Іншае кіно ёсьць, і ў значнай колькасьці – але задумвацца пра гэта неяк лянота, праўда? Але ня ўсім. У Магілёве на сёньняшні дзень дзейнічае кінаклюб “Рэзананс”. Ён прапануе кінадэлікатэсы, альтэрнатыўныя мас-культурнаму фаст-фуду, і прытым на некамэрцыйнай аснове. Выжывае гэты праект толькі дзякуючы сваёй кіраўніцы Ірыне Генадзьеўне Ідалевіч якая ладзіць сэансы, знаходзіць фільмы, апаратуру, памяшканьні і публіку. Яна і распавяла нам пра гераічнае мінулае і драматычную сучаснасьць кінаклюбу. Эпізод 1. “Ад сьвітаньня да кінапраката” (гістарычная драма) “Рэзананс” – што гэта такое?Ёсьць гарадзкі клюб “Рэзананс”, які праводзіць кінасэансы ў кінатэатры “Радзіма” і працуе ўжо 3-і сэзон, пачынаючы з 2005 года. Свае сэнсы кінаклюб ладзіць таксама ў магілёўскім пэдунівэрсытэце.
Як даўно пачаў працаваць “Рэзананс”?
З 12 студзеня 1984. Тады ён таксама быў гарадзкім кінаклюбам, і ягоныя сэансы праходзілі ў кінатэатры “Чырвоная зорка”. З 1988 па 1992 “Рэзанас” дзейнічаў як незалежная грамадзкая арганізацыя. Фільмы, якія ў ім паказвалі, ніколі ў нас да гэтага не дэманстраваліся, ляжалі на паліцах, і кінапракат проста ня мог зарабляць на іх грошы. Гэта былі працы вядомых рэжысёраў, што прымушаюць гледачоў думаць, рэдкія і некамэрцыйныя стужкі: клясыка савецкага даперабудовачнага кіно, эўрапейскае кіно, таксама крыху амэрыканскага.

Фота AurelioZenЦікаўнасьць публікі да кінаклюбу, як і да ўсяго новага, спачатку была вельмі вялікая, але хутка яна скончылася. Спачатку было шмат гледачоў, а потым заставаўся толькі касьцяк зацікаўленых. Падобнае, напрыклад, адбывалася і з амэрыканскім кіно, якое хлынула на касэтах на наш рынак, тады нікому не невядомае. Бо савецкая краіна доўгі час была закрытая, і гэтага камэрцыйнага кінематографа мы ня бачылі. Якраз зьяўляліся першыя відэамагнітафоны, і ўсе зь цікаўнасьцю гэта глядзелі. А цяпер гэты “Галівуд” ужо нікому не патрэбны, ён душыць і ўжо задушыў кіно нашай краіны ды многіх іншых.На жаль, тое ж самае адбылося і зь некамэрцыйным кіно. Напэўна, таму што жыцьцёвыя праблемы сталі ў людзей на першае мейсца. Зараз ім высокае мастацтва не патрэбнае.
Якое дачыненьне вы маеце да клюбу?На сёньняшні дзень “Рэзананс” – гэта я, у адной асобе. Раней, з 1986 году, нас было крыху болей. Я прыходзіла ў кінаклюб у “Чырвонай зорцы” як глядач, а потым разам зь іншай моладзьдзю стала займацца “Рэзанасам” ужо як удзельнік. Нас было трое: Зоя Брук, Марына Тарасава, якая зараз працуе ў абласным музэі, і я. І калі клюб у гэтым кінатэатры зачынілі зь невядомых мне прычынаў, мы вырашылі сваім сіламі ўсё гэта працягнуць. Нам дапамагала Фэдэрацыя кінаклюбаў у Маскве – за невялікую плату пастаўляла нам кіно. Аніякага заробку мы самі не атрымлівалі, усё рабілася на дабраахвотных пачатках. Сэансы ладзіліся 1-2 разы на месяц, як атрымлівалася.Фільмы былі вельмі цікавыя і незвычайныя – такіх зараз няма.
Куды “Рэзананс” перасяліўся потым?Ён паступова згасаў і пераехаў у “ДК Швейнікаў”, так званы “Дунькін клюб”. Некалькі камэрцыйных стужак паказалі ў кінатэатры “Кастрычнік”. Да нас прыяжджалі акторы, і ў Палацы піянэраў недзе раз на месяц мы ладзілі сустрэчы зь імі – творчыя вечары. Прапанаваў нам зладзіць такую “гасьцёўню” і сам прывозіў актораў Уладзімер Качан, выканаўца песень пад гітару і кампазытар, зараз ён актор тэатру і кіно. Артысты і рэжысёры, якія прыяжджалі да нас, бралі невялікі ганарар: усё рабілася на абсалютова некамэрцыйнай аснове і трымалася на энтузіязьме. Мы плацілі невялікую арэндную плату, і квіткі былі зусім таннымі. Зараз, калі ўсё грунтуецца на грошах, вельмі складана і дорага кагосьці запрашаць: немагчыма будзе нават акупіць прыезд. За 100 рублёў ніхто з актораў не прыедзе.
Хто са знакамітасьцяў наведваў “Рэзананс”?Акторы маскоўскага тэатру на Таганцы Сямён Фарада і Барыс Хмяльніцкі, актор тэатру і кіно Леў Дураў. Выступалі у нас таксама паэт-гумарыст Ігар Ірценьеў, рэжысёр і грамадзкі дзеяч Аляксей Сіманаў, мастак і рэжысёр-мультыплікатар Юры Нарштэйн. Абсалютова бескарысьліва прыяжджаў рэжысёр Уладзімер Матыль, такая велічыня (“Белое солнце пустыни”, “Женя, Женечка и “катюша” ды інш. – аўт.)! Ён быў бязь фільму, але ягоны расповед так захапіў аўдыторыю! З Матылём, дарэчы, зьвязаная сымбалічная гісторыя – пра тое, як у адным радку прафэсійныя рэжысёры могуць прачытаць ідэю, адчуць яе і ажыцьцявіць. Я везла яго на цягніку з Масквы да нас, у Магілёў. Паразмаўлялі, папілі гарбаты, ён дастаў газэты, і там убачыў невялічкую нататку: “Жанчына-сьледчы закахалася ў падсуднага, аддала яму сваю зброю, і ён зьбег з турмы”. Матыль прачытаў яе ўслых і сказаў: “Які цудоўны фільм атрымаўся бы з гэтага сюжэту”. А празь некалькі год на гэты сюжэт быў зьняты фільм “Турэмны раманс” з Марынай Няёлавай і Аляксандрам Абдулавым у галоўных ролях. Рэжысёр фільму Яўген Татарскі быў яўна незнаёмы з Матылём, проста такія ідэі, напэўна, лунаюць у паветры.
Які ў вас быў “рэпэртуар”? Напрыклад, магу згадаць незабыўны фільм “Паступовае сьлізгаценьне задавальненьня” – францускага рэжысёра Роб-Грые, фільм вугорскага рэжысёра Хусаріка “Сіндбад”, цікавую амэрыканскую камэдыю “Малады Франкенштэйн”, якая потым зьявілася на касэтах і дысках.
Што сталася з кінаклюбам далей? У 1992 ён наогул зачыніўся з-за матэрыяльных затратаў. Цяжкасьці былі зьвязаныя з перабудовай. Пачаліся грашовыя разборкі, а са зьяўленьнем новых дзяржаўных межаў стала вельмі цяжка ўвозіць фільмы і стасавацца. Таму зразумела, што ў нашым правінцыйным горадзе “Рэзананс” прагарэў. Масква і Піцер пратрымаліся, там і да гэтай пары існуюць кінаклюбы, таварыствы аматараў кіно і фэдэрацыі кінематаграфістаў. У Беларусі фэдэрацыя кінаклюбаў з-за перабудовачных праблемаў так і не ўтварылася.
На той момант у Магілёве была яшчэ “Авеста”… Так, гэта была студыя гуказапісу, відэапракату і запісу відэафільмаў. Яна сталася працягам “Рэзанансу” – менавіта ў пляне матываў дзейнасьці. Толькі “Рэзананс” займаўся публічным паказам фільмаў, а “Авеста” прадастаўляла іх для прыватнага прагляду.
“Рэзананс” і “Авеста” не былі зьвязанымі структурамі, проста ў імі займаліся людзі з падобнымі інтарэсамі. Я працавала ў “Авесьце” некаторы час. Там быў пракат добрых клясычных фільмаў і новага, авангарднага кіно. А таксама музыкі – любых накірункаў, хаця частка яе і зьяўлялася камэрцыйнай. Гэта было адзінае мейсца ў горадзе, дзе можна было знайсьці ўсяго пакрышку. Да нас прыходзілі самыя розныя людзі: старэйшага і сярэдняга ўзросту, моладзь, і нават школьнікі 4-5 клясаў – і кожны для сябе нешта знаходзіў. Наведвалася таксама і нефармальная публіка, якая заўжды цікавілася альтэрнатыўнай музыкай і кіно. Сьпярша “Авеста” месьцілася ў Габраўскай сьцяне, потым перасунулася ў падвал дома, дзе раней была кавярня “Пінгвін”, а зараз “Ідылія”. “Авесты” няма ўжо 4-5 год, а “Рэзананс” здолеў адрадзіцца. Зараз ўсе кропкі пракату і продажу кінафільмаў камэрцыйныя. Кіно для душы і розуму можна знайсьці толькі ў некалькіх месцах у колькасьці 2-3 штукі. Так што ніякага працягу “Авесты” ў горадзе няма і ня будзе, бо нікому гэта не патрэбна.
