Мінулы год быў вельмі цяжкім для грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ). Пра гэта заявіў старшыня аб'яднання Алег Трусаў.Так, паводле яго слоў, з красавіка плата за арэнду офіса ўзрасла ў 10 разоў і склала каля 1 тыс. еўра за месяц, аднак аб'яднанне выжыла і засведчыла сваю значнасць для грамадства. "Знайшліся сотні людзей, якія ахвяравалі свае кроўныя рублі з зарплат, стыпендый і пенсій на аплату арэнды офіса ТБМ", — падкрэсліў Трусаў.
2008 год, зазначыў ён, таксама азнаменаваўся змяненнем складу кіраўніцтва ТБМ на X з'ездзе арганізацыі. Да шэрагаў ТБМ далучыліся больш як 500 чалавек. Сярод іх — маладыя людзі, пенсіянеры, у тым ліку былыя супрацоўнікі сілавых структур і праваахоўных органаў, а таксама беларусы, якія вярнуліся на радзіму з Расіі і іншых краін.
У ліку дасягненняў 2008 года Трусаў зазначыў захаванне курса прафесійнай лексікі беларускай мовы ва ўсіх ВНУ; захаванне працы для тысяч выкладчыкаў, нягледзячы на скарачэнне навучальных праграм; стварэнне ў Польшчы беларускамоўнага тэлеканала "Белсат"; актыўную дзейнасць перыядычных друкаваных выданняў ТБМ "Наша слова" і "Новы час".
У мінулым годзе, паводле яго слоў, ТБМ дабілася вяртання чытачам адрыўнога календара "Родны край" — ён быў выпушчаны масавым накладам і рэалізаваны ў лічаныя дні. "Пашырылася сфера ўжывання беларускай мовы на транспарце. Я лічу знакавым беларускамоўнае віншаванне жыхароў і гасцей Мінска, якое гучыць ва ўсіх відах сталічнага транспарту ад імя гарадскіх уладаў. Упершыню стаў выступаць па-беларуску кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, што таксама сведчыць пра значныя змены стаўлення да роднай мовы", — лічыць Трусаў.
Ён таксама адзначыў вяртанне ў кіёскі "Белсаюздруку" і падпісныя каталогі беларускамоўнай газеты "Наша ніва", якая амаль у два разы павялічыла свой наклад, стала паўнаколернай і перайшла на агульнапрыняты правапіс, што робіць выданне больш даступным.
Важнай падзеяй 2008 года старшыня ТБМ назваў правядзенне першай агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, прыняцце (дзякуючы намаганням грамадскасці) змененай версіі закона аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, выданне вялікімі накладамі беларускамоўных школьных сшыткаў, дзённікаў і іншых відаў паліграфічнай прадукцыі з выкарыстаннем у яе афармленні нацыянальнай сімволікі, паведамляе БелаПАН.
Радыё Рацыя