У адноўленай Магілёўскай ратушы 23 лістапада адбылася прэзентацыя кнігі “Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне” з удзелам аўтараў і рэцэнзентаў – Алеся Агеева і Алега Трусава, Ігара Марзалюка і Ігара Пушкіна. Мерапрыемства арганізавалі Цэнтральная гарадская бібліятэка імя Карла Маркса, Музей гісторыі Магілёва і Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Гасцямі імпрэзы сталі каля ста магілёўцаў.
Алег Трусаў і Аляксандар Агееў. Фота mahilou.org
На пачатку прэзентацыі Алесь Агееў распавёў прысутным пра ідэю стварэння кнігі, пасля чаго да размовы далучыўся Алег Трусаў, які расказаў пра Магдэбургскае права і гісторыю магілёўскай ратушы. Далей госці сустрэчы азнаёміліся з Магілёвам губернскім, гісторыяй горада ў пачатку мінулага стагоддзя.
Неабходна адзначыць, што да мерапрыемства ЦГБ імя К. Маркса падрыхтавала вельмі цікавую кніжную выставу, прысвечаную Магілёву, а таксама распрацавала адпаведную мультымедыйную прэзентацыю, якая выдатна праілюстравала аповеды аўтараў і рэцэнзентаў кнігі.

На прэзентацыі было шматлюдна. Фота mahilou.orgПасля выступлення А. Трусаў і А. Агееў выказалі вялікую падзяку усім, хто спрычыніўся да адраджэння сімвала гарадскога самакіравання і падарылі тым з іх, хто прысутнічаў на сустрэчы, асобнікі кніг з аўтографамі.
Таксама аўтары выказалі надзею на хуткае перавыданне кнігі, якая ўжо сёння стала сапраўдным рарытэтам. Пры гэтым яны падкрэслілі, што ў новае выданне можна будзе ўключыць шмат новага матэрыялу, які па розных прычынах не быў уключаны ў першае выданне. “Ратуша – сімвал дабрабыту, прыкмета еўрапейскай культуры і таго, што Беларусь вяртаецца ў Еўропу”, - адказаў Алег Трусаў на пытанне пра тое, чым з’яўляецца для яго ратуша.

Алег Трусаў і Аляксандар Агееў. Фота mahilou.orgРэцэнзенты кнігі адзначылі вялікае сімвалічнае значэнне адноўленай ратушы. Доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, перадусім звярнуўшы ўвагу на вялікі ўнёсак Алега Трусава ў справу адраджэння ратушы, сказаў: “Ратуша – не проста кавалак цэглы, а важны маркер прыналежнасці да гарадской еўрапейскай цывілізацыі, да еўрапейскай сістэмы вартасцяў, увасобенай у павазе да чалавека і супольнасці… Ратуша – важны цэнтр жыцця, вяртання традыцый, павагі, вяртання да сябе. Калі аднаўляюць такія помнікі – хочацца жыць…” Таксама сп. Марзалюк надзвычай жыва і займальна распавёў пра жыццё Магілёва як горада з Магдэбургскім правам, выказаўшы пажаданне ў перавыданні кнігі паказаць праз будынак ратушы яшчэ і “людзей, рэчы, эмоцыі”. Напрыканцы выступлення І. Марзалюк паведаміў, што ўжо сёння вядуцца сур’ёзныя размовы пра аднаўленне ў Магілёве палаца губернатара.

Асобнік кнігі атрымалі зборшчыкі подпісаў за адбудову Ратушы. Фота mahilou.orgІгар Пушкін звярнуў увагу на тое, што кніга пра Магілёўскую ратушу – адзіная ў сваім родзе, бо яна прысвечана асобнаму будынку. “Аднаўленне ратушы стала фіксацыяй таго факту, што яна дагэтуль жыла ў свядомасці кожнага магілёўца… Са з’яўленнем ратушы Магілёў набыў сваю адметнасць, але гэта - усяго этап вялікай стваральнай працы”, - зазначыў сп. Пушкін і прапанаваў вылучыць кнігу “Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэнне” на прэмію Магілёўскага гарвыканкама.

Уручэнне пасведчанняў ТБМ новым сябрам. Фота mahilou.orgНапрыканцы сустрэчы выступіў старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў, які ад імя ўсіх прысутных падзякаваў аўтарам і рэцэнзентам кнігі, прэзентаваўшы А. Агееву і А. Трусаву майкі з выявай магілёўскай ратушы.

