(рэцэнзія на спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Каласы пад сярпом тваім” У.Караткевіча)
Гістарычная драма
сцэны ў дзвюх дзеях
Інсцыніроўка, пастаноўка і рэжысура
заслужанага дзеяча мастацтваў Валерыя Анісенкі
сцэнаграфія і касцюмы Марыны Шусты
музыка, харэаграфія Ларысы Сімковіч
Рэжысёр-педагог па мове
заслужаны артыст РБ, прафесар Ілля Курган
Спектакль адкрыў фестываль беларускай драматургіі ў Бабруйску (лістапад – снежань 2009 г.)
На жаль не кожны дзень магчыма паспытаць гонар за Беларусь і беларусаў. На пастаноўцы “Каласоў пад сярпом тваім” гэта, дзякуй Богу, удалося. Рэжысёр – Валеры Анісенка – зрабіў адзінае, што да яго належала: не перашкаджаў голасу Уладзіміра Караткевіча прабівацца да сэрцаў гледачоў. Не затлуміў змест рамана постмадэрнісцкай гульнёю, не згвалціў вобразы, а прывёў жывы, дыхаючы твор на тэатральную пляцоўку і, самае галоўнае, пераканаў усіх у тым, што ён – твор – нацыянальны беларускі, нават нягледзячы на тое, што дзейнічаюць і размаўляюць у ім “яснавяльможныя паны”.
А паны размаўлялі часам па-руску, па-французску. Справа ж у тым, што ў чужой мове думка аб Беларусі не патанала, не гублялася. І гэта думка – стрыжань, на які нанізана ўсё і ў Караткевіча, і ў Анісенкі. Выцягнеш вобраз Беларусі з рамана або з пастаноўкі – і ўсё рассыпецца на дробныя кавалкі, сюжэт стане цмяным, а персанажы – штучнымі, схематычнымі (так,
як гэта адбылося ў “Вераб’інай ночы” Магілёўскага драматычнага тэатра).
Менавіта Беларусь – вечная караткевічава дамінанта. І любому нават самаму таленавітаму рэжысёру гэта трэба ўспрымаць як закон. Але не толькі гэта… Трэба яшчэ ўсвядоміць, што значыць па Караткевічу быць беларускім аўтарам. Калі каротка, гэта значыць – біць у звон, лямантаваць: “Беларусы, адрадзіцеся! Паўстанце з пепла гэтакімі ж волатамі, як і вашы продкі!”

Аўтар “Каласоў…” працягваў адраджэнскую плынь (Багушэвіч, Купала, Ластоўскі, Тарашкевіч, Арсеннева). І рэжысёр, які толькі плануе паставіць Караткевіча, павінен зразумець, што непазбежна стане ў іх шэраг. А гэта не просты крок… бо патрабуе мужнасці і вялікай адказнасці!
Мужнасці таму, што быць беларусам – справа не простая ва ўсе часы. У савецкі перыяд гэта значыла быць перадусім нацыяналістам: не друкавацца, не сустракацца з чытачамі і г.д. У.Караткевіч гэтага, відаць, не баяўся, бо пісаў так, што яго “кнігі кралі ў бібліятэках”, а мясцовыя ідэолагі не рашаліся забараняць творы з прычыны іх надзвычайнай папулярнасці. Пісаў і прасоўваў беларускія ідэі. Невыпадкова менавіта з У.Караткевіча вырастала пакаленне 80-х – пачатку 90-х, якое ідэю адраджэння зрабіла ідэалагічным падмуркам незалежнай Беларусі.
Зараз, вядома, іншыя часы – іншыя ідэалагічныя ўстаноўкі , і любая п’еса з яскрава выяўленымі адраджэнскімі ідэямі (і тым больш, калі гэта п’еса па У.Караткевічу) павінна быць так дасканала пастаўлена, каб на яе прэм’еру кралі квіткі, а жонкі чыноўнікаў станавіліся ў чаргу дзеля таго толькі, каб узяць аўтограф у рэжысёра ці актора. І ў гэтым, пагадзіцеся, вялікая адказнасць...
В.Анісенку ўдалося максімальна наблізіцца да дасканаласці… (не ведаю пра тое, ці кралі насамрэч квіткі ў тэатральных касах, але чаргу да рэжысёра бачыў на ўласныя вочы). Канешне, перанесці на сцэну ўсё складанае дзеянне рамана, усе сюжэтныя лініі магчымасці не было. Як прызнаецца рэжысёр, “мы ўзялі толькі некаторыя старонкі”, канцэптуальна сабраныя вакол вобраза Беларусі і падпарадкаваныя пошуку адказаў на пытанні: “Хто мы? Адкуль? На чыіх плячах узраслі?”
“Пра нашы карані, нашу гісторыю, магутную культуру, мову, пра станаўленне маладой асобы будзе спектакль”, – падкрэслівае В.Анісенка.

Разгляд спектаклю пачнём з уступу да першай яго сцэны. Змрочныя фарбы, людзі-здані, пусткі, балоты і пасярод усяго гэтага, як белая варона паміж крумкачоў, – стары лірнік, апрануты ў лахманы з расцярушанымі па плячах сівымі валасамі. Лірнік – вобраз важны, няпросты. Ён – даніна і літаратурнай, і міфалагічнай (вайдэлоты) традыцыям. У літаратуру гэты вобраз увялі віленскія рамантыкі на пачатку ХІХ ст. У Міцкевічавым “Валенродзе”, напрыклад, ён спявае сумныя песні над “магілай народа”, аплаквае спапялёную крыжакамі Літву-Беларусь. Вобраз старца-вайдэлота зрабіўся культурным маркерам, які пазначаў краёвую літаратуру Беларусі і адрозніваў яе ад польскай. А тое, што У.Караткевіч працягваў традыцыю менавіта “краёўцаў” – факт відавочны. Нездарма “Каласы…” параўноўваюць з “Панам Тадэвушам” А.Міцкевіча.
Старац у спектаклі В.Анісенкі робіць тое ж, што і вайдэлот у “Конрадзе Валенродзе” А.Міцкевіча – спявае аб спапялёнай, здратаванай і выпушчанай на здзек Беларусі. Голас яго падобны да галашэнняў, а ў словах – боль, слёзы, і мёртвы супакой. Ён менавіта выскрыпвае, выдзірае гукі з сэрца. Так скрыпяць цвінтарныя крыжы, шыбеніцы ды брамы закінутых дамоў… Глядач, на якога нечакана абрынулася гэтае ”рыпенне”, нібы натыкаецца з налёту на сталёвы слуп, б’ецца аб яго – і праз боль, праз суперажыванне вырываецца з гарадскога тлуму і трапляе ў легенду, у казку, у іншую Беларусь, на крыжовых шляхах якой – жабракі і князі, а на палетках – касцёлы, замкі і пахілыя хаціны, на кірмашах – фанабэрыстыя шляхцюкі і ціхмяныя сяляне, а ў карчмах – яўрэі-цымбалісты ды вусатыя дзядзькі.
“Рыпенне” старца ўводзіць гледача ў нацыянальны Космас беларусаў (што ўжо само па сабе – вартая ўвагі знаходка рэжысёра). Яно стварае адпаведнае эмацыянальнае ўражанне ад гістарычнага перыяду – сярэдзіна ХІХ ст. Беларусь – паланянка, забітая, закатаваная, распятая на царскім крыжы. Сяляне стогнуць пад панскім ярмом, паны п’юць і шалеюць – як перад смерцю. Такое ўражанне, што цела некалі велічнага народа ў труне, у труне забітыя героі і колішнія валадары, і толькі душа народа, якая ў песнях, лётае над пусткамі і дрыгвою:
Карагодам, віхураю ўецца навала.
Скачуць д’яблы з вядзьмаркамі, скачуць агні...
