галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

У Новы год з Магілёва — на паўночных аленях
Наведвальнiкам Магiлёўскага заасаду зрабiлi навагоднi падарунак: катанне на паўночных аленях. Прычым 31 снежня гэта забава будзе бясплатная.

У санкi запрэжаны Гоша, невялiкi паўночны алень з добрымi вачыма i ўпрыгожанымi навагодняй гiрляндай рогамi.

— Гэта i ёсць наш эксклюзiў: упершыню ў Беларусi сапраўдны паўночны алень катае ў Новы год дзяцей i дарослых! — хвалiцца дырэктар агралесатэхнiчнага каледжа Георгiй Малiноўскi.

Паўночныя аленi з’явiлiся ў пасёлку Буйнiчы Магiлёўскага раёна яшчэ ўвесну. Іх прывезлi з Карэлii ў абмен на дзiкоў. Для таго, каб у паўночных жывёл нармальна прайшла адаптацыя ў нашым клiмаце, пабудавалi халодны падземны грот.

Праход каля вальераў драпежнiкаў — выпрабаванне для Гошы. Тыгр Арцём прымае пазiцыю для нападу, воўк Гель клацае зубамi, мядзведзь Федзька выходзiць з зiмовай спячкi, рысь Фiлька моцна хвалюецца. Прыродны рэфлекс — гены спрацоўваюць.

У Новы год з Магілёва — на паўночных аленях
Фота www.flickr.com/photos/good_day


На ўваходзе ў заасад публiку сустракаюць навагоднiя персанажы.

— Паўночны алень — добры транспартны сродак, спакойны i надзейны, — дзелiцца сваiмi ўражаннямi Дзед Мароз.

Снягурка ўсмiхаецца з санак, Баба Яга i Лясун разам з натоўпам дзяцей няспынна гладзяць ды лашчаць сiмпатычнага Гошу, а ён з удзячнасцю злiзвае шурпатым ружовым языком кавалкi хлеба з далоняў. Малыя ў захапленнi! З паўночным аленем iмкнецца канкурыраваць сiмвал Новага 2009-га года — бычок Борка. Бычок нумарны: яго даслалi з фермы каледжа для фатаграфавання ў навагоднiя святы. А вось паўночнаму аленю не страшныя маразы ды снег: яго бела-шэра-карычневая поўсць — надзейнае ўцяпленне. I Гоша зноў i зноў выпраўляецца ў падарожжа, каб стварыць людзям святочны настрой у Новы год!

"Звязда"

21:48 30.12.2008
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы