Дарагія сябры! Магілёўская суполка ТБМ імя Францішка Скарыны ў нядзелю, 7 снежня, ладзіць аднадзённую вандроўку на крайні ўсход Беларусі па маршруце Магілёў – Собалеўка (Клімавіцкі раён, страусіная ферма) – Хоцімск – Гаўрылаўка (самы ўсходні населены пункт краіны) – Канічы (касцёл пач. 20 ст.) – Саматэвічы (музей Аркадзя Куляшова) – Касцюковічы – Магілёў. Ад'езд 7 снежня а 7.00 з Касцярні. Далучайцеся!Герб Касцюковічаў і Касцюковіцкага раёна ўяўляе сабой выяву на чырвоным полі гішпанскага шчыта двух залатых перакрыжываных жытнёвых каласоў, суправаджаных уверсе залатым гарлачом, унізе – срэбнай падковай.
Касцюковічы вядомы з канца 16 ст. як дзяржаўнае ўладанне ў Крычаўскім старостве ВКЛ. У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. далучаны да Расійскай імперыі. З 1924 г. ў БССР, цэнтр раёна, у 1938 г. мястэчку нададзены статус горада. З 1973 г. працуе краязнаўчы музей. Сёння ў Касцюковічах, якія знаходзяцца за 160 км на ўсход ад Магілёва на рацэ Жадунька, 16 тыс. жыхароў.
У Касцюковіцкім раёне захаваліся помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (2-я палова 19 ст.) у в. Гаўрыленка, царква (1897) у в. Забычанне, касцёл, царква (2-я палова 19 ст.) і бровар (1914) у в. Канічы, Свята-Траецкая царква (1842) у в. Саматэвічы. У в. Студзянец нарадзіліся дзеяч рэвалюцыйнага руху, публіцыст Панцеляймон Лепяшынскі (1868- 1944) і беларускі паэт Аляксей Русецкі (1912-2000), у в. Саматэвічы - народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў (1914-78), у в. Шчаглоўка - жывапісец А. Бархаткоў (1917-2001), у в. Канічы - пісьменнік Васіль Хомчанка (1919-92), у в. Вялікі Бор - народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў (1934-96), у в. Бялынкавічы - паэт Алесь Пісьмянкоў (1957-2004).
Герб мястэчка Хоцімск уяўляе сабой срэбны меч дзяржальняй уверх у чырвоным полі "варажскага" шчыта, злева і справа ад яго дзве клямры, выступамі на вонкавы бок.
У летапісах гэтыя месцы згадваюцца з XVI стагоддзі. Дакументальна пацверджана, што ў 1430 г. ў Вялікім княстве Літоўскім існавала мястэчка Хоцімль. Аднак у даследаваннях беларускага археолага і гісторыка А. Мяцельскага гаворыцца, што сучасны Хоцімск быў заснаваны паміж 1695 і 1700 гг. як слабада. У 16 стагоддзі вёска ўваходзіць у склад Мсціслаўскага ваяводства. У 1714 г. паводле універсала канцлера К. С. Радзівіла насупраць вёскі Хоцімск на левым беразе Беседзі было закладзена мястэчка Радзівілаў. Падчас Крычаўскага антыфеадальнага паўстання сялянскі атрад Кастуся Вашчылы ў траўні-чэрвені 1740 г. ператварыў у руіны паташныя прадпрыемствы, але ў сутычцы з атрадам стараства пад Хоцімскам быў разгромлены. Неўзабаве паўстаў новы ўзброены атрад на чале з Васілём Вашчылам, які стаў паслядоўнікам паўстання. З 1772 г. Хоцімск, які паглынуў Радзівілаўскі маёнтак, увайшоў у Расійскую імперыю.
У 19 ст. Хоцімск належаў Галынскім, Кучэўскай, Абаленскаму. З 26 красавіка 1919 г. мястэчка - цэнтр воласці Клімавіцкага павета Гомельскай губерні РСФСР. З сакавіка 1924 г. Хоцімск у складзе БССР, раённы цэнтр.
У гады Вялікай Айчыннай вайны быў акупаваны нямецкімі захопнікамі, якія знішчылі 700 мірных грамадзян. 26 верасня 1943 г.. Хоцімск у ліку першых раённых цэнтраў Беларусі быў вызвалены ад захопнікаў войскамі Бранскага фронту. Сёння ў самым усходнім мястэчку Беларусі 7 тыс. жыхароў, працуе гісторыка-краязнаўчы музей, захаваліся Свята-Троіцкая царква 19 ст., царква 19 ст. 17:56 4.12.2008 |