галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
“Вераб’іная ноч” у Магілёве
30 хвілінаў цішыні – такая неспадзяванка чакае гледачоў прэм’ернага спектаклю "Вераб'іная ноч", які можна паглядзець ў Магілёве. Другая асаблівасць пастаноўкі – "моўная аўтэнтычнасць" персанажаў. На сцэне афіцэры расейскага войска размаўляюць па-расейску, а беларускі рэкрут, вядома ж, – па-беларуску.

"Вераб'іная ноч" – гэта п'еса паводле матываў гістарычнага апавядання Уладзіміра Караткевіча “Паром на бурнай рацэ”. Пастаноўка збірае ў Магілёўскім тэатры поўныя залы.

Віктар Куржалаў, рэжысёр: "Калі жанчына, якая едзе ратаваць мужа і для якой кожная секунда каштоўная, па дарозе ўмудраецца закахацца, калі абсалютна нелінейная логіка, ад каторай мы проста стаміліся, – тады аказваецца, што гэта не блытаніна, а ўзор, які падводзіць нас да вельмі апазіцыйнай на сёння думкі: усё складана".

Праблема маральнага выбару – паміж гонарам, каханнем і жыццём – вось што робіць спектакль актуальным.

“Вераб’іная ноч” у Магілёве
Магілёўскі тэатар. Фота mahilou.org


Ганна Печнікава, акторка: "Нават на сённяшні дзень, я думаю, яшчэ не ўсё так згублена нашым пакаленнем, і пытанне годнасці ў нас таксама застаецца. І гэта не так проста: наступіць на сябе дзеля ратавання блізкіх. Ты гэта зробіш, але пытанне ў тым, як ты на гэта пойдзеш".

У гэтай гісторыі кахання – кароткай і яскравай – асаблівую ролю рэжысёр аддае гледачу.

Віктар Куржалаў, рэжысёр: "У спектаклі, калі ў суме сабраць, – трыццаць хвілінаў цішыні, калі акторы нічога не кажуць. І калі зала ў гэты час не хрумсціць, не чаўкае і разам з імі маўчыць, то я думаю, што сёння гэта грамадзянскі подзвіг гледача".

Гэтае маўчанне, прызнаюцца акторы, сведчыць пра суперажыванне гледачоў не менш красамоўна, чым самыя гучныя авацыі.

Белсат

22:54 15.11.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы