галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

“Трышчан ды Іжота” – каханне тэрмінам на 10 гадоў
У кожнага тэатра ёсць свае “культавыя” спектаклі, якія на працягу доўгіх гадоў застаюцца цікавымі для шырокага кола гледачоў. Прыемна адзначыць, што ёсць такія пастаноўкі і ў Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра.

Адна з іх – “Трышчан ды Іжота”. Гэты спектакль пра няшчаснае каханне быў у рэпертуары многіх тэатраў, але ж толькі ў магілёўскім ён збірае вось ужо на працягу 9 гадоў – прэм’ера адбылася 11 траўня 2000 года – амаль поўныя залы. Чым жа так “зачапіла” гэта пастаноўка магілёўскую публіку?

Па-першае, незвычайная рэжысура. Алег Жугжда зрабіў цікавы эксперымент: трагічнае каханне паказаў нам праз прызму камічнасці. Акцёры сапраўды балансавалі на “лязе нажа”: адна пара – Уладзімір Пятровіч і Наталля Калакустава – павінна была іграць у класічным велічным стылі 18 стагоддзя, а іншая – Галіна Лабанок і Вячаслаў Сікора – прытрымліваліся сучаснага стылю, дазваляючы сабе жарты і пэўную вольнасць на сцэне. Такі сімбіёз трагічнай і камічнай пары, вядома, не змяніў сэнсу самой п’есы, але ж ігра акцёраў успрымалася ўжо зусім па-іншаму.

Па-другое, пастаноўка гучала на беларускай мове. Я асабіста лічу, што гэта таксама стварала пэўны каларыт эпохі і казачную атмасферу таго часу.

Пасля спектакля адбылася вечарына з акцёрамі, на якую мог застацца любы жадаючы. Пытанні, узгаданыя ў той вечар, датычыліся не толькі пастаноўкі “Трышчан ды Іжота”, яны – і гэта было асабліва прыемным – закраналі агульначалавечыя каштоўнасці. Акцёры яшчэ раз звярнулі ўвагу на даволі-такі нізкі культурны ўзровень сучаснага гледача, распавялі пра свае далейшыя планы. Не засталіся па-за ўвагай і праблемы рэпертуару тэатра: гледачы цікавіліся і новымі п’есамі, і маладымі драматургамі, а сам Уладзімір Пятровіч распавёў пра мастацкую вартасць сучасных драматыч- ных твораў, у якіх, на вялікі жаль, матывы дэкадэнцтву гучаць часцей, чым сцвярджэнне агульначалавечых каштоўнасцей…

Вольга Гаўрыленка

19:49 6.02.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы