Днямi адбылася сустрэча старшынi Таварыства беларускай мовы iмя Францыска Скарыны Алега Трусава i старшынi Белтэлерадыёкампанii Аляксандра Зiмоўскага. Пасля яе СМI гучна затрубiлi — айчыннае тэлебачанне значна больш "беларусiзуецца". Значыць, прыхiльнiкi роднай мовы нарэшце дамаглiся свайго! У старшынi БТРК на гэты конт крыху iншае меркаванне — так, сустрэча адбылася па iнiцыятыве ТБМ, i па 5 з 7 прапанаваных пунктаў па пашырэннi ўжытку беларускай мовы было дасягнутае пагадненне: "Мы прынялi тыя пункты, якiя не супярэчаць палiтыцы нашых тэлеканалаў. Але нiякiх ультыматумаў нiхто не ставiў, сустрэча праходзiла як нармальнае рабочае абмеркаванне. I нават калi б ТБМ звярнулася да нас раней, вынiк быў бы такi ж — бо павелiчэнне колькасцi беларускамоўных праектаў было ў нашых планах".
Добра, кiраўнiкi сустрэлiся i пагутарылi, а чаго ў вынiку чакаць гледачам? Па пунктах:
— заснавання невялiкай (10—15 хвiлiн) перадачы "Гаворым па-беларуску";
— стварэння цыкла беларускамоўных перадач, першая з якiх будзе прысвечана 600-годдзю перамогi беларусаў у складзе войска Вялiкага Княства Лiтоўскага ў Грунвальдскай бiтве;
— з’яўлення перадачы (пры садзейнiчаннi Iнстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы НАН Беларусi), прысвечанай 10-й гадавiне Мiжнароднага дня роднай мовы, заснаванага паводле рашэння ЮНЕСКА;
— правядзення раз на месяц на тэлебачаннi тэматычных "круглых сталоў" па пытаннях беларускай мовы, лiтаратуры i культуры;
— нарэшце, вяртання на айчынныя тэлеканалы замежных фiльмаў, дубляваных на беларускую мову.
— Аляксандр Леанiдавiч, цi хутка чакаць рэалiзацыi гэтых планаў? — звярнулiся мы непасрэдна да старшынi Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Аляксандра ЗIМОЎСКАГА.

— Вы ж разумееце, тэлевытворчасць мае свае правiлы — таму, напрыклад, праца над цыклам перадач пра Грунвальдскую бiтву патрабуе пэўнага часу. Што датычыцца "Хвiлiнкi беларускай мовы", як умоўна назваў гэту iдэю спадар Трусаў, то ў нас ёсць такiя праграмы на радыё, ёсць вопыт iх стварэння, таму гэтая справа пойдзе хутчэй. Хачу зазначыць, што першым крокам будзе запрашэнне спадара Трусава на адно з нашых рэйтынгавых ток-шоу, дзе абмяркоўваюцца спрэчныя пытаннi, якiя хвалююць усё наша грамадства. Вырашылi, што найлепшай пляцоўкай для гэтага абмеркавання будзе ток-шоу "Ход у адказ", якое вядзе на Першым канале Аляксандр Мартыненка — гэта ўжо ў найблiжэйшых планах.
— Цi можна назваць канкрэтных асобаў, якiя будуць адказваць за той цi iншы праект?— Думаю, займацца iх рэалiзацыяй будзе дырэкцыя, якая раней называлася "лiтдрама" — мы зараз выявiм, хто з супрацоўнiкаў больш здатны да гэтай работы, каб гэта адчувалася цiкавым па змесце, выкананнi i абавязкова высакаякасным, каб выконвалiся нормы сучаснага правапiсу i г.д.
— Што датычыцца дубляжу замежных фiльмаў на беларускую мову — раней на канале "ЛАД" была такая практыка, пераагучвалiся фiльмы вытворчасцi дзяржаўнага французскага канала, але паступова ўсё спынiлася. Цяпер дубляж будзе адноўлены па гэтай жа схеме цi нейкiм iншым чынам?— Дубляж будзе здзяйсняцца крыху iнакш. Тыя фiльмы, якiя прапаноўваюцца Белтэлерадыёкампанii для набыцця i паказу, я лiчу, павiнны быць дубляваныя на беларускую мову, але займацца гэтым павiнны тыя, хто iх прапаноўвае — дыстрыб’ютары, кiнавiдэапракат. Да таго ж трэба ўлiчваць патрабаваннi пракатчыкаў. Да прыкладу, па ўмовах пракату фiльма "Страсцi Хрыстовы" гук павiнен быў заставацца арыгiнальны, мы мелi права толькi зрабiць субтытры. А вось, скажам, фiльм "Каты" Анджэя Вайды — лiчу, ён варты i павiнен быць сапраўды дубляваны на беларускую. Хоць пачаць цяпер варта ўсё ж субтытраў, бо якасны дубляж вымагае часу, вялiкай колькасцi акцёраў...
— Грошай.— Грошы, як кажуць, знойдзем. Але найперш, мяркую, патрэбныя добрыя акцёры i лiтаратуразнаўцы.
— Цi праводзiлi вы даследаваннi, якая беларускамоўная праграма на сёння — самая рэйтынгавая? Па водгуках гледачоў складваецца ўражанне, што галоўныя сiмпатыi маюць "Калыханка" i "Тэлебарометр"...— Не, мы не вялi падобных даследаванняў — проста таму, што не падзяляем тэлевiзiйныя прадукты па моўным прынцыпе. Напрыклад, калi ў выпусках навiнаў цi ў "Панараме" ёсць сюжэт на беларускай мове — ён прыцягвае вялiкую ўвагу ўжо таму, што самi гэтыя праграмы i час iх выхаду ў эфiр — найбольш рэйтынгавыя. Або наш праект "Зямля беларуская", цалкам беларускамоўны — адзiн з самых запатрабаваных i высокарэйтынгавых, бо ён цiкавы i блiзкi гледачам. Так што галоўны падыход у нас — тэлевiзiйны прадукт павiнен быць якасным, незалежна ад таго, на якой мове ён зроблены.
...Дададзiм: у якасцi прыемнага бонусу частка фiрменных сувенiраў Белтэлерадыёкампанii будзе аформленая па-беларуску. Што да яшчэ дзвюх прапаноў Таварыства беларускай мовы — у перспектыве зрабiць Першы канал тэлебачання цалкам беларускамоўным, а беларускамоўную рэкламу даваць па меншым кошце, чым рускамоўную — iх разгляд пакуль што адкладзены.
"Звязда"