У першую нядзелю лістапада на Беларусі адзначаецца Дзень памінання продкаў – Дзяды. Не забытыя яны і на Магілёўшчыне. Пад ціхі лістападаўскі дожджык сябры Магілёўскага ТБМ ушанавалі памяць слаўнай дачкі беларускай зямлі – Раманьковай Тамары Амяльянаўны, якая спрычынілася да стварэння Рэспубліканскага гісторыка-асветніцкага таварыства памяці ахвяр сталінізму “Мартыралог Беларусі”. Пахавана яна на старадаўніх Машэкаўскіх могілках у Магілёве.
І вось прыбрана яе магіла, гараць свечкі, пачынаецца ціхая, нязмушаная размова. Знакаміты магілёўскі гісторык Ігар Пушкін прапануе спачатку ўзгадаць, так бы мовіць, “агульнанацыянальных” Дзядоў, і прысутныя па чарзе называюць вялікага князя Альгерда, Вітаўта, святую патронку Беларусі Еўфрасінню Полацкую…

Тамара Раманькова. Архіўнае фотаАктывіст ТБМ, кіраўнік Магілёўскай суполкі Беларускага ПЭН-цэнтру Міхась Булавацкі, які ўдзельнічаў у першым паседжанні Магілёўскай філіі “Мартыралога Беларусі”, пранікнёна распавёў пра няўрымслівы жыццёвы шлях спадарыні Раманьковай, яе нялёгкі асабісты лёс, а напрыканцы прачытаў верш “Курапаты”, знойдзены ў яе архівах.
І на магіле Тамары Амяльянаўны было адчуванне непарыўнасці векавых традыцый, бо жыве памяць пра дзядоў – жывуць і іх справы. Дык будзем удзячныя ім за тое. І, прыходзячы да гэтых магілаў не толькі ў святы, будзем адчуваць іх прысутнасць і ўдзячнасць. А самі будзем вартыя іх памяці.
Зміцер СавічДзяды
Памяці Раманьковай Тамары Амяльянаўны
Нас сустрэла шапаценне лістоты.
На могілках сцішанасць.
Прыгожа льецца лісце на зямлю.
Ідзем да магілы, як тулімся да чалавека.
Прыслухоўваемся да сябе.
Чакаем знакаў...
Дзесь побач “той свет”, дзе цела болей не замінае духу.
Амяльянаўна. Дзіўны і мужны чалавек, сціплы і непрыкметны ў паўсядзеннасці.
Блукаем сцежкамі яе няпростага жыцця, каб знайсці тую, што вывела чалавека на шлях Служэння. Ці было гэта наканавана ёй ад роду? Ці так, як многія з тых, хто мелі дачыненне да даследвання камуністычных рэпрэсій, зрабілі немагчымым для сябе другое існаванне, акрамя бескампраміснай праўды, а за яе ў гэтым свеце прыходзіцца вытрымліваць Вялікае змаганне.
І цела ў гэтай справе – першы здраднік.
Таму яму прытулак тут, на могілках.
А дух – у бясконцым імкненні людзей да існасці быцця.
Вітаем Вас, спадарыня.
Алена Асмакоўская
Гл. таксама:
У Магілёве ўшанавалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (фота)