Эпізод 2. “Рэзананс” і яго рэнэсанс (сучасны баявік)
Як атрамалася аднавіць “Рэзананс”?Калі прагарэў “Рэзэнанс”, я зразумела: нешта трэба рабіць. І вырашыла распачаць кінапаказы ў школах, для чаго стала зьбіраць расейскую клясыку. Хадзіла па школах, прапаноўвала фільмы паводле літаратурных твораў. На жаль, толькі адзін Магілеўскі абласны ліцэй пагадзіўся са мной супрацоўнічаць. Кінаклюб дзейнічае там і зараз, але таксама пакрысе ідзе на спад. За некалькі год я абыйшла ўсе школы ў цэнтры, прапаноўвала кінасэансы. Але ніхто больш гэтым не зацікавіўся, усе адмаўліся без тлумачэньня прычынаў. У каледжах і ВНУ таксама нічога не атрымалася, толькі ў пэдунівэрсытэце імя Куляшова ўдалося наладзіць працу “Рэзанансу”. Але і там кінаклюб чэзьне: усё менш гледачоў. На кінапаказы, якія я раблю яшчэ і ў студэнцкім інтэрнаце, таксама зьбіраецца няшмат публікі. Дзейнасьць кінаклюбу мяне не задавальняе, за выключэньнем паказаў у “Радзіме”. Але нічога падобнага ў горадзе няма. А можна было б зрабіць у якой-небудзь маленькай кіназалі паказы зусім ужо альтэрнатыўнага кіно. Трэш, артхаўс – гэта нармальна, але гэта для вузкай аўдыторыі. І калі гэта паказваць у кінатэатры “Радзіма” – гледачы не зразумеюць.
Як вы падбіраеце рэпэртуар для паказу ў “Рэзанансе”?У мяне ёсьць свая калекцыя фільмаў, якую я зьбіраю год 10 – гэта я і паказваю. Абавязкова клясыка савецкага і замежнага кіно, прызавыя і проста лепшыя фільмы ўсіх апошніх фэстываляў. У асноўным гэта некамэрцыйныя карціны зь цікавым рэжысёрскім падыходам, якія выхоўваюць гледача і прымушаюць задумацца. Такіх працаў у камэрцыйным кінэматографе мала, на гэтым мастацтве не заробіш. Напрыканцы апошняга сэзону я праводзіла анкетаваньне сярод наведвальнікаў “Рэзанансу”: што яшчэ яны б хацелі паглядзець. Фільмы ўсіх рэжысёраў, прозьвішчы якія назвалі, ёсьць у праграме кінаклюбу гэтага году.
У апошняй газэце “Известия” прапануюць увесьці ў сярэдніх школах факультатыў па савецкім кіно, а сьпіс абавязковай літаратуры дапоўніць сьпісам ня менш абавязковай фільмаграфіі. У Расеі інтарэс да кіно ўжо ў такім разьвіцьці! Яны задумаліся пра гэта, а мы пакуль не.
Ці ёсьць у вас любімыя фільмы, рэжысёры, накірункі?Цяпер ужо няма: такая агромністая колькасьць фільмаў прагледжана і шмат яшчэ наперадзе. Але магу сказаць дакладна: калі ў мастака зьяўляецца свой почырк у кінематографе, гэта заўжды мне цікава. У гэтым годзе ў “Рэзанансе” быў фільм “Удалённый доступ” маладой рэжысёркі Сьвятланы Праскурынай. Сюжэт мог падацца для кагосьці цяжкім і незразумелым, але відэшэраг непадобны ні на што, ён мяне вельмі ўразіў. Сёньня ў кінаклюбе мы паглядзелі фільм “Простые вещи” – простае кіно таксама мяне цікавіць. Бо яго зьняць гэтак жа цяжка, як і супэравангард. Пры стварэньні фільма трэба, так кажучы, мець свае нажніцы, умець адрэзаць усё непатрэбнае і зрабіць цэльную рэч.
