Сёння юбілей у сябра ТБМ, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Ганны Уладзіміраўны Бандарэнкі.
Яна - з Палесся.
Хто ніколі не быў на Палессі, той не бачыў яго незвычайнай прыгажосці. Беларускае Палессе — дзіўны край, які распасцёрся на сотні кіламетраў уздоўж паўднёвай мяжы Беларусі. Сусветную вядомасць Палессю прынесла ягоная некранутая прырода: поймы рэк, унікальныя заліўныя лясы і дубровы, апошнія ў Еўропе нізінныя балоты, дзе знайшлі прытулак рэдкія і знікаючыя віды раслін і жывёл. Часткай палескай прыроды ад спрадвечных часоў сталі і самі палешукі, «людзі на балоце», якія ўвасобілі ў сваіх абрадах і песнях трапяткое шанаванне яе велічнай і непаўторнай прыгажосці. Сёння на тэрыторыі Беларусі нідзе, акрамя Палесся, нельга сустрэць такія архаічныя вёскі на невялічкіх астраўках сярод балот, дзе амаль усё засталося так, як сотню і больш гадоў таму: чаротавыя стрэхі хацін, калодзежныя жураўлі і замшэлыя крыжы-абярэгі, на якіх вісяць ручнікі з язычніцкімі арнаментамі. Па берагах рэк стаяць палескія гарады, кожны са сваёй таямніцай, старажытным летапісным радком, сівым замчышчам і храмам-святыняй.
Яна – адтуль. Яна – з мясцін, дзе калісьці было мора. З мясцін, якія славяцца сваімі кветкамі. З зямлі, якая адметная сваімі людзьмі – палешукамі. Дык хто ж яна – бліскучая жамчужына, дзіўная кветачка ці проста паляшучка? Думаецца, што яна – наша даражэнькая Ганна Уладзіміраўна – сапраўдная палеская зорка, бо яна спалучае у сабе і бляск жамчужыны, і прыгажосць і водар кветкі, і шчырасць, працалюбства і сумленнасць паляшучкі.
Хай у гэты і кожны наступны дзень імянінніца пачуваецца самай прыгожай, грацыёзнай і мілавіднай з жанчын. Хай яе вочы заўсёды свецяцца шчасцем, а ў яе сэрцы кожную хвіліну жыве каханне, яе хату ніколі не наведваюць гора і ліхалецце, а побач з ёю заўсёды будуць толькі самыя добрыя людзі. 23:16 26.12.2008 |