Мёртвым сном войска мёртвае спіць на
зямлі...
Мо манголы прайшлі?
Мо гуны прайшлі?
У.Караткевіч, “О, якая туга...”Не манголы і не гуны, але “цараняты”, якія знішчаюць і руйнуюць, паляць і забіваюць: 1769, 1794, 1812, 1831, 1863... Колькі яшчэ год пазначаны кроўю на целе народа? Уся Беларусь – адзіны вялікі цвінтар. Могілкі і крыжы – яе сімвал і яе рэальнасць. І невыпадкова ўпершыню Алеся Загорскага – цэнтральнага персанажа спектакля – мы сустракаем менавіта там. На тле жалобнага белага крыжа пан Юры з сынам сыходзяць у фамільны склеп. “Сорак чалавек аддзяляе цябе ад даўніны, – кажа пан Юры сыну, – сорак чалавек ляжаць у гэтай зямлі!”
Дакранаючыся да свету продкаў, Алесь (ролю якога бліскуча выконвае Ілля Ясінскі) клянецца не адрадзіцца ад іх, быць гэтакім жа мужным, адданым і верным Айчыне. Рыцарская клятва зямлі, у якой косці дзядоў, адначосова і ініцыяцыя ў мужчынскае жыццё. Алесь пакідаў цвінтар Загорскім – не дзіцяці, а воем, з пачуццём адказнасці за сябе, за род, за Бацькаўшчыну.
Ахоўваць магілы да самай смерці!? Але навошта – запытаецеся – ахоўваць цвіль і косці? Шаленства? Трызненне? Не і не! Хрысціянскі чын і патрыятызм! Магілы продкаў – гэта памяць, а памяць – душа народа. Загіне памяць – загіне народ! Не за мёртвыя пярэшткі клянецца змагацца Загорскі, а за будучыню ўласнага народа, які не павінен счэзнуць, пакуль стаяць крыжы над магіламі продкаў і покуль яго рука трымае фамільную шаблю (і гэта таксама не пафас, а рэальная праграма жыцця шляхціца!).
І яшчэ адно... Загорскія – княжацкая кроў! Нобілі спраконвеку! Яны – асаблівая каста змагароў і патрыётаў. І Алесю важна гэта ведаць! Бо быць Загорскім – значыць несці пакутніцкі крыж. Загорскія не скараюцца перад тыранам і не даруюць крыўды – яны заўжды наперадзе, заўжды на перадавой. Таму рэдка хто з іх памёр на ложку, а не ў баі, не ў выгнанні. І ў гэтым выпадку клятва “быць Загорскім” на тле вялізнага белага крыжа сімвалічная. Бо крыж – не столькі знак смерці, колькі знак выбранасці, у евангельскім сэнсе – пакутніцкай хрыстовай місіі.
Крыж і клятва каля яго прадвырашаюць лёс героя, прастаюць яму толькі адзіны магчымы шлях! І ў гэтай сімволіцы крыжа, якую трапна выкарыстаў В.Анісенка, увесь У.Караткевіч. Апошні, дарэчы, місію збаўцаў Айчыны ўскладаў на шляхту, лепшыя рысы якой увасоблены ў Загорскіх.
Цяпер адносна шляхціцаў... У пастаноўцы іх тры пакаленні, тры адрозныя тыпы людзей, тры адрозныя разуменні нацыянальнай прыналежнасці. Старэйшае прадстаўляе пан Вежа (народны артыст Беларусі, купалавец Генадзь Гарбук). Ён у сармацкім кунтушы, са слуцкім літым пасам, вусаты, фанабэрысты, патрыятычны, непахісны і свабодалюбівы – як і належыць “сейміковаму шляхціцу” і касцюшкоўскаму канфедэрату. Хутчэй за ўсё, ён змагаўся ў легіёнах Дамброўскага, разам з Напалеонам хадзіў на Маскву, не абмінуў Варшаву 1831 года. Адным словам – падзяляў лёс народа! Але якога (вось пытанне)?
Пан Вежа – літвін, патрыёт Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай. Дзяржаў, якіх на мапе Еўропы няма! Яго “літвінскасць” гэтакая ж, як і ў А.Міцкевіча, І.Дамейкі. Літвіны, нагадаем, – нацыя палітычная, якая знікла разам з Княствам і складалася з беларусаў, летувісаў, часткова ўкраінцаў. Пана Вежу не цікавіць яго “народовосьць”. Якая розніца – беларус ён ці летувіс, ён – жыхар еўрапейскай краіны! Ён літвін! А гэта значыць – ахрышчаны і бласлаўлёны свабодай, і гатовы змагацца за яе да смерці! Бо той, хто нарадзіўся вольным, ніколі не пажадае жыць у ярме. Нездарма дома ў Вежы цэлы арсенал – на выпадак будучага паўстання ці закалота!

У.Караткевіч сабраў і ўвасобіў у вобразе пана Вежы ўсе тыя палітычныя і нацыянальныя ідэі (літвінскія, паводле нацыянальнай скіраванасці і рэчпаспалітаўскія, паводле палітычнай), якімі сілкавалася беларуская шляхта ў 1830 – 40-я гг. Невыпадкова пан Вежа ў рамане моцна нагадвае Суддзю з “Пана Тадэвуша”: адзін і той жа характар. Тое ж можна сказаць і пра сцэнічны вобраз. У выкананні Генадзя Гарбука Пан Вежа і пан Суддзя з апошняй экранізацыі “Пана Тадэвуша” (рэж. Анджэй Вайда) надзвычай падобныя. І гэта, як можна здагадацца, таксама мастацкая ўстаноўка В.Анісенкі.
Сярэдняе пакаленне шляхціцаў прадстаўлена панам Юрыем (Ігар Сігаў) – ён таксама вусаты, але ўжо не сармат, як пан Вежа, а “еўрапеец”, бо апрануты на ўзор апошняй ангельскай моды, як Чайль Гарольд, – у шлафрок, белыя штаны ды жоўтыя боты. Ён – лёгкадумны і высокародны. Усё, як і належыць правінцыйнаму арыстакрату з універсітэцкай адукацыяй! Кахае жонку, любіць сына, па-бацькоўску ставіцца да сялян. Так бы мовіць, Кароль Лятальскі (“Ідылія” В.Дуніна-Марцінкевіча) праз колькі год пасля шлюбу з Юльяй. Дарэчы, адносна Юліі…
Пералік прадстаўнікоў сярэдняга пакалення не будзе поўным без пані Антаніны (адзначым шыкоўнае выкананне актрысы Людміла Сідаркевіч), жонкі пана Юрыя. Канешне ж – як без яе! Шляхетная, вытанчаная, адукаваная. Добрая пані, пяшчотная маці, верная жонка... Зайздросная партыя! І тым не менш вобраз неадназначны. Праваслаўная, размаўляе на расійскай мове. Каб зразумець усю пікантнасць гэтай сітуацыі з праваслаўем, трэба ведаць гісторыю. Пан Юры – сын літвінскага магната, а значыць католіка (у Рэчы Паспалітай інакш быць не магло). У ХІХ ст. праваслаўе (“вера маскоўская”, як яе называў А.Міцкевіч / “Dziady”) атаясамлівалася з царскай акупацыйнай уладай. Пашлюбіць “маскальку” значыла здрадзіць Айчыне (менавіта так гэта ўспрымалася ў асяроддзі тагачаснай беларускай шляхты).
Дзякуючы жонцы, у доме пана Юрыя “рускім духом пахнет”, і гэтага не прымае стары пан Вежа, які не наведвае Загорскіх – пагарджае “маскалямі”. Пагарджае таварыствам графа Ісленьева, які скрушліва шкадуе аб “по-напрасну загубленных молодых душах” (ці не філаматаў з філарэтамі, або, магчыма, удзельнікаў Патрыятычнага таварыства?), пагарджае касмапалітамі Раўбічамі, вырадкам і прыгоннікам Кроерам і г.д.