Чаму такая назва клюбу? Вы разьлічваеце ўзьняць рэзананс?Так, фільмы, якія я паказваю, павінны выклікаць нейкі рэзананс у душы чалавека, у ягонай галаве. Немагчыма, паглядзеўшы іх, прыйсьці дадому і маўчаць – чалавек мусіць падзяліцца ўражаньнямі са сваімі сябрамі
Ці ўдалося вам стварыць нейкае пастаяннае кола кінааматараў?Я пакуль ня ведаю. Але сярод публікі “Рэзанансу” ёсьць людзі, якія пабачылі іншае мастацтва, адрознае ад таго, што навязваецца мас-мэдыямі. Няхай яны прыходзяць на сэансы рэдка, аднак пры гэтым маюць патрэбу ў кіно і магчымасьць недзе яго паглядзець. Важна даць гледачам шанец. А выкарыстаюць яны яго ці не – гэта асабістая справа кожнага.
Эпізод 3. Іронія лёсу, або беларускае кіно (лірычны трылер) Вы толькі дэманструеце фільмы, а самі нічога не здымалі?Не, я толькі дапамагала двум выпускніцам магілёўскага пэдунівэру зьняць іхныя першыя кінапрацы. Адна зь іх, Юля Бачкарова з факультэту журналістыкі, зрабіла візуальна-філязофскі фільм пра чалавечую памяць – “Вижу, что люблю”. У ім пажылая жанчына і дзяўчынка гартаюць альбом, і ў іх узьнікаюць карцінкі горада, які яны помняць ды любяць. Надзя Белянская зьняла мастацкі фільм пра ўнівэрсытэцкі кінаклюб, раскрыўшы ў ім тэму, як людзі глядзяць фільмы. Другая ейная кінапраца “Контрасты” распавядае пра Магілёў і пабудаваная на кантрастах. Я лічу гэтыя фільмы вельмі ўдалымі для студэнцкіх непрафэсійных працаў. Я заўжды рада, калі да мяне хто-небудзь зьвяртаецца па дапамогу. І калі ёсьць жаданьне зьняць фільм, са мной можна зьвязвацца – мы можам разам падумаць і нешта зрабіць.
Ці здымае яшчэ хто-небудзь у горадзе сваё кіно?Я гэтага ня ведаю. На жаль, у Магілёве не праводзіцца конкурсаў, публічных мерапрыемстваў, якія б зьбіралі вакол сябе аматараў кіно. Цікава было б зладзіць гарадзкі кінафэстываль: думаю, у моладзі хапае ідэяў, дай ім у рукі камэру – і яны нешта б ды зьнялі. Потым гэта можна абмеркаваць з прафэсійнага і маральнага пункту гледжаньня. Але на ўсё патрэбныя арганізатары.
Чаму ў “Рэзанансе” ня бачна сучаснага беларускага кіно?А яго няма. Калі нешта здымаецца – то гэта камэрцыйныя фільмы, якія лёгка можна паглядзець і па тэлевізары, і ў кінатэатры. Мо, у Беларусі і ёсьць альтэрнатыўны кінематограф, але мы пра яго ня ведаем, яго ніяк не прапагандуюць. Я б паказвала такое кіно, калі б у мяне была магчымасьць.
Ня так даўно вы дэманстравалі фільм “Эскиз на мониторе” сучанага беларускага рэжысёра Руслана Зголіча.Мне прывез гэтую працу чалавек зь Менску, за што яму дзякуй, і я паказала яе ў “Рэзанансе”. Гэта цікавая карціна,сапраўдная выпадковасьць, адзіны такі фільм зь вядомага мне сучаснага беларускага кінематографа. Я ацэньваю гэты твор вельмі станоўча, таму што ён па-за часам. А такія карціны – адносныя доўгажыхары. Кінематографу каля сотні год, і калі фільм пражыве 20 – гэта вельмі добра. “Эскиз на мониторе” зьняты ў 2001 годзе, і за гэты час фільм ня страціў сваёй актуальнасьці. Ён распавядае пра чалавечыя характары і адносіны, што застаюцца вечнымі: каханьне і не-каханьне, здрада і ня-здрада. Карціна зьнятая мовай, не характэрнай для камэрцыйнага кіно.
