галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Заява Рады ГА ТБМ “Аб вяртанні дзяржаўнай беларускай мовы на экраны БТ”
У апошнія гады беларуская мова выцеснена з усіх тэлеканалаў Беларускай дзяржтэлекампаніі. Атрымліваецца, што ў незалежнай дзяржаве – Рэспубліцы Беларусь – няма дзяржаўнага ўласнабеларускага тэлебачання, мова карэннага насельніцтва ў тэлеэфіры практычна адсутнічае. Такую сітуацыю нельга разглядаць іначай як дыскрымінацыю беларусаў па мове, што з’яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Між тым, у суседняй з намі Расіі – ў ліпені 2008 г. прынята ўрадавая пастанова аб ахове і пашырэнні рускай мовы. Цікавай з’яўляецца моўная практыка ў Казахстане, дзе руская мова мае статус афіцыйнай. Тэлебачанне ў Казахстане прадугледжвае вяшчанне на дзяржаўнай казахскай мове не менш за палову эфірнага часу на кожным канале.

Рада ТБМ лічыць, што ў перадачах дзяржаўнага тэлебачання Беларусі беларуская мова павінна гучаць не менш за палову эфірнага часу і неабходна неадкладна распрацаваць Закон пра абарону і пашырэнне беларускай мовы, і каб прыняць яго да пачатку дзеяння новых арфаграфічных правілаў. Гэта паспрыяе ўмацаванню незалежнасці Рэспублікі Беларусь і надасць дынамікі яе духоўнаму і культурнаму адраджэнню.

Прынята на пасяджэнні Рады ТБМ 18 студзеня 2009 г.

15:56 18.01.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы