Пасля звароту дэлегатаў X з'езда "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" ў Савет міністраў Міністэрства адукацыі падрыхтавала папраўкі ў закон аб мовах. Пра гэта паведамляецца ў лісце намесніка міністра адукацыі Казіміра Фарыно старшыні ТБМ Алегу Трусаву.У лісце, у прыватнасці, гаворыцца, што прапанаваныя змянення для ўнясення ў артыкул 10 закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ад 26 студзеня 1990 года, маюць "выключнае значэнне для захавання мовы тытульнай нацыі", адыгрываюць "важную ролю ў жыцці сучаснага беларускага грамадства". "Выключэнне слова "(або)" з артыкула 10 прадугледжвае абавязковае выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моў (беларускай і рускай) пры падрыхтоўцы дакументаў, якія сведчаць аб статусе грамадзяніна Рэспублікі Беларусь", — зазначана ў лісце. К.Фарыно мяркуе, што гэтае змяненне "будзе садзейнічаць забеспячэнню стабільнасці ў сферы моўнай камунікацыі". Як паведамляецца ў лісце, праект нарматыўнага прававога акта "Аб унясенні змяненняў у закон Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", узгоднены з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам і Нацыянальнай акадэміяй навук, дапрацоўваецца ў адпаведнасці з заўвагамі, выказанымі Міністэрствам юстыцыі. "Ліст з Міністэрства адукацыі дае надзею, што ў найбліжэйшыя гады ў краіне ўсталюецца рэальнае двухмоўе хаця б на заканадаўчым узроўні", — заявіў БелаПАН А.Трусаў. Паводле яго слоў, грамадскасць не павінна заспакойвацца і павінна ўважліва адсочваць сітуацыю са змяненнем закона аб мовах. У адозве ва ўрад дэлегаты з'езда падкрэслілі, што ў краіне не выконваецца прынцып роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, гарантаваны Канстытуцыяй, моўныя правы беларускамоўных грамадзян па-ранейшаму абмежаваны ва ўсіх сферах жыцця, а цяперашняя рэдакцыя закона не ўтрымлівае ніякіх гарантый з боку дзяржавы па захаванні і развіцці мовы тытульнай нацыі, паведамляе БелаПАН. Радыё Рацыя 21:11 30.12.2008 |