Тое, што Пан Юры пашлюбіў менавіта тую дзяўчыну, якую кахаў, – рэч не толькі пазітыўная, але і характарызуючая пана Юрыя. І гэта важна! У выкананні Ігара Сігава пан Юры – моцны, велічны, магутны і... не зрэалізаваны. Ні ў палітыцы, ні ў грамадскім жыцці! Быццё гэтага дабрачыннага пана марнае, бо мінае ў пушчах ды на свецкіх вечарынах. Марная яго адукаванасць, патрыятычнасць, шляхетнасць... Слова “марнае” дамінантнае і ў дачыненні да ўсяго яго пакалення – страчанага для Айчыны (думка, якая сцверджана Ю.У.Нямцэвічам, В.Д.Марцінкевічам, У.Сыракомлем, В.Каратынскім).
Чаму страчанае?
Пакаленне 1810 – 1820-х гг. выраклася шляхецкіх традыцый, на якіх трымалася Рэч Паспалітая (перарвала 200-гадовую сармацкую традыцыю), з замежных універсітэтаў прывезла чужыя – мову, звычаі, законы. А самае галоўнае, прыватныя інтарэсы паставіла вышэй за грамадскія. Пакахаў дзяўчыну і няма бяды, што з варожага абозу. Звіў ўтульнае сямейнае гняздо ва ўласным маёнтку і няма спраў да таго, што вакол гвалт і несправядлівасць. Што сялян катуе Кроер, а Айчыну “топчаць чужаземцы”. І ў гэтым розніца паміж панамі Юрыем і Вежай. Для апошняга жыццё мае сэнс толькі тады, калі яно ў імя Айчыны.
І гэтага ж дзед дабіваецца ад унука – Алеся Загорскага. Пан Вежа імкнецца выхаваць патрыёта, які б агульнадзяржаўныя інтарэсы ставіў вышэй за прыватныя. Аднак патрыёта якой краіны?
Відавочна, што працягваць змаганне за “спарахнелыя гістарычныя трупы” – Рэч Паспалітую і Княства – няма сэнсу. І мудры пан Вежа гэта выдатна разумее, як разумее ён і тое, што абаронцам старажытнай зямлі патрэбны іншы штандар – не палітычны, а нацыянальны. Бо змагацца ў сярэдзіне ХІХ ст. трэба ўжо не за зямлю (як у перыяд сярэднявечча (!), а за народ, які на гэтай зямлі. А дзеля таго, каб у імя народа ахвяраваць жыццём, трэба яго не толькі ведаць (ідэя асветнікаў), але і любіць. З гэтай прычыны і аддае дзед свайго адзінага ўнука на “дзядзькаванне” да сялян: каб сэрцам быў прывязаны да іх, знітаваны з тутэйшымі людзьмі – хамамі і быдлам (нібыта!) – адной неразрыўнай пупавінай.
Абрад “дзядзькавання” – бадай што адзін з самых маляўнічых. У далечыні велічныя муры палацу, зеляніна парку, у цэнтры сцэны пан Юры – магутная, рашучая, уладарная пастава – праз два метры ад яго – з правага боку Алесь – кволы, нерашучы, яшчэ зусім дзіцяці – у руках вяроўка, другі канец якой у руках нязграбнага, мядзведзяпадобнага селяніна. Дзве кабеты (нібыта бабцы-павітухі) лямантуюць, сварацца, спяваюць. Гармідар, панове! Сімволіка гэтай сцэны відавочная – нараджаецца новы тып арыстакрата, спакрыўлёнага з народам. Або прасцей… нараджаецца беларус! Рэч неверагодная, нават касмічная!
