галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь
“Ён першы сеяў зярняты…” (фота)
У Магілёўскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы 17 лістапада адбылася вечарына ў гонар 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Супольна з ЦГБ імя К. Маркса імпрэзу аргнанізавалі Палац культуры вобласці і Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ імя Францішка Скарыны.

“Ён першы сеяў зярняты…” (фота)
Вечарына ў гонар 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Фота mahilou.org


Пра біяграфію нашага выдатнага земляка, найбольш адметныя моманты якой таксама паказваліся на экране, прысутным распавядалі Надзея Краўцова (ЦГБ) і старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў.

“Ён першы сеяў зярняты…” (фота)
Вечарына ў гонар 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Фота mahilou.org


У гэтым расповедзе давялося пачуць і пра такіх цікавых людзей, як родны дзядзька пісьменніка Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч – лінгвіст, драматург, палітычны і царкоўны дзеяч; Антон Лявіцкі – будучы беларускі пісьменнік Ядвігін Ш., які вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцынцы, арганізаванай Марцінкевічамі.

“Ён першы сеяў зярняты…” (фота)
Вечарына ў гонар 200-годдзя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Фота mahilou.org


Акрамя таго, на працягу сустрэчы перад яе гасцямі выступалі выхаванцы народнага тэатра з Палаца культуры вобласці (кіраўнік Ала Кускова), якія прадставілі ўрывак з “Неспадзяванкі для майстрыхі”, маналогі Марысі з “Пінскай шляхты” і Адэлі з “Залётаў” і самога Ядвігіна Ш., тады яшчэ Антона Лявіцкага, вучня пісьменнікавай дачкі Цэзарыны Марцінкевіч.

Кожны з прысутных атрымаў тэматычны буклет, прысвечаны біяграфіі нашага земляка.

Юрась Каласоўскі


“Ён першы сеяў зярняты…” (фота)Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Кароткія біяграфічныя звесткі:

Нарадзіўся ў 1808 годзе (па іншых звестках у 1807 годзе) у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета ў сям'і арандатара. Рана асірацеў. З-за хваробы не змог набыць грунтоўную адукацыю. З 1827 па 1840 гады працаваў у розных установах Мінска. У 1840 годзе, зрабіўшы буйныя грашовыя пазыкі, купіў невялікі фальварак Люцынка каля Івянца і кінуў казённую службу.

Сям'я Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ўдзельнічала ў паўстанні 1863-1864 гг. Больш года пісьменнік правёў у мінскай турме. Выпушчаны на волю, амаль увесь час знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Старэйшая дачка Каміла апынулася ў ссылцы.

У 40-я гады стварыў тэатр. Дзейнасць яго была забаронена ў 1852 годзе, аднак нелегальна тэатр праіснаваў яшчэ чатыры гады.

Раннія творы, лібрэта аперэт "Чарадзейная вада", "Спаборніцтва музыкаў", "Рэкруцкі яўрейскі набор" не захаваліся. У 1846 г. было надрукавана лібрэта оперы "Ідылія" ("Сялянка").

У 50-я гады напісаў некалькі вершаваных апавяданняў і аповесцей ("Вечарніцы", "Гапон", "Шчароўскія дажынкі", "Травіца брат-сястрыца" і інш.).

У 1866 г. з'явілася камедыя "Пінская шляхта", у 1870 г. - "Залёты" (творы апублікаваны толькі ў 1918 г.).

У 1859 г. пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". Пераклад быў канфіскаваны і забаронены царскай цэнзурай.

У апошнія гады жыцця (пасля 1876 г.), пазбаўлены права друкаваць творы, пакінуць межы Люцынкі без дазволу паліцыі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч адкрыў у фальварку на ўласныя грошы школу для дзяцей з навакольных вёсак.

На польскай мове В. Дунін-Марцінкевіч напісаў большую частку вершаў, некалькі вершаваных аповесцей і апавяданняў ("Славяне ў XIX стагоддзі", "Люцынка, або Шведы на Літве" і інш.).

Памёр 17 (29) снежня 1884 г., пахаваны на могілках у Тупальшчыне



Гл. таксама:

ТБМ у Магілёве: анонс падзей

19:02 17.11.2008
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы