімера Конана “Адам Станкевіч” з сэрыі “Беларускі кнігазбор”, кампакт-дыскі “Беларускі хрысьціянскі хіт” і “Беларускія дакумэнтальныя фільмы” (праект “Пакаяньне”). Таксама ўдзельнікам сустрэчы прапанавалі далучыцца да кампаній “Люблю Беларусь!” і “За сямейныя каштоўнасьці”, ініцыятарам якіх зьяўляецца Аргкамітэт па стварэньні БХД.

Бард Эдуард Акулін з майкай Магілёўскага ТБМ і старшыня Магілёўскай суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў у майцы "Будзьма!"Напрыканцы імпрэзы яе найбольш актыўныя ўдзельнікі атрымалі ад Эдуарда Акуліна кашулькі з лягатыпам кампаніі “Будзьма”.
Наша даведкаЭдуард Акулін — паэт, перакладчык, бард. Нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Вялікія Нямкі на Гомельшчыне. Скончыў Гомельскі дзяржаўны інстытут і асьпірантуру НАН Беларусі. Працаваў настаўнікам, загадчыкам філіі Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча "Беларуская хатка", намесьнікам галоўнага рэдактара часопісу "Першацьвет", загадчыкам аддзелу паэзіі часопісу "Полымя". Цяпер — намесьнік галоўнага рэдактара часопісу "Дзеяслоў", а таксама — намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.

Бард Эдуард Акулін. Фота mahilou.orgАўтар кніг паэзіі: "Лёс дзённага асьвятленьня" (1988), "Пяшчота ліўня" (1990), "Крыло анёла" (1995), "Радио"( 2000), "Непрычалены човен" (2003), "Маленькае я — гэта Я..." (пераклад зь нямецкае мовы аўстрыйскай пісьменьніцы Міры Лобэ), драматычнай містэрыі "На Каляды" (1996), шматлікіх перакладаў з украінскай, польскай, літоўскай і нямецкай моваў, а таксама песенных магнітаальбомаў : "Мая Крывія" (1995), "Як яна і я" (2000) і кампакт-дыскаў "Напачатку была Песьня" (2003) і “Песьні залатой Крывіі” (2008).
Вершы перакладаліся на ангельскую, францускую, італьянскую, украінскую, расейскую, польскую, баўгарскую, чэскую і сэрбскую мовы.
Ляўрэат Першага нацыянальнага фэстывалю беларускай бардаўскай песьні (1993).
Дранько-Майсюк Леанід — паэт, празаік, эсэіст, перакладчык. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў Давыд-Гарадку. Пасля заканчэньня Давыд-Гарадоцкай сярэдняй школы № 2 (1974) працаваў на мясцовым заводзе сьлясарна-мантажных інструмэнтаў. У 1975 г. паступіў на завочнае аддзяленьне паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве. У 1976-1978 гг. служыў у Савецкай Арміі. Пасьля дэмабілізацыі перавёўся на стацыянарнае аддзяленьне Літінстытута, які скончыў у 1982 г. З 1982 г. - рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сябра СП СССР з 1984 г. Першыя вершы надрукаваў у столінскай раённай газэце «Навіны Палесся» ў 1972 г., у рэспубліканскім друку выступіў у 1975 г. (газэта «Чырвоная змена»). Аўтар кніг “Вандроўнік”, “Тут”, “Над пляцам”, “Акропаль”, “Стомленасць Парыжам”, “Гаспода”, “Паэтаграфічны раман”, “Вершы. Каханне. Проза” і інш. Жыве ў Менску.
Таксама прапануем вашай увазе ўрывак з “Прыватнага дзёньніка” Эдуарда Акуліна, прысьвечаны візыту ў Магілёў у 2005 годзе.
14 лютага, панядзелак. Усе мы з дывізіі Пысіна
Сьвяты Валянцінаў дзень разам з Барысам Пятровічам, Алесем Пашкевічам і Леанідам Дранько-Майсюком “адсьвяткаваў” у Магілёве, куды “Дзеяслоў” ласкава запрасілі сябры магілёўскага ТБМ і клюб творчай інтэлігенцыі “Чароўны ўспамін”.
І напраўду, успамін аб нашай магілёўскай адысэі асабіста для мяне застанецца ўзьнёсла-ўскрыленым і “чароўным”. Ня толькі таму, што за адзін (хай сабе і сьвяты, але ж не бясконцы) дзень мы пасьпелі наладзіць тры творчыя сустрэчы (на філфаку МДУ імя Аркадзя Куляшова, у Магілёўскім гуманітарным ліцэіі і ў Палацы культуры камбіната “Хімвалакно), а перадусім таму, што нам пашчасьціла наведаць магілу выдатнага майстра беларускай паэзіі — Аляксея Пысіна. Пратаптаўшы сьцяжыну па няходжаным сьнежным цаліку Каталіцкіх могілак, мы рукамі разгрэблі сьнег з надмагільля, і на гранітнай плашчаніцы выразна праявіліся неўміручыя пысінскія радкі:
Я гляджу на даўняе курганьне, На траву, на рыжых мурашоў. Ведайце: калі мяне ня стане — Я ў сваю дывізію пайшоў...
Нам адразу прыгадаўся яшчэ адзін магілёвец — Алесь Пісьмянкоў, які так любіў паэзію сваіх землякоў — Аркадзя Куляшова, Міхася Стральцова і Аляксея Пысіна і які так рана далучыўся да іх зорнага шэрагу.
Вяртаючыся дадому, у паўночны Менск па раўнюткай, як напятая струна, магілёўскай трасе, міжволі думалася пра вечнае. Па вялікім рахунку — усе мы з паэтычнай дывізіі Пысіна. Толькі час нябеснай мабілізацыі ў кожнага з нас — свой...