Услед за гэтым абрадам не менш важная сцэна ў альтанцы. Пані Антаніна і пан Юры толькі што забралі сына з сялянскай хаты. Дзядзькаванне завершана! Накрыты стол, венгерскае віно, прысмакі, белы абрус. Алесь, як і належыць сялянскаму хлопцу, есць рукамі. У пані Антаніны жах у вачах, пан Юры пасмейваецца: маўляў – “казаў жа старому (гэта пра пана Вежу)!”
Аднак ад Когутаў (сялянская сям’я) малы Алесь узяў не толькі “хамскія” звычкі, але і пачуццё “народовосьці”, якога так не хапае высокароднаму пану Юрыю. Дзед, магчыма сам таго не жадаючы, абудзіў у душы малога вулкан. І тут вельмі важна зразумець караткевічава бачанне гісторыі: беларускасць Алеся выспявае менавіта з літвінскасці пана Вежы.

Дзед-літвін працягвае руку ўнуку-беларусу, пры гэтым абмінае сярэдняе касмапалітычнае пакаленне, якое рэпрэзентуе пан Юры (пакаленне асветнікаў). Менавіта літвінскасць (ідэя выключна палітычная!) дзеда-сармата нараджае ідэю нацыянальную(!) – беларускую. У шырокім сэнсе гэта значыць тое, што Беларусь пераняла эстафету ў Літвы (гістарычнай). Калі канкрэтна, то і Міцкевіч, і Чачот, і Нямцэвіч – літвіны і знакавыя постаці цяперашняй польскай культуры – спрычыніліся да першага этапа менавіта беларускага нацыянальнага адраджэння. Яны праз стагоддзе працягвалі рукі Купалу, Багдановічу, Танку, Куляшову і інш. Гэта яны – наша (не польскае, а менавіта наша) прадвесце!
Выснова, здавалася б, не такая ўжо і значная ў кантэксце пастаноўкі В.Анісенкі. Аднак, яшчэ якая значная ў кантэксце гісторыі нашай культуры! У 1960-я (і нават зараз) сказаць такое голасна немагчыма! Таму У.Караткевіч пакідаў месца для інтэртэксту, дазваляў чытачу самому рабіць высновы. І рэжысёр гэты інтэртэкст захоўвае, а некаторыя моманты (дзякуючы акторскаму майстэрству, прыёмам пастаноўкі) робіць яшчэ больш відавочнымі.
Праілюструем.
Вернемся да сярэдняга пакалення шляхты. Кроер (актор Генадзь Фамін). Злы прыгоннік, “кунтушовы д’ябал”, вырадак, прайдзісвет, тыран. Сцэна ў яго маёнтку. Зялёна-чорныя фарбы дэкарацый, муры, прысады, нібы пакрытыя плесенню і павуццем. На пярэднім плане маленькі, крываногі, малпападобны панічык. Збівае бізуном высокага, дужага селяніна. Парадокс! Пан раз’юшаны, у шаленстве... І зрабіць з ім нічога нельга, бо мае права – селянін яго ўласнасць (усё законна). Зразумела, Кроер – вар’ят, але не пра яго гутарка. Цікава тое, як рэагуюць на збіццё селяніна пан Юры і Алесь Загорскія. Пан Юры: “Нам застаецца толькі не ўдзельнічаць у шаленстве”; Алесь: “Зраз жа спыніце забойства!” Алесь актыўна рэагуе на несправядлівасць, а пан Юры – абураны, але ён у баку. І ў гэтым розніца паміж Загорскімі (і дзякуючы рэжысёру гэта розніца яшчэ больш кідаецца ў вочы). Гэта па-першае.
Па-другое. Кроер – прыгоннік. Звыклы вобраз для твораў сацыялістычнага рэалізму. Такое ўражанне, што і У.Караткевіч (дзякуючы прысутнасці гэтага вобраза) пісаў раман у адпаведнасці з яго патрабаваннямі. Навідавоку вобраз-схема, вобраз-клішэ. Аднак звернем увагу на тое, што Кроер не тыповы пан – ён менавіта вырадак, выключэнне, сацыяльная анамалія. На тле яго шаленстваў (прыём кантрасту) дабрачыннасць іншых паноў (тых жа Загорскіх) робіцца яшчэ больш відавочнай. Адмаўляючы чалавецкасць у адным шляхціцу У.Караткевіч насамрэч сцвярджае яе ва ўсіх астатніх.