Як вы мяркуеце, айчынны кінематограф не на высокім узроўні? Так, і напэўна, гэтак склалася гістарычна. У Беларусі не было сваёй кінастудыі, “Беларусьфільм” працаваў у Ленінградзе. А што можна было зрабіць, калі гэта не тваё? Так, працавалі і здымалі фільмы, якія сталі вядомымі і ўвайшлі ў клясыку беларускага кіно. Але потым пачалася вайна, і ў Менску не пасьпелі нават стварыць сваю кінастудыю. Толькі пасьля вайны наш кінематограф стаў разьвівацца, здымалі фільмы пра вайну, бо гэта было актуальна. А альтэрнатыўнага кіно не было наогул. Тое, што здымаецца зараз на ваенную тэматыку, мне нават глядзець ня хочацца. Лепшыя фільмы пра вайну ўжо зьнятыя. Хаця вось на беларускай кінастудыі маладая рэжысёрка Марыя Можар зьняла фільм “Враги”, аднак пра яго вельмі кепска напісалі крытыкі: як кіно гэта, маўляў, добра, але непраўдападобна. А я лічу, што пра вайну мусіць быць вельмі шмат розных фільмаў і розных пунктаў гледжаньня на тое, што перажыла краіна і народ. Тады можна будзе скласьці нейкае агульнае ўяўленьне.
Эпізод 4. Баль тэлевампіраў (тэхна-жудасьцік) Што такое для вас якаснае кіно: цікавы сюжэт, добрае выкананьне ці ідэі, закладзеныя ў творы?
Я ўсё-ткі прыхільніца ідэі ў фільме. Мабыць, таму мы і губляем частку гледачоў. Моладзь зараз любіць авангардны відэашэраг і не заўжды думае пра сутнасьць ды сюжэт. Кіно можа сёньня здавацца актуальным, а праз два гады забываецца. А сапраўднае мастацтва жыве вельмі доўга, выпрабоўваецца часам.
Чалавек ня можа пражыць на Зямлі, наогул не дакранаючыся да мастацтва: літаратуры, музыкі, кінэматографа. Ціхенечка існаваць у сваёй кватэры разам зь сям’ёй, не палюбіўшы анічога з гэтых відаў мастацтва – немагчыма. Тэлевізар можна выключыць і не ўключаць яго, у кожнага ёсьць на гэта права. Тэлевізар я мэтанакіравана не гляджу, ён мне ўжо зусім не цікавы. Тэлесэрыялы – гэта жах, ніводны мяне нават не зацікавіў, акрамя “В круге первом” паводле Салажаніцына.
Праз тэлебачаньне ў нас упіхваюць дэструктыўныя для розуму ідэі, якія паралізуюць нашае крытычнае мысьленьне – вы з гэтым згодны?Канешне, гэта бачна ў рэкляме, дурных сэрыялах і ў навінах – дакладней, у тым, што выдаюць за навіны, але насамрэч гэта камэнтар да іх. Усё дрэннае, што адбываецца ў сьвеце – усё там, у тэлевізары, і яно адкладаецца ў галаве . Гэта робіцца наўмысна, раней такога напору нэгатыву не было. Тэлебачаньне пераўтварылася ў сьметнік.
Кінематограф не вінаваты ў тым, што нарадзілася тэлебачаньне?Не, кінематограф ні ў чым не вінаваты. Прычынай тут зьбольшага паслужыла разьвіцьцё тэхнікі, цывілізацыі. Вынік гэтых “дасягеньняў” ніякіх пазытыўных эмоцыяў не выклікае. А яны маглі б служыць дабру, выхаваньню чалавека і ягонаму інтэлектуальнаму разьвіцьцю. Можна было б рабіць аналітычныя перадачы, якія наогул зьніклі зараз з экранаў тэлевізараў. Калі раней у Магілеве па канале “Культура”, які трансьляваўся зь Пецербургу, можна было нешта паглядзець, то зараз перадачаў, зьвязаных з чыстым мастацтвам, у нас наогул няма. Людзі, які кіруюць тэлебачаньнем, робяць так, бо ў іх няма адказнасьці за будучыню і сучаснасьць.
Калі ў вас зьявілася жаданьне далучыцца да працы “Рэзанансу” або зьняць свой фільм – можна зьвяртаца непасрэдна да Іры Генадзьеўны. Тэл. (80222) 25 66 34 Расклад працы “Рэзанансу”
Кінатэатар “Радзіма”: 2 разы на месяц па чацьвяргах у 18.00.
МДУ імя А. Куляшова (1 корпус, вул. Касманаўтаў 1, аўд. 408): па серадах у 12.00 для 2-й зьмены і ў 15.00 для 1-й.
Магілёўскі абласны ліцэй: графік зьмяняецца.
Паводле kinaklub.org