Слова ўзяў Алег Дзьячкоў. Фота mahilou.orgСкончылася прэзентацыя тым, што Алег Трусаў урачыста ўручыў пасведчанні актывістам Магілёўскага ТБМ, пажадаўшы ім вялікіх здзяйсненняў на ніве адраджэння беларушчыны. Будзем спадзявацца, што адноўленая ратуша, якая калісьці была сімвалам гарадскога самакіравання, стане цяпер сімвалам абуджэння і адраджэння!
Юрась КаласоўскіДАВЕДКА
Магілёўская ратуша на працягу стагоддзяў была адным з лепшых помнікаў грамадзянскай архітэктуры ва Усходняй Беларусі, гэта была яркая пабудова, створаная мясцовымі дойлідамі ў стылі прагрэсіўных еўрапейскіх архітэктурных плыняў. Акрамя таго, увесь час свайго існавання яна выступала сімвалам самакіравання, а значыць, сімвалам грамадзянскіх свабод гэтага славутага гораду. Аб значнасці гэтай пабудовы для саміх магілёўцаў сведчыла тое, што яна была вышэйшая нават за гарадскія храмы.
Першапачатковы ратуша, узведзеная ў канцы 17 ст., уяўляла сабой мураваны прамавугольны будынак, створаны ў 1679-81 гг. мясцовымі майстрамі пад кіраўніцтвам майстра Феські. У 1682-86 гг. да галоўнага фасада пад кіраўніцтвам майстра Крузберга з Быхава была дабудаваная высокая (каля 26 м) вежа, аднак яна хутка абвалілася. У 1692-98 гг. мясцовыя дойліды на чале з майстрам Ігнатам адбудавалі новую вежу вышынёй 38 м. Па архітэктурным стылі ратуша першапачаткова працягвала традыцыю беларускага барока. У 1773 г., пасля далучэння Магілёва да Расіі, будынак ратушы быў рэканструяваны ў стылі класіцызму. Аднак нават пасля таго, як горад згубіў свае вольнасці, ратуша захоўвала сваё сімвалічнае значэнне. Нездарма яе вобраз – ці не самы часты на паштоўках, малюнках гарадскіх краявідаў 19 – пач. 20 стагоддзяў.

Магілёўская ратуша. Фота mahilou.orgЗнішчыць цагляную кладку магілёўскай ратушы не здолелі ані войны, аблогі, пажары даўніх часоў, ані бомбы Другой Сусветнай. Старыя расказваюць показку, што нямецкі снайпер, засеўшы ў вежы ратушы, доўга стрымліваў наступ чырвонаармейцаў. Снайпера знялі снарадам з гаўбіцы.
На пасляваенных здымках ратуша вышчэрбленая не менш за Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці, аднак наогул амаль цэлая. У савецкай энцыклапедыі “Магілёў”, выдадзенай у 1980-я, напісана, што ратуша “знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі”. Насамрэч загад аб яе разбурэнні прыйшоў больш чым праз дзесяць гадоў пасля вайны. Гэта быў апошні з загадаў, па якіх разбураліся магілёўскія святыні – Васкрасенская царква, Іосіфаўскі сабор… Загад з Масквы не тлумачыўся ніяк. Ратушу ўзрывалі двойчы. І двойчы сцены трывалі, толькі пыл падняўся. Тады зруйнавалі бульдозерамі.
Аляксей Бацюкоў Гл. таксама:Патрапіць на аглядную пляцоўку Ратушы пакуль нельгаМагілёўскую ратушу адкрылі паўторна (фота)СМІ пра адкрыцьцё Магілёўскай ратушыСёмая Ратуша ў Беларусі (фота, відэа)Магілёўская ратуша: учора і сёння (фота)Ратуша: талака а 17-ай гадзінеМагілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)Ратушу адчыняць 3 ліпеня (фота)На шпілі Ратушы ўсталяваны флюгер (фота)Вежа Ратушы цяпер з купалам і шпілем (фота)Аднаўленьне Ратушы. Красавік (фота)Ратуша: будаўнікі атынкоўваюць сьцены, узводзяць дах (фота)Адбудова Ратушы: пачатак сакавіка (фота)На вежы адноўленай Ратушы будзе бiць гадзiннiкНямецкая дахоўка для Магілёўскай ратушыАднаўленьне Ратушы: стан на 1 лютага (фота)Фатаздымкі Ратушы: звонку й унутрыПрацы па адбудове Ратушы ідуць да позьняга вечару (фота)