З аднаго боку, гэта такі дыпламатычны хітры крок класіка (раман напісаны за савецкімі часамі (!), з другога боку – даніна літаратурнай традыцыі (у адпаведнасці з гэтым прынцыпам будуюцца творы папярэднікаў пісьменніка – А.Плуга, Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі). Такім чынам, навідавоку падтэкст у рамане, і яшчэ больш ён відавочны ў пастаноўцы В.Анісенкі. Кроер у спектаклі нават не чалавек – жывёла, д’ябал – чорны, нязграбны, расхрыстаны. У той час як шляхта – светлая, прыгожая, высакародная, вытанчаная.
Звяртае ўвагу публіцыстычны пафас спектакля. Два маналогі – адзін з вуснаў Кастуся Каліноўскага (актор Мікалай Стонька), другі – пасталеўшага Алеся Загорскага (шыкоўнае выкананне актора Дзяніса Паршына) – звернутыя ў залю, гучаць як прамовы на мітынгу. Прамовы ў абарону беларускасці (заўважым). Пры гэтым гледачу робіцца відавочным тое, што пагрозы мове, культуры аднолькавыя – што ў ХІХ, што ў ХХІ стст. І гэта ў спектаклі, атрымаўшым Грант Фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь!
Асобна варта адзначыць акадэмічную манументальнасць спектакля – шыкоўныя касцюмы, выдатная мова, глыбокае разуменне эпохі, нацыянальнай культуры, гісторыі. Гэта без усялякага перабольшвання сапраўдны сцэнічны эпас! Спектакль-эпапея. Рэжысёру ўдалося знайсці такія рашэнні, якія дазволілі не толькі адлюстраваць фабульныя лініі рамана У.Караткевіча, але і ў кароткім часе адбіць дыялектыку характараў персанажаў, іх духоўнае перараджэнне. Уражваюць дэкарацыі – літаграфіі Напалеона Орды, малюнкі Ю.І.Крашэўскага. Выявы палацаў, паркаў, касцёлаў, прастора змяняецца неверагодна – Літвінскія абшары, Неўскі праспект; Вільня, Вострая брама.
Адчуваецца, што пісьменнік і рэжысёр спакрыўлёныя звышнатуральнай духоўнай сувяззю, а таму аднолькава трактуюць літаратуру і гісторыю. А трактаваць ёсць што… Падзеі ў рамане У.Караткевіча датычацца самага неадназначнага беларускага паўстання – перыяду 1863 – 1864 гг. З яго падзей У.Караткевіч зрабіў нацыйнальны міф, сімвал беларускага змагання. Аднак ёсць і іншае мераванне пра паўстанне – “крывавы пуф”, “польская інтрыга”. Менавіта такая думка пануе зараз. У прыватнасці пра гэта сведчаць апошняя аповесць А.Наварыча “Літоўскі воўк”.
Тады, у 1960-я гг. сваім будучым апанентам У.Караткевіч адказваў даволі рэзка: “Вы мяне на няпраўду не штурхнеце… Дазвольце думаць мне. Я разбіраюся ў гэтым гістарычным перыядзе!” Як падмацаванне гэтых слоў і як праўда пра паўстанне, з’явіліся “Каласы пад сярпом тваім” В.Анісенкі. Сёння гэта бадай што адзіны яркі нацыянальны (не ў тым плане, што ўсе ў беларускіх строях і па-беларуску гавораць, а паводле духу) спектакль у Рэспубліцы.
Віталь Еўмянькоў, фота jernosek.livejournal.com
Гл. таксама:Міжнародны фестываль нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску“Анты-Вераб’іная ноч”, Або чарговае забойства Уладзіміра